Андрэй Садоўскі: “Санаторый “Радон” – жамчужына і гонар нашага раёна”

Важнае Улада

На Дзятлаўшчыне працягваюцца сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства.

На гэтым тыдні з жыхарамі аграгарадка Таркачы сустрэўся старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. З працаўнікамі КСУП “Хвінявічы” правёў сустрэчу першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання  Міхаіл Бабіна.

Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі і яго намеснік Ігар Кухарэвіч 9 ліпеня сустрэліся з прадстаўнікамі працоўнага калектыву санаторыя “Радон”, які налічвае на сёння больш за 400 чалавек. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел генеральны дырэктар ААТ “Белаграздраўніца” Васіль Сянько і галоўны доктар санаторыя “Радон” Леанід Карпішэвіч.

Аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ішла размова на сустрэчы. Таксама былі закрануты такія надзённыя пытанні, як забеспячэнне маладых спецыялістаў жыллём, добраўпарадкаванне горада, перспектывы развіцця сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны.

Флагманам сістэмы “Белаграздраўніца” па праву з’яўляецца санаторый “Радон”, які размяшчаецца ў аддаленым ад гарадской мітусні, экалагічна чыстым кутку, акружаны лесам, на маляўнічым беразе зліцця дзвюх рэк Моўчадзь і Паніква.

Сёння гэта адна з найбуйнейшых здраўніц Рэспублікі Беларусь, разлічаная на 432 месцы для дарослых і 176 месцаў для дзяцей у дзіцячым аддзяленні “Баравічок”. На працягу года тут могуць аднавіць сваё здароўе больш за 10 тысяч чалавек.

Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў галоўнага доктара санаторыя “Радон” Леаніда Карпішэвіча, што тут зроблена дзеля таго, каб лячэнне і аздараўленне прываблівала адпачывальнікаў, наведвальнікам хацелася сюды прыехаць зноў?

– Санаторнае лячэнне  комплекснае: прыродныя фактары выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з фізіятэрапеўтычнымі працэдурамі, лячэбным і дыетычным харчаваннем, іншымі лячэбнымі сродкамі і метадамі.

Аснову лячэбнай базы санаторыя складае водагразелячэбніца магутнасцю больш за 400 наведванняў у змену.

Радонавыя мінеральныя воды знайшлі шырокае прымяненне ў санаторыі. Універсальнасць і ўнікальнасць санаторыя абумоўлена тым, што разам з мінеральнымі прыроднымі радонавых водамі шырока выкарыстоўваюцца мясцовыя  лячэбныя гразі возера Дзікае, якое знаходзіцца непадалёку ад санаторыя.

Гразелячэнне ў санаторыі прадстаўлена ў выглядзе гразевых ваннаў, абгортвання, аплікацый, электрагразяў.

Выкарыстоўваюцца разнастайныя лячэбныя ванны (каля 20 відаў), папулярнасцю карыстаюцца розныя віды душаў.

Сучаснае абсталяванне фізіятэрапеўтычных кабінетаў дазваляе праводзіць больш за 40 відаў электрасвятлолячэння.

За перыяд з 2013 года адбылося актыўнае развіццё касметалагічных і СПА-кірункаў дзейнасці філіяла санаторый “Радон”.

У практыку працы доктара-касметолага і медыцынскіх сёстраў, якія аказваюць касметалагічныя паслугі, укаранёны інавацыйныя метады апаратных працэдур і прагрэсіўныя методыкі эстэтычнай медыцыны.

За апошнія пяць гадоў значна ўдасканалены аздараўленчыя праграмы па догляду за целам.

Асаблівае месца ў аказанні якасных санаторна-курортных паслуг адпачывальнікам адводзіцца харчаванню.

Таксама, паляпшаючы якасць санаторна-курортных паслуг, вялікае значэнне надаём і арганізацыі вольнага часу адпачывальнікаў.  Каб адпачынак быў камфортным па максімуме, “Радон” прапануе шырокі спектр забаўляльных паслугаў: гэта більярдная зала, абсталяваная прафесійнымі сталамі, кінаканцэртная зала ў сучасным гукавым і светлавым выкананні, летняя танцавальная пляцоўка “Радон-арэна”. Працуюць экскурсійнае бюро, бібліятэка, пракат спартыўнага інвентара (веласіпедаў, палак для скандынаўскай хадзьбы, лыжаў).

За апошнія гады ў галоўным корпусе санаторыя завершаны рамонт жылых нумароў, выканана цеплавая рэабілітацыя і фасаднае рэгуляванне ацяплення. Устаноўлена абсталяванне для доступу ў інтэрнэт праз сетку WI-FI і новая сучасная станцыя кабельнага тэлебачання. У галоўным і другім карпусах транслюецца не менш за 50 тэлевізійных каналаў. Для гасцей санаторыя адкрыты кафэ-бар “Авіцэна”, СПА-комплекс з саўнай, солевай і турэцкай лазнямі. Завершана рэканструкцыя лячэбнага аддзялення з абноўленымі спартыўнай і трэнажорнай заламі, новым СПА-цэнтрам і лячэбнымі кабінетамі.

У 2019 годзе пачата будаўніцтва корпуса № 4, станцыі абезжалезвання для паляпшэння якасці вады ў водаправодзе санаторыя і сістэмы кандыцыянавання жылых нумароў для больш камфортных умоваў пражывання.

За 25 гадоў у санаторыі “Радон” атрымалі аздараўленне і лячэнне больш за 270 тысяч чалавек. За апошнія пяць гадоў у санаторыі прайшлі аздараўленне 58 212 чалавек.

Медыцынскі персанал складаецца з 91 чалавека, з іх дактароў – 19, сярэдняга медыцынсккага персаналу – 72 чалавекі.

Прыярытэтным прынцыпам працы ўсяго калектыву з’яўляецца  індывідуальны падыход да кожнага асобнага чалавека. Уся наша праца скіравана, перш за ўсё, на задавальненне запытаў, на ўлік і выкананне пажаданняў адпачывальнікаў. Мы клапоцімся аб тым, каб кожны пацыент застаўся задаволены праведзенай намі працай і атрыманым вынікам, які з’яўляецца нашым агульным поспехам.

Санаторый “Радон” безумоўны лідар сярод санаторыяў для дарослых па спектры прадастаўляемых паслугаў, па іх якасці. Ён лепшы не толькі дзякуючы станоўчым водгукам адпачывальнікаў, але і пераможца ў конкурсе “Лепшая санаторна-курортная арганізацыя Рэспублікі Беларусь для дарослых” па выніках працы за 2010, 2012 гады, бронзавы прызёр конкурсу “Брэнд года” ў 2011 годзе, пераможца конкурсу “Выбар года-2015”, а таксама ў 2016 – 2018 гадах. Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні за высокія паказчыкі ў працы па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні санаторый “Радон” прызнаны лепшым у 2016 годзе, ён сярэбраны прызёр конкурсу “Брэнд года-2018”.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup