Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Упэўненым крокам па шляху незалежнасці

Важнае Улада

16 ліпеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Падчас сустрэч была акцэнтавана ўвага на наступных тэмах: Рэспубліка Беларусь – упэўненым крокам па шляху незалежнасці  і беларускія брэнды на сусветнай арэне; сацыяльна-эканамічнае развіццё Гродзенскай вобласці і Дзятлаўшчыны за 2015 – 2020 гады ў лічбах і фактах; бяспека на вадзе ў летні перыяд; шкода тытунекурэння і наступствы ўжывання тытуню.

У нашым раёне інфармаваннем насельніцтва па гэтых актуальных тэмах займаліся некалькі груп. Яны правялі сустрэчы з працаўнікамі прадпрыемстваў, установаў, арганізацый, а таксама з насельніцтвам па месцы жыхарства. У склад кожнай інфармацыйнай групы ўваходзілі спецыялісты розных сфераў дзейнасці, каб на месцах можна было абмеркаваць і вырашыць надзённыя праблемы, даць слушныя парады.

Так, падчас Адзінага дня інфармавання абласная група на чале з Валерыем Клімовічам, начальнікам галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гродзенскага аблвыканкама, сустрэлася з калектывам Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння. Надалей інфармацыйная група правяла сустрэчу з жыхарамі  Парэцкага  сельсавета.

Раённая інфармацыйная група на чале са старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама Андрэем Садоўскім наведала гарпасёлак Казлоўшчына і правяла сустрэчу з калектывам прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў.

Асноўным на парадку дня інфармавання насельніцтва стаяла пытанне пра дасягненні краіны і Гродзеншчыны ў тым ліку за апошнія пяць гадоў.

Так, у вобласці на працягу 2016 – 2019 гадоў забяспечана станоўчая дынаміка па большасці паказчыкаў, прадугледжаных Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на 2016-2020 гады.

За дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенская вобласць па выніках 2018 года была прызнана пераможцай спаборніцтва і занесена на рэспубліканскую Дошку гонару.

Адным з найважнейшых прыярытэтаў развіцця эканомікі вобласці з’яўляецца экспарт. Экспарт тавараў і экспарт паслуг за 2016 – 2019 гады павялічаны ў 1,8 раза.

Прыярытэтнай крыніцай стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, мадэрнізацыі і нарошчвання вытворчага патэнцыялу, развіцця сферы паслугаў з’яўляюцца прамыя замежныя інвестыцыі. Прыцягнута звыш 275 мільёнаў долараў ЗША прамых замежных інвестыцый.

З мэтай забеспячэння стабільна высокага ўзроўню занятасці насельніцтва і эканамічнага росту праводзіцца работа па стварэнні спрыяльных умоваў для развіцця бізнэсу. У вобласці з 2015 па 2019 год зарэгістраваны 2588 новых прадпрыемстваў і 19 239 індывідуальных прадпрымальнікаў.

Будаўнічы комплекс Гродзенскай вобласці здольны вырашаць задачы любой складанасці – ад распрацоўкі праекта да здачы аб’екта ў эксплуатацыю пад “ключ”. Штогод у рэгіёне ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя жылыя дамы, школы, сады, бальніцы, сацыяльныя ўстановы, дарогі і масты. Цяпер у рэгіёне дзейнічаюць звыш 800 будаўнічых арганізацый. У 2015-2019 гадах у вобласці ўведзены ў эксплуатацыю 2341,5 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля. За пяць гадоў пабудавана жыллё для 3626 шматдзетных сем’яў.

Падчас дня інфармавання насельніцтва была засяроджана ўвага на такой надзённай праблеме, як бяспека на вадзе ў летні час.

Паводле аператыўных даных за шэсць месяцаў 2020 года на вадаёмах Гродзенскай вобласці патанулі 22 чалавекі, у тым ліку тры непаўналетнія. Асноўнымі прычынамі гібелі людзей сталі: невыкананне правілаў бяспекі на водных аб’ектах; купанне ў забароненых і неабсталяваных месцах; знаходжанне ў вадаёмах у стане алкагольнага ап’янення; няўменне плаваць; знаходжанне дзяцей ля вадаёмаў без кантролю дарослых.

Выступоўца па гэтай тэме – старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Уладзімір Баравік паведаміў, што ў нашым раёне сёлета вада забрала жыцці дваіх чалавек, таму вельмі важна быць самім абачлівымі і берагчы дзяцей.

Не менш надзённай з’яўляецца і праблема курэння. Пра яе актуальнасць расказалі галоўны доктар раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Шайбак і валеолаг Наталля Юрэня.

Курэнне – адзін з вядучых фактараў рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў: павялічваецца рызыка сардэчнага прыступу, а часам і спынення сэрца да дзесяці разоў. Рызыка смерці ад інфаркту міякарда і інсульту ў тых, хто курыць, у 2-4 разы вышэй, чым у тых, хто не мае гэтай шкоднай звычкі. З мэтай абароны цяперашняга і будучых пакаленняў ад разбуральных наступстваў спажывання тытунёвых вырабаў для здароўя, зніжэння сацыяльных, экалагічных і эканамічных наступстваў спажывання тытуню і ўздзеяння тытунёвага дыму ў рэспубліцы праводзіцца актыўная работа па прафілактыцы тытунекурэння.

Ірына СКРУНДЗЬ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup