Пачатак ліпеня для калектыву ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” выдаўся багатым на цікавыя мерапрыемствы, нездарма за дэвіз мы ўзялі заклік: “За здаровы лад жыцця”.
У першую суботу месяца ладзілі спаборніцтвы па рыбнай лоўлі “Летні кубак. Рыбалка-2020”. У спаборніцтвах, акрамя работнікаў нашага прадпрыемства, прынялі ўдзел калегі з філіяла “Слонімскі віна-гарэлачны завод” і вытворчага ўчастка “Парэцкі спіртзавод”. Штогод стараемся праводзіць падобны конкурс, тым больш што ўмовы для гэтага ёсць.
У чатыры гадзіны раніцы рыбакі-канкурсанты і “група падтрымкі” сабраліся на завадской сажалцы. Прыкладна праз гадзіну на кожную вуду ўжо трапіў някепскі ўлоў, таму настрой у канкурсантаў быў бадзёры. Аднак вызначыліся і шчасліўчыкі, якім удалося выбіцца ў лідары. Спачатку ўзнагародзілі пераможцаў, а затым і ўсе ўдзельнікі атрымалі заахвочвальныя прызы.
А ўжо праз тыдзень работнікі ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” запланавалі аўтавелапрабег. Гэта мерапрыемства дае ўдзельнікам зарад бадзёрасці амаль на год. Сёлета жадаючых набралася амаль 30 чалавек. І, як ніколі, большая іх частка (22 чалавекі) вырашылі ехаць веласіпедамі, астатнія – на машынах. Маршрут спланавалі загадзя. Фініш з адпачынкам намецілі на сядзібе “Амельнікі”, што ў Слонімскім раёне. А па дарозе наведалі помнікі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам і мірным жыхарам. Усклалі кветкі, вянкі, успомнілі пра тое, што адбывалася 75 гадоў таму. Мы шануем памяць аб вайне, і гэта важна для нашага калектыву.
На сядзібе таксама не сумавалі: ладзілі розныя спаборніцтвы, гулялі ў валейбол, наведалі лазню. Увечары нас чакала дарога дамоў, а гэта зноў 17 кіламетраў на веласіпедах. Тым не менш, вандроўка спадабалася ўсім. Напэўна, яна не апошняя гэтым летам.
Таіса САВІЧ,
старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup