Шчара – рака партызанская

Важнае Спорт і турызм

У адным са сваіх эсэ, напісаных на берагах Шчары, Янка Брыль, зазначаў: “Зноў вось п’ю цішыню…”

Менавіта на гэтай рацэ-партызанцы летам 2020 года я і прапаную правесці два-тры дні аматарам адпачынку на ўлонні прыроды і тым, хто цікавіцца гісторыяй. Можна падарожнічаць пешшу ці на веласіпедзе, але найлепш праплыць на байдарцы. Яна манеўраная, хуткая, у ёй можна размясціць шмат паклажы для забеспячэння адносна камфортных умоваў  у час падарожжа.

Шчара – гэта найбольшы левы прыток ракі Нёман. Згодна з энцыклапедыяй, яе даўжыня 325 кіламетраў. Пачатак бярэ з Калдычэўскага возера ў Баранавіцкім раёне побач з Завоссем, радзімай сусветна вядомага паэта Адама Міцкевіча. Невялікім, ледзьве прыкметным ручайком праз лугі і балоты накіроўваецца яна на поўдзень, на Палессе, дзе набіраецца моцы і паступова, нібы перадумаўшы, робячы вялікую дугу, мяняе накірунак свайго бегу на поўнач, спяшаючыся ў абдымкі да бацькі Нёмана. Менавіта тут – ад старажытнага вялікага мястэчка Быцень – рака калісьці была суднаходнай, лес па ёй сплаўлялі і з іншых месцаў вышэй па цячэнні. Але ад Быценя да Нёмана і далей па ім плыты цягнулі невялікія рачныя буксіры.

Яшчэ ў 18 стагоддзі магнат Агінскі задумаў і здзейсніў мару злучыць Шчару праз Ясельду, Прыпяць і Дняпро з Чорным морам, каб мець магчымасць дастаўляць свае тавары водным шляхам не толькі ў парты Балтыкі. Праўда, са з’яўленнем чыгуначнага транспарту і ў выніку войнаў, асабліва Вялікай Айчыннай, гэта транспартная артэрыя перастала дзейнічаць.

Аднак ідэя не прапала. У канцы 50-х гадоў 20 стагоддзя ёю захапілася кіраўніцтва СССР. Правялі інжынерна-гідралагічныя даследаванні, амаль на 100 % зрабілі праектную дакументацыю новага воднага шляху, па якім свабодна маглі б рухацца судны тыпу рака-мора. Але запавольванне эканомікі, адстаўка Мікіты Хрушчова прывялі да таго, што амаль гатовы праект часова паклалі пад сукно, а затым увогуле забыліся пра яго. І для нас некранутай засталася прыгажосць прыбярэжных лясоў з карабельнымі хвоямі, векавымі дубравамі, абшары заліўных лугоў з разнастайным шматквеццем, прыбярэжныя вёскі з багатай гісторыяй і самабытным укладам жыцця.

У сярэдзіне 16 стагоддзя ў ВКЛ была праведзена зямельная рэформа, якая мела назву “валочныя памеры”. За кожнай сялянскай гаспадаркай замацоўвалася валока (20 дзесяцін) або частка яе, за што, адпаведна з велічынёй надзелу, плацілася даніна дзяржаве ці магнату. Калі такія надзелы выдзяляліся ў глухіх, недаступных месцах, на пясчаных ці балоцістых глебах, у лясах, далёка ад дарог, то, каб прывабіць ахвотнікаў, іх вызвалялі ад выплаты павіннасцяў на тэрмін ад 5 да 10 гадоў. Пасяленні, што вызваляліся ад платы падаткаў тэрмінам на 5 гадоў, называліся малой воляй. А на тэрмін да 10 гадоў – вялікай воляй. Зрэдку да слова воля дадавалі прозвішча першых пасяленцаў, напрыклад, Воля Крупіца. У такія лясныя паселішчы пазней, спакушаныя глушшу і льготамі, збягалі і хаваліся многія свабодалюбівыя людзі. Менавіта таму з пакалення ў пакаленне на генным узроўні ў жыхароў лясных вёсак захоўвалася і загартоўвалася прага да свабоды, да волі, якую яны заўсёды адчайна баранілі нават і коштам свайго жыцця.

Яшчэ ў самым пачатку 18 стагоддзя пушчанцы наносілі сур’ёзныя страты захопнікам швецкага караля Карла Вялікага. У 1833 годзе ў лясах каля Слоніма падняў на паўстанне сялян Міхал Валовіч. Пазней у Ліпічанскай пушчы ствараліся атрады паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. На берагах Шчары прайшоў загартоўку і яго паплечнік, у далейшым генерал Парыжскай Камуны – Валерый Урублеўскі. У нашых лясах у 1922 годзе набіраўся вопыту вядзення партызанскай барацьбы К. П. Арлоўскі, а ў канцы 1930-х гадоў вядомы герой Заходняй Беларусі, кіраўнік Слонімскага падпольнага РК, які часта бываў у вёсцы Воля Крупіца – С. В. Прытыцкі.

Асабліва праявілі сябе жыхары лясных вёсак у час Вялікай Айчыннай вайны. Яны не толькі змагаліся з ворагам у складзе шматлікіх партызанскіх атрадаў, але кармілі і апраналі байцоў, дапамагалі абсталёўваць партызанскія аэрадромы, шпіталі, хлебапякарні, лазні. Акупанты ў лясы баяліся і носа патыкнуць. Толькі тры разы за ўсю вайну, сабраўшы вялікія сілы, тэхніку, гарматы, мінамёты, яны рабілі спробы ўсталяваць свой парадак. Ад гэтых рэйдаў найбольш даставалася мірным жыхарам. Тут, на берагах Шчары, у час такіх карных экспедыцый былі спалены разам з жыхарамі дзясяткі вёсак. У межах Дзятлаўскага раёна гэта Гарадкі, Трахімавічы, Вялікая Воля і іншыя. Амаль нічога не пакінуў агонь ад дамоў жыхароў і гаспадарчых будынкаў Ліпічанскай пушчы. Сёння аб тых страшных падзеях нам нагадваюць крыжы, помнікі і абеліскі.

На жаль, не паспелі цалкам аднавіцца ад страт і згубаў апошняй вайны многія паселішчы, і, пачынаючы з 70-х гадоў 20 стагоддзя, большасць вёсак Беларусі, у першую чаргу лясныя і аддаленыя ад вялікіх гарадоў, – непрыкметна знікалі.

Дзяржава зрабіла ўсё, каб запаволіць гэты працэс, уклала вялікія сродкі на дробныя дарогі, падвяла электрычнасць і сучасныя камунікацыі, але сёння жыхароў у вёсках на берагах Шчары можна пералічыць на пальцах. Тыя, хто дажывае свой век, яшчэ могуць успомніць і распавесці пачутае ад сваіх бацькоў і сваякоў пра падзеі ваеннага ліхалецця.

А вось пра суднаходства ў пасляваенны час, пра тое, як жыхары вёсак “задобрывалі” праекціроўшчыкаў вялікага воднага шляху каўбасамі, кумпякамі і самагонкай, каб пару соцень метраў абышлі бокам сенакос ці вясковую пашу, якой у людзей было не менш, чым у калгасах, альбо пра знакамітых творчых людзей, якія аблюбавалі ў той час для свайго адпачынку не ўзбярэжжа Чорнага мора, а сціплы калгасны дом адпачынку “Рэчанька” непадалёку ад Трахімавічаў. З гэтымі людзьмі вяскоўцам даводзілася сустракацца ці на рыбалцы, ці ў лесе, збіраючы грыбы і ягады, і размаўляць пра трафеі, пра вясковыя абрады і святы.

Вяскоўцы могуць многае расказаць, праўда, разгаварыць старажылаў, якія зведалі ў сваім жыцці ваенную разруху, вельмі цяжка. Не заўсёды ім зразумела, чаму гэта нас нехта прымусіў мокнуць пад дажджом, спаць у намётах, дарэмна “лапаціць” вёсламі ваду, але калі яны павераць у шчырасць нашых памкненняў, то лепшых суразмоўцаў нам не знайсці. Узгадваю, як некалькі гадоў таму я з сябрамі сплаўляўся па Шчары ад Міцькавічаў з-пад Слоніма, а ў Гарадках спрабавалі знайсці студню з лепшай вадой (паўсюль у прыбярэжжы вада ў студнях каламутная). Першая сустрэла нас бабуля сталага веку. Перад тым, як даць параду, паспяшала ў хату і вынесла апошнюю пачатую буханку хлеба і кавалак пражоўклага салёнага сала. Зведаўшы ўсе жахі вайны: голад, сон у лесе пад дрэвам, страх смерці – яна з такой павагай паставілася да людзей, якія добраахвотна вырашылі пабыць адзін на адзін з прыродай. Пачастунак мусілі прыняць, адрэзаўшы па невялікім кавалку хлеба і сала, а, зрабіўшы запас пітной вады, прынеслі кабеце бляшанку паштэту, пачак пячэння, палову батона і пакінулі на прысядзібнай лаўцы. Вось такія, заўсёды шчырыя, з вачамі, якія выпраменьваюць дабрыню і праўдзівасць, людзі дажываюць свой век у вёсках над Шчарай. Дзясяткі хатаў пустуюць, але ўсё часцей нашчадкі былых жыхароў прыстасоўваюць іх пад летнікі. Летам вязуць сюды дзяцей, бавяць свой час, адпачываюць ад гарадскога тлуму, даглядаюць магілы дзядоў і прадзедаў, спасцігаюць гісторыю свайго роду, вучацца атрымліваць асалоду ад шчэбету птушак, клёкату буслоў ці проста ад цішыні.

Аматары водных падарожжаў ці проста жадаючыя да іх далучыцца могуць звяртацца ў Дзятлаўскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб, дзе за невялікую плату можна браць напракат байдаркі. Даведкі па тэлефонах: 8-01563-6-21-95; +375-44-5927175 (спытаць Вольгу Васіленка).

Валерый ПЕТРЫКЕВІЧ,
краязнаўца, турыст-воднік

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup