Напярэдадні прафесійнага свята ‒ Дня медыка на пляцоўцы каля Дзятлаўскай ЦРБ прайшоў святочны канцэрт.
Дзень медыка ‒ гэта свята ўсіх тых, хто прысвяціў жыццё клопату пра жыццё і здароўе іншых людзей. Гэта магчымасць павіншаваць і падзякаваць тым, без каго немагчыма шчаслівае і мірнае жыццё, хто заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, пазбавіць ад болю, падтрымаць добрым словам.
Са словамі падзякі да калег звярнуўся галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Алег Анцух:
‒ Варта заўважыць, што сёння толькі некаторыя з нас могуць і бачыць, і чуць святочны канцэрт, бо шмат хто з медыкаў цяпер знаходзіцца на сваіх працоўных месцах у “бруднай” зоне. Тым не менш, я спадзяюся, што яны нас добра чуюць, бо словы падтрымкі і падзякі ў гэты няпросты час важныя для любога з медыкаў ‒ і асабліва для тых, хто знаходзіцца на перадавой, працуючы на карысць грамадства і ратуючы жыцці іншых людзей.
Алег Іванавіч распавёў, што, акрамя музычнага падарунка напярэдадні Дня медыкаў работнікаў ЦРБ чакае і матэрыяльная ўзнагарода, а менавіта фінансавая падтрымка, і граматы раённага Савета дэпутатаў, і раённага выканаўчага камітэта. Яны будуць уручаны некалькі пазней.
Напрыканцы Алег Анцух пажадаў медыкам моцнага здароўя, цярпення і ўдачы. Ён выказаў надзею аб хуткім заканчэнні пандэміі і, як следства, магчымасці пагутарыць з калегамі ў больш утульнай абстаноўцы.
Святкаванне прадоўжылася музычнай паштоўкай у выкананні народнага ансамбля песні і музыкі “Ятранка”.
Марыя ПАПОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup