Устанавіць у горадзе манументальны помнік заснавальніку мястэчка Канстанціну Іванавічу Астрожскаму да наступнага юбілею – 525-годдзя Дзятлава, які будзем адзначаць у 2023 годзе – такі калектыўны зварот ад жыхароў раёна паступіў у Дзятлаўскі райвыканкам у чэрвені 2018 года.
Раённая ўлада на ініцыятыву адгукнулася, і 5 ліпеня 2018 года прайшлі грамадскія слуханні з удзелам прадстаўнікоў райвыканкама і мясцовых актывістаў. У час сустрэчы былі абазначаны пытанні для далейшага вырашэння задачы.
Чаму дзятлаўчане жадаюць увекавечыць менавіта асобу Канстанціна Астрожскага? На гэта пытанне дала адказ дырэктар Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева:
– У 1498 годзе вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр сваім указам падараваў гетману найвышэйшаму Канстанціну Іванавічу Астрожскаму двор Зецела (сучаснае Дзятлава) з правам заснаваць мястэчка. Не пабаюся сказаць, што Астрожскі заклаў падмурак нашага горада, бо ён вёў руплівую работу па развіцці гэтага паселішча. Так, Дзятлава набыло статус населеннага пункта гарадскога тыпу – мястэчка, тут былі пабудаваны палац, царква, абсталяваны перавоз на Нёмане. Не менш Канстанцін Астрожскі вядомы як актыўны грамадскі дзеяч, мудры палкаводзец, абаронца веры. Ганарова берагчы і шанаваць гістарычную памяць пра такога вялікага земляка.
Частка этапаў на шляху да ўзвядзення помніка заснавальніку нашага горада ўжо пройдзена. Для ўзгаднення было накіравана хадайніцтва ў Міністэрства культуры – там далі станоўчы адказ. Затым пакет дакументаў быў высланы ў Гродзенскі аблвыканкам, ужо адтуль трапіў на ўзгадненне да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пасля атрымання згоды кіраўніка дзяржавы, Дзятлаўскі райвыканкам аб’явіў конкурс эскізных праектаў, на ім было прадстаўлена 12 работ. Камісія па разглядзе конкурсных матэрыялаў вылучыла тры лепшыя з іх і рэкамендавала аўтарам унесці пэўныя папраўкі. Першае месца было прысуджана творчай групе скульптара Паўла Лука і архітэктара Алы Мацкевіч. На сёння яны згодны па рашэнні камісіі ўнесці невялікія карэктывы і рэалізаваць свой праект у 2023 годзе.
26 мая 2020 года Скульптурны камбінат горада Мінска прадставіў планавую калькуляцыю кошту вырабу ў бронзе помніка Канстанціну Астрожскаму па праекце-пераможцы. Сума без ацэнкі добраўпарадкавання тэрыторыі і кошту п’едэстала, на якім будзе ўсталяваны помнік, склала 124 тысячы беларускіх рублёў.
У Дзятлаўскім РУП ЖКГ адкрыты разліковы рахунак для фінансавання ўстаноўкі манументальнага помніка заснавальніку нашага горада. Яго рэквізіты:
УНП 500056293
BY37AKBB31320000000030000000
в ОАО «АСБ БЕЛАРУСБАНК»,
BIK AKBBBY2X
Для дзятлаўчан прыспеў час самай атыўнай падтрымкі праекта, ініцыятарамі якога яны з’яўляюцца. Уносіць сродкі на рахунак могуць працоўныя калектывы, арганізацыі, прыватныя прадпрымальнікі і проста жыхары раёна.
Варта падкрэсліць, што пройдзены значны адрэзак шляху і спыняцца на паўдарогі нельга, тым больш, што справа па ўшанаванні асобы Канстанціна Астрожскага – высакародная, а помнік гэтаму вялікаму чалавеку ў цэнтры нашага горада будзе садзейнічаць папулярызацыі гісторыі Дзятлаўшчыны.
Ірына ЛЕАНІДАВА