Лідзія Міхайлаўна Абрамчык: “Не шкадую, што было цяжка, бо было і весела”

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У межах праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага цэнтра культуры павіншаваў жыхарку Гірычаў Лідзію Міхайлаўну Абрамчык.

– Песня не дае сумаваць і старэць, – раскрыла гасцям свой сакрэт даўгалецця юбілярка.

Лідзія Абрамчык нарадзілася ў вёсцы Руда Яварская нашага раёна ў 1930 годзе. Дзяцінства яе было напоўнена працаю: дапамагала бацькам сеяць, жаць, пасвіць кароваў, выконвала іншую гаспадарчую работу. Закончыла пять класаў у мясцовай школе.

І тут прыйшла вайна. Лідзія Абрамчык, як і ўсе дзеці даваеннага часу, праводзіла свайго бацьку на фронт. Тата не вярнуўся. У 1943-м загінуў, і адзіным мужчынам у сям’і застаўся брат Міхаіл.
Пасля вайны востра не хапала сродкаў на жыццё. Каб зарабіць якую капейчыну, дзяўчына сама паехала паднімаць цаліну. Але без выпрабаванняў, відаць, не было б і шчасця. Там яна сустрэла свайго абранніка і стварыла сям’ю. Нарадзілася трое дзетак – сыны Саша, Лёня і дачка Надзя. На жаль, дачушка не перажыла цяжкую хваробу.
Мінуў час, і сям’я вярнулася на радзіму. Пераехалі ў Гірычы, у старэнькую сялянскую хату. Тут сваімі сіламі адбудавалі новы дом. Жылі як усе, мірна, спраўна, шчыра працавалі і ад душы адпачывалі.
Жанчына распавяла, што працавала ў сельскай гаспадарцы, мясцовым калгасе “Чырвоны Кастрычнік”, у працы і ў вольны час ніколі не расставалася з песняй. Доўгі час была даяркай на ферме ў Гірычах. А як ферму перавялі ў суседнія Лудзічы, туды ўжо не стала хадзіць. Жанчына ўзялася за працу палявода. Машын тады столькі не было, усё рабілі рукамі: палолі буракі, рвалі лён, капалі бульбу. А калі ў Гірычах пабудавалі новую ферму, яна вярнулася да свайго звыклага занятку. Праца ніколі не была лёгкай. Але жанчына ведала, што ёй трэба гадаваць дзяцей, а як выраслі – таксама дапамагаць ім матэрыяльна.

– Я хварэла, часам моцна балелі ногі ад стомы і хваробы, – расказала юбілярка. – Але як пачую песню, пра любы боль забывалася.

Лідзія Абрамчык спявала ў час службы ў царкве ў Накрышках. Самадзейная артыстка выступала на сцэнах нашага раёна і за яго межамі. Заўжды вельмі любіла народныя песні, а найбольш – прыпеўкі. Жанчына і цяпер можа іх прыгадаць больш за сотню. Добрую спявачку запрашалі да ўдзелу ў канцэртах у Дзятлаве, Лідзе, Наваельні. А ўжо як конкурс прыпевак – тут роўных нашай Лідзіі Міхайлаўне не было. З гонарам яна ўзгадвае пра неаднаразовыя перамогі і каштоўныя падарункі за конкурсы.

Лідзія Міхайлаўна з радасцю падтрымала музычную “паштоўку” і адказала сваёй вясёлай песняй. І дадала:

– Як успомню мінулае, плакаць хочацца, бо пражыла, як выпала. Але не шкадую, што было цяжка, бо было і весела.
У свае 90 гадоў Лідзія Міхайлаўна жыве ва ўласным доме, трымае невялікую хатнюю гаспадарку і абавязкова спявае. Сыны жанчыны выраслі годнымі людзьмі, кожны пайшоў па сваёй сцяжыне. Яны часта наведваюць матулю ў яе доме ў Гірычах, даглядаюць. Але пераязджаць жыць да дзяцей жанчына адмаўляецца.

– Не хачу нікуды ехаць, люблю сваю вёсачку і дажываць буду тут, – кажа яна.

Наталля АВЯРЧУК