Ігнат Дварчанін і мястэчка Дзятлава

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Вечнае застаецца на вякі. Так і нам, дзятлаўчанам, засталася духоўная спадчыназемляка, 125-годдзе якога мы сёлета адзначаем, – Ігната Сымонавіча Дварчаніна.

Пра Ігната Сымонавіча шмат пісалася, шмат ёсць інфармацыі ў інтэртэце. Ды і дзятлаўчане не забываюцца пра знакамітага земляка, праходзячы паўз помнік на плошчы. Таму сёння хачу нагадаць пра тры гады з жыцця Ігната Дварчаніна (з 1909 па 1912), праведзеныя непасрэдна ў нашым горадзе. У кнізе Я.А. Місарэвіча і М.Д. Каралёва “І.С.Дварчанін. Гісторыка-біяграфічны нарыс” падаецца біяграфія навукоўца, напісаная ім у турме. У ёй чытаем:“У 1909 годзе бацька аддаў мяне ў другакласную настаўніцкую школу. У школе я прабыў з 1909 па 1912 год, вытрымаў спецыяльны экзамен на званне настаўніка ў м. Жыровіцах. Школа – трохгадовая клерыкальная, ведаў давала вельмі мала. Дастаткова нагадаць, што адсутнічалі такія прадметы, як алгебра, усеагульная гісторыя, мовы. Астатнія прадметы – у памеры 4-х класаў. Аднак гэта школа абудзіла ў маёй душы далейшае памкненне да навукі, якое я самастойна развіваў да паступлення ва ўніверсітэт”.

Па словах самога Ігната Дварчаніна, тры гады, праведзеныя ў Дзятлаўскай школе, пакінулі значны след у яго жыцці. Аднак матэрыялаў пра вучобу Дварчаніна ў Дзятлаве нідзе нельга знайсці, і ў вышэйназванай кнізе таксама. Што гэта была за школа? Хто там вучыўся? Хто былі яго выкладчыкі? Па якіх падручніках яны вучыліся? Якім было мястэчка Дзятлава таго часу? На гэтыя пытанні паспрабаваў адказаць Вячаслаў Швед з Гродна, удзельнік навуковай канферэнцыі, якая праходзіла ў 1998 годзе і была прысвечана 500-годдзю Дзятлава. Ён сцвярджае, што Дварчанін вучыўся ў царкоўна-настаўніцкай школе, у якой курс навучання працягваўся тры гады. Гэта якраз адпавядае 1909-1912 гадам, указаным ім у аўтабіяграфіі.

У такую школу прымалі людзей праваслаўнага веравызнання без уліку маёмаснага стану, хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 15 да 17 гадоў пасля ўрачэбнага агляду, які пацвярджаў, што яны не маюць фізічных і псіхічных хвароб, якія могуць быць перашкодай для выканання абавязкаў настаўніка.Ігнат Дварчанін адпавядаў усім патрабаванням і пасля праведзенага іспыту быў залічаны ў школу. У Нацыянальным гістарычным архіве г.Гродна ёсць план Дзятлаўскага народнага вучылішча за 1915 год (справаздача падае такую назву). Будынак быў пабудаваны ў 1892 годзе на сродкі сялян, казна выдала толькі частку ляснога матэрыялу. Малюнак плана дае ўяўленне пра тое, як яна выглядала.  Кіраўніцтва школай ускладалася на святара, які атрымаў вышэйшую багаслоўную адукацыю  і не меў прыходу. Настаўнікі павінны былі мець вышэйшую і сярэднюю адукацыю і выбіраліся Сінодам, калі былі царкоўнымі асобамі, або вучылішчнай радай, калі свецкімі асобамі. Захавалі ў архіве таксама і “Памятныя кніжкі Гродзенскай губерні” за 1909-1913 гады, па якіх можна вызначыць, хто былі настаўнікі Ігната. Загадчыкам школы ў 1909-1910 гадах быў святар Мікалай Савіцкі, а старшым настаўнікам – Фёдар Баліцкі. Пасаду другога настаўніка займалі ў розныя гады Яўген Юхаў, Дзмітрый Валынцэвіч, Пётр Балабушэвіч, трэцяга настаўніка – Леанід Кісялеўскі, Міхаіл Курыла, Міхаіл Андрэюк.

У царкоўна-настаўніцкай школе выкладаліся наступныя прадметы: закон Божы, царкоўная гісторыя, агульная і руская, дыдактыка і галоўныя асновы педагогікі, царкоўныя спевы, царкоўна-славянская і руская мовы, славеснасць і гісторыя літаратуры, гісторыя ўсеагульная і руская, геаграфія ўсеагульная і Расіі, матэматыка, веды аб прыродзе, чарчэнне, малюнак, гігіена, рукадзелле для дзяўчат. Як бачым, прадметаў шмат, але, на жаль, як ужо гаварылася вышэй, не ўсе яны выкладаліся. Відаць, па прычыне недахопу настаўнікаў.

З якой жа мэтай ствараліся такія школы пры царскім рэжыме. У Палажэнні дакладна сказана: каб “распаўсюджваць у народзе адукацыю ў духу праваслаўнай веры і царквы”. Таму, відаць, часта наведваў Ігнат Дварчанін мясцовую царкву. Невялікі па памерах храм, закладзены Канстанцінам Астрожскім у 16 стагоддзі, рэканструяваны пазней, служыў людзям яшчэ і ў 1931 годзе.

Для практычнай падрыхтоўкі вучняў другога і трэцяга класа царкоўна-настаўніцкай школы існавалі прыіх двухкласныя царкоўна-прыходскія школы. Была такая і ў Дзятлаве. Адсюль, напэўна, пайшла блытаніна ў назве. У час вучобы Дварчанін, хутчэй за ўсё, жыў за свой кошт у інтэрнаце пры школе. А ў вольны час моладзь хадзіла гуляць па мястэчку. Мястэчка з’яўлялася цэнтрам воласці Слонімскага павета, мела ў 1897 годзе 479 будынкаў, 3155 жыхароў, пошту, шпіталь пры касцёле, краму, дзве цісавыя фабрыкі, дзве медаварні, большза 40 майстэрняў, на адной з якіх з мясцовага дубу выраблялі “дзятлаўскі” паркет, аптэку, у мястэчку адбываліся два кірмашы. І, вядома, увагу юнака прыцягваў палац, пабудаваны на месцы крэпасці Астрожкага ў 18 стагоддзі. На франтоне красаваўся герб Радзівілаў, а з усходу палац агінаў пейзажны парк, у якім кальцом ляжаў вадаём. Не выключана, што Ігнат прагульваўся на дарожках парка, сядзеў з кнігай на беразе возера.

Па заканчэнні навучання выпускнікі здавалі іспыты перад радай школы. Пасля паспяхова вытрыманых іспытаў выдатнікам выдавалі атэстаты, астатнім – пасведчанні, якія давалі права на званне настаўніка пачатковага вучылішча. Дварчанін, па яго словах, здаваў спецыяльны экзамен на званне настаўніка ў мястэчка Жыровіцы. Па якой прычыне, цяжка дазнацца, але здаў паспяхова. У Жыровіцах знаходзілася духоўнае вучылішча.

Згодна з палажэннем аб царкоўных школах, казённы стыпендыят павінен быў адпрацаваў на пасадзе настаўніка 5 гадоў. Дварчанін жа ў аўтабіяграфіі пісаў, што з восені 1912 года па май 1915 года працаваў настаўнікам пачатковай школы ў вёскі Хмяльніца Слонімскага павета. Аднак “Памятныя кніжкі Гродзенскай губерні” за гэтыя гады не называюць прозвішча Ігната Дварчаніна як настаўніка Хмяльніцкай школы. Там называецца прозвішча Ільі Іванюка. Дзе быў у той час Дварчанін, вучоным яшчэ неабходна даследаваць.

А мы нізка паклонімся нашаму знакамітаму земляку ў дзень яго 125-годдзя і пакладзём кветкі каля помніка на плошчы 17 Верасня.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



Теги: