У ліку лепшых работнікаў Дзятлаўшчыны, партрэты якіх змешчаны на абноўленай раённай Дошцы гонару, – дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Таццяна Ваніслаўчык. Яна падзялілася сакрэтамі працоўных поспехаў з карэспандэнткай раённай газеты.
– Таццяна Пятроўна, ці любіце вы сваю работу?
– Безумоўна, і ў гэтым сэнсе я чалавек шчаслівы. Але работа педагога, работа кіраўніка – гэта не толькі вялікая адказнасць, але і адданасць сваёй справе. І калі чалавек не гатовы аддаваць частку сябе і думаць не толькі аб сваім дабрабыце, магчымых плюсах і бонусах, то ісці ў гэту прафесію не варта, паколькі працаваць будзе вельмі няпроста.
– Раскажыце пра вашу ўстанову.
– Цэнтр творчасці сёння – гэта рэгіянальная шматпрофільная ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якая штогод аб’ядноўвае каля 1250 навучэнцаў. Тут працуюць да 100 аб’яднанняў па інтарэсах розных профіляў і накірункаў дзейнасці, педагагічны калектыў складае каля 70 чалавек. Большасць з іх спецыялісты і педагогі, якіх з поўным правам можна назваць прафесіяналамі сваёй справы. Гэта загадчыцы аддзелаў Ірына Лагун і Анжэла Грыб, метадысты Ірына Мішчанка, Алеся Жылінская, Кацярына Губко, педагогі дадатковай адукацыі Фёдар Бойка, Алена Турчэнік, Марына Харкевіч, Сяргей Каско, Тамара Буяк, Ларыса Радзівон, Аляксандр Грыб, Рамуальда Добыш, Алена Місарэвіч, Алена Пузач, Анастасія Рагойжа, кіраўнікі ўзорнага духавога аркестра “Новаяльнянскія трубачы” Дзяніс Клімовіч і Сяргей Майсюк. У 2017 годзе ў Кнігу пашаны маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці было занесена імя маладога спецыяліста нашай установы Алены Сямёнавай.
– А якія дасягненні лічыце найбольш значнымі для ўстановы?
– Нашы перамогі. У ліку найбольш “важкіх” рэспубліканскіх – дыплом першай ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за ўдзел у XXIII рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”, які заваявала Аліна Палуянцэвіч (педагог Алена Турчэнік). Я стала ўладальніцай яшчэ аднаго дыплома першай ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і сертыфіката аўтара ад навукова-метадычнага часопіса “Выхаванне і дадатковая адукацыя” па выніках II Рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак “Выхаваўчая дзейнасць: ёсць ідэя!”. Дыпломам трэцяй ступені за ўдзел у IV Рэспубліканскай выставе-конкурсе дзіцячай творчасці “Салют Перамогі!”, прысвечанай 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, былі адзначаны Дар’я Дзядовіч, Дар’я Абрамчык, Ганна Турончык (педагог Марына Харкевіч).
На міжнародным узроўні таксама былі не менш паспяховымі. Так, дыпломам другой ступені Міжнароднага інтэрнэт-конкурсу творчых работ навучэнцаў 1-4 класаў “Мы – нашчадкі Перамогі!” адзначаны Назар Ерамейчык (педагог Ірына Лагун), а дыплом першай ступені за VI Міжнародны фестываль-конкурс “Новыя вяршыні-2020” і дыплом лаўрэата трэцяй ступені за Міжнародны фестываль мастацтваў “ВёскаFEST-2020” атрымала мая навучэнка Анастасія Янкевіч.
Пералічваючы дасягненні нашай установы, нельга не ўзгадаць, што ў лютым гэтага года духавы аркестр “Новаяльнянскія трубачы” пацвердзіў званне “Узорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, а па выніках раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы па развіцці сістэмы адукацыі ў 2019 годзе калектыў нашага Цэнтра творчасці прызнаны пераможцам і адзначаны дыпломам першай ступені аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама.
І зусім нядаўна, 23 красавіка, удзельнікі дзіцячага канструктарскага бюро нашага Цэнтра творчасці пад кіраўніцтвам Фёдара Бойкі заваявалі 15 прызавых месцаў на абласным конкурсе стэндавых мадэляў, прымеркаваным да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
– Што дапамагае дасягаць поспехаў і дзе чэрпаеце ідэі?
– Асноўная крыніца нашай творчасці – само жыццё. Шмат неардынарных ідэй узнікае ў працэсе пошуку рашэнняў прыярытэтных задач, якія стаяць як перад установай, так і перад сістэмай дадатковай адукацыі і выхавання ў цэлым. А паспяховая работа Цэнтра – заслуга ўсяго калектыву, які я з поўнай упэўненасцю магу назваць сапраўднай камандай аднадумцаў.
– Над якімі праектамі працуеце цяпер?
– Сярод самых яркіх праектаў гэтага навучальнага года – аўтарскі “Школа “Startup”, скіраваны на прафесійную арыентацыю і эканамічнае выхаванне падлеткаў і моладзі, буйнамаштабная сацыяльна значная ініцыятыва “Моладзь Дзятлаўшчыны – малой радзіме”. Гэтак жа актыўна развіваем ідэю эфектыўнай арганізацыі дыстанцыйнага навучання дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ва ўмовах рэалізацыі індывідуальных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Напрацаваны вопыт мы запрошаны прадставіць у маі на II Рэспубліканскай навукова-метадычнай сесіі “Інавацыйны патэнцыял метадычных службаў як фактар якасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, якая будзе праводзіцца Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь .
– Якія аб’яднанні па інтарэсах карыстаюцца большай папулярнасцю? Ці з’явяцца новыя?
– Першачарговую ўвагу мы надаём прадастаўленню актуальных адукацыйных паслугаў. Сёлета найбольш запатрабаваныя накірункі дзейнасці – эстрадны вакал, інструментальны ансамбль, тэхналогія прыгатавання ежы, мадэляванне транспартнай тэхнікі, мастацкая апрацоўка драўніны, камп’ютарная анімацыя, творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch. Разглядаем магчымасць укаранення ў адукацыйны працэс наступнага 2020-2021 навучальнага года такіх праграм аб’яднанняў па інтарэсах як “Робататэхніка”, “Алімпіядная біялогія”, “Аграномія”, “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць вучняў на аснове беларускіх нацыянальных традыцый”.
– Раскажыце пра “Эстрадны вакал”. На якіх вучняў арыентуецеся, якія конкурсы і фестывалі марыце пакарыць?
– Аб’яднанне па інтарэсах “Эстрадны вакал” працуе трэці год. Тут займаюцца дзесяць вучняў ва ўзросце 6-16 гадоў. Усе яны вылучаюцца мэтанакіраванасцю. Найбольш актыўны ўдзел у канцэртнай і конкурснай дзейнасці прымаюць Ганна Якаўчык, Паліна Палуносік, Павел Смірноў, Анастасія Янкевіч, Аліна Палухіна. У бліжэйшых творчых планах – удзел у міжнародным конкурсе “Сябры-2020”, пазней – у аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.
– Таццяна Пятроўна, чым вы любіце займацца ў вольны час?
– Вольны час люблю бавіць за пошукам твораў рэпертуару для свайго гуртка, навінак інструментальнай і вакальнай музыкі, а таксама за чытаннем гістарычнай і мастацкай літаратуры айчынных і замежных аўтараў.
– Назавіце складнікі формулы вашага поспеху як кіраўніка.
– Установа дадатковай адукацыі – гэта своеасаблівы вечны рухавік, які вымушае пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, руху, перасцерагае ад застою. Галоўная задача кіраўніка – нацэліць і мабілізаваць калектыў на работу з максімальнай аддачай, у тым ліку сваім асабістым прыкладам. А калі вызначыць формулу, яна даволі лаканічная і простая: справа – дзеянне – вынік.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup