Поспехаў Вам, Галіна Мар’янаўна!

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Шмат віншаванняў атрымала і пажаданняў пачула на свой адрас галоўны бухгалтар  КСУП “Хвінявічы” Галіна Лябецкая.

19 мая ў яе адметны дзень – 50-ы дзень нараджэння.

Павіншаваць з юбілеем калегу прыязджалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і прадстаўнікі райсельгасупраўлення – начальнік аддзела эканомікі Марыя Ціхан і  галоўны бухгалтар Наталля Бражыцкая.

– Пра Галіну Мар’янаўну магу сказаць толькі добрае: выдатны, вопытны спецыяліст, – зазначыла  Марыя Уладзіміраўна Ціхан. – Галоўны бухгалтар у сельгаспрадпрыемстве – гэта другая асоба пасля дырэктара. На ёй – адказнасць  за ўсю фінансавую дзейнасць гаспадаркі. А на сёння КСУП “Хвінявічы” — рэнтабельнае прадпрыемства, працуе з прыбыткам.

Працаваць у Хвінявічы Галіна Мар’янаўна прыехала 33 гады таму.  Сама яна з Ашмяншчыны. Пачынала ў гаспадарцы бухгалтарам, і вось ужо 11 гадоў – на пасадзе галоўнага бухгалтара.

У калектыве жанчыну паважаюць і цэняць. І як сведчанне таму – шмат цёплых словаў і пажаданняў, якія выказалі кіраўнік гаспадаркі Мікалай Бубноўскі, старшыня прафкама КСУП “Хвінявічы” Вольга Максімава.

Калегі па працы падрыхтавалі для Галіны Мар’янаўны прыемны падарунак: каб зручней было дабірацца на працу, атрымала яна з нагоды юбілею і на добрую памяць пра ўрачыстасць – жаночы веласіпед.

19 мая ў сям’і Лябецкіх дата знакавая: у гэты дзень распісаліся з мужам, і ў гэты ж дзень таксама імяніннік гаспадар сямейства. Такім чынам, на 19 мая прыпадаюць аж тры ўрачыстасці. Самая значная, зразумела, залаты юбілей Галіны Мар’янаўны.

Увечары юбілярка будзе прымаць тэлевізійныя музычныя віншаванні ад дзяцей. Іх у яе трое, самы меншы сын на наступны год заканчвае школу. Галіна Мар’ янаўна мае ўжо і траіх унукаў.

Багатая на дзяцей матуля, багатая на ўнукаў бабуля – так сказаў пра гэтую жанчыну старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак і пажадаў Галіне Мар’янаўне сямейнага шчасця: каб радавалі дзеці і ўнукі, былі ўсе здаровыя, каб і надалей ёй спадарожнічалі поспехі ў працы.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup