Настаўнік – не прафесія, настаўнік – Божы дар

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сёння, 20 мая, у нашай зямлячкі Інэсы Зубрылінай дзень нараджэння.

І прыгадаліся гады, калі мы працавалі разам у гімназіі № 1 г.Дзятлава, рыхтавалі яе да конкурсаў, хваляваліся і радаваліся, калі ў гэтай цудоўнай настаўніцы ўсё атрымалася.

Яе дэвіз – працаваць натхнёна. За што б ні бралася Інэса Удадзіміраўна: ці то за распрацоўку новага метадычнага дапаможніка, ці то за сцэнарый мерапрыемства клуба “Тварам да твару”, ці то за новы інтэрнэт-праект – заўсёды яна рабіла сваю справу творча, самааддана і з вялікім натхненнем. Таму не дзіўна, што яна заўсёды і ўсюды паспявала, з’яўлялася прыкладам дысцыплінаванасці, адказнага стаўлення да даручанай справы. І не важна, што трэба было рабіць – афармляць нудную статыстыку паспяховасці на паперы ці складаць сцэнарый вечара або агітбрыгады. Усё ёй удавалася рабіць хутка і з цікавасцю. “Чалавек такі”, – скажаце вы. Магчыма, незвычайныя здольнасці тварыць дадзены ёй ад Бога, але працалюбства, уменне зрабіць нецікавае цікавым, здольнасць адухаўляць усё, што яна робіць – гэта дасягаецца самадысцыплінай і сілай волі.

“Інэса Уладзіміраўна – была маёй настаўніцай англійская мовы, – расказвае мая дачка Вольга. – Як толькі мы здалі ўступныя іспыты ў пяты клас гімназіі і пераступілі парог новай навучальнай установы, адразу трапілі ў цёплыя, шчырыя рукі гэтай цудоўнай настаўніцы. Урокі англійская мовы ператварыліся ў казку. Мы не толькі вывучалі правілы, чыталі тэксты, “штудыравалі” граматыку, але і спасцігалі разам з ёй увесь свет. За тыя кароткія сорак пяць хвілін, што адведзены былі на ўрок, Інэса Уладзіміраўна паспявала не толькі даць матэрыял па тэме, замацаваць і паставіць адзнакі, але і расказаць пра адкрыцці ў галіне медыцыны, паведаміць, якія навіны выкінулі ў Інтэрнэт пра членаў англійскай каралеўскай сям’і, што чуваць пра планету Небіру і якія цывілізаціі існавалі ў старажытнасці. Часам дзівіліся: калі яна паспявае пра ўсё прачытаць? У яе ж сям’я, дачка, хатнія клопаты, як і ва ўсіх звычайных жанчын. А потым разумелі: феномен нашай Інэсы Уладзіміраўны – быць адметнай. І сапраўды, яна была адметная.”

Магчыма, вы, паважаныя землякі, прысутнічалі на гімназічных выпускных вечарах у РДК? Тады вы чулі, як цудоўна спявала настаўніца на англійскай і французскай мовах. Яе заўсёды выклікалі на “біс”. Чысты высокі голас, артыстызм, іменне жыць песняй – вось тое, што не пакідала абыякавым ніводнага чалавека. “Нібы птушка ў палёце”, – пачула я некім кінутае ў натоўпе выслоўе. Сапраўды, калі адзін год у час правядзення выпускнога вечара яна спявала песню “Матылькі”, з якой выступала група “Тры плюс два” на Еўрабачанні, зала захлынулася ад апладысментаў.

А можа, вы былі на бацькоўскіх сходах у гімназіі? Тады вам пашчасціла паглядзець лялечны спектакль на англійскай мове, які падрыхтавалі разам з Інэсай Уладзіміраўнай гімназісты. Касцюмы, чыстая англійская мова, паслядоўнасць і дакладнасць у час выступлення – гэтага можна дасягнуць толькі праз доўгія і напружаныя рэпетыцыі.

Часта задумваешся, у чым прычына таго, што аднаго настаўніка абагаўляюць, проста носяць на руках дзеці, а да другога ставяцца холадна, абыякава, а часам і з нейкім негатывам. Думаецца, каб навучыць іншых, трэба самому быць разумным чалавекам, трэба па-сапраўднаму любіць дзяцей, разумець прычыны іх памылак, умець заахвоціць іх сваім прадметам і падтрымліваць, калі ў іх што-небудзь не атрымліваецца. Настаўнік павінен быць добрым псіхолагам, бо, каб перадаць дзецям веды, трэба разумець характар і душу кожнага з іх. І ніхто не будзе спрачацца, што Інэса Уладзіміраўна Зубрыліна з’яўляецца менавіта такім настаўнікам.

Дзе ж вытокі яе майстэрства? Чаму некалі, пасля заканчэння школы, яна, выдатніца, якая магла паступіць у любую вышэйшую навучальную ўстанову рэспублікі, выбрала нялёгкі настаўніцкі хлеб? Яшчэ ў маленстве яна марыла аб прафесіі настаўніка, правяраючы сшыткі разам са сваім дзядулем, які выкладаў у СШ № 2, некаторы час быў у гэтай школе намеснікам дырэктара.

Настаўніцай была і яе бабуля, Яўгенія Іонаўна, і тата. Інэса расла, вучылася на выдатна, наведвала музычную школу па класу фартэпіяна, вучыла польскую мову і не думала тады, кім хоча стаць. А ў адзінаццатым класе лёс паклікаў яе за сабой. Яна стала пераможцай рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, заняла 1-е месца. Па выніках алімпіяды ёй была дадзена магчымасць паступаць у педагагічную ВНУ без экзаменаў. І яна выбрала Беларускі лінгвістычны ўніверсітэт. І не памылілася, бо стала Настаўніцай з вялікай літары.

– Кроў настаўнікаў пацягнула ў гэтую прафесію, – смяялася заўсёды Інэса Уладзіміраўна.

Сапраўды, яна з дынастыі настаўнікаў. Настаўнікамі былі яе прадзед, дзед, бабуля, дзве цёткі, дзядзька, тата. Усяго у іх родзе настаўнічала чатырнаццаць чалавек.

Але самай яркай і таленавітай аказалася менавіта яна. За тыя дзесяць гадоў, што працавала Інэса Уладзіміраўна ў школах Дзятлаўшчыны, яна дасягнула такіх поспехаў, якіх іншыя не дасягаюць і за ўвесь свой педагагічны шлях. У 2006 годзе стала пераможцай конкурсу “Настаўнік года – 2005” у Дзятлаўскім раёне, падрыхтавала двух пераможцаў абласных алімпіяд – Аляксея Шундрыка і Марыю Старыкаву, неаднаразова перамагала ў раённым конкурсе “Камп’ютар. Настаўнік. Інтэрнэт”, за плённую і творчую працу ўзнагароджана граматамі абласнога ўпраўлення адукацыі, абласнога выканаўчага камітэта. А ў 2010 годзе на жнівеньскай настаўніцкай канферэнцыі ёй была ўручана грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паспела Інэса Уладзіміраўна стварыць шматлікія метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў і дыдактычны матэрыял для гімназістаў, выступіць на семінарах і канферэнцыях абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, надрукаваць свае напрацоўкі не толькі ў часопісах “Адукацыі і выхаванне” і “Народная асвета”, але і ў расійскім метадычным выданні “Першага верасня”. Вынік гэтай грані яе педагагічнай дзейнасці – дыплом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за ўдзел у X рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму ў дзяцей і навучэнцаў”.

А ў 2011 годзе яна стала пераможцай конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, патрымала ў руках Крыштальнага жорава.

У дадатак да ўсяго настаўніца яшчэ і цудоўная гаспадыня, элегантная жанчына, ва ўсёй яе постаці бачны сапраўдны французскі шарм і галівудская абаяльнасць. І гэта ніколечкі не перабольшана. Яна заўсёды новая, заўсёды прыклад для дзяўчынак. Што б ні апранула, не носіць, а нясе.

Цяпер Інэса Уладзіміраўна жыве і працуе ў Мінску, працуе над кандыдацкай дысертацыяй, выкладае ў БДЛУ, у мінскай гімназіі. Няхай шлях яе будзе і надалей плённым.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея (былы намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце гімназіі № 1 г.Дзятлава)

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup