Міхаіл Орда ўшанаваў памяць герояў вайны на Дзятлаўшчыне

Галоўнае Улада

Напярэдадні 75-й гадавіны Вялікай Перамогі, у межах рэспубліканскага праекта “Беларусь памятае. Памятаем кожнага” Дзятлаўшчыну наведаў наш зямляк, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.


Разам з калегамі ён ушанаваў памяць абаронцаў Дзятлава, салдат, загінулых на франтах Вялікай Айчыннай вайны, усклаў чырвоныя гваздзікі да абеліска Славы ў райцэнтры. У акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых уладаў і кіраўнікі прафсаюзных арганізацый раёна.

– Сёлета мы адзначаем 75 гадоў з Дня Вялікай Перамогі. Столькі часу мы жывём пад мірным небам. Падзеі той страшнай вайны закранулі кожную беларускую сям’ю, і наш абавязак сёння помніць пра гэта, – адзначыў Міхаіл Орда. – Практычна ў кожным населеным пункце, нават невялікай вёсачцы, ёсць помнік героям Вялікай Айчыннай вайны. На маёй малой радзіме іх 96, пра некаторыя ведаюць толькі мясцовыя жыхары.

Прафсаюзны лідар падкрэсліў, што помнікі ў невялікіх населеных пунктах, магчыма, не такія вядомыя і маштабныя, як рэспубліканскія, але яны такія ж значныя. Гэтыя помнікі паказваюць, што нашы дзяды і прадзеды змагаліся за кожны кавалак роднай зямлі, яны нагадваюць, што кожны раён, кожны населены пункт нашай Радзімы зрабіў уклад у Вялікую Перамогу.

Візіт на Дзятлаўшчыну прадоўжыўся наведваннем музея гімназіі № 1 горада Дзятлава, дзе гаворка ішла пра багаты турыстычны патэнцыял Дзятлаўскага раёна і спосабы яго ўвасаблення.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: