Лясная гаспадарка. Па прыгажосць – у Вензавец

Важнае Грамадства

Вы думаеце, што лясная гаспадарка – гэта толькі хваёвыя ды лісцёвыя векавыя лясы?

А вось і не. У Дзятлаўскім лясгасе не адзін год з поспехам вырошчваюць дэкаратыўныя кусты, якія могуць упрыгожыць любы прысядзібны ўчастак. Гадавальнік дэкаратыўных раслін з’явіўся і ў Вензавецкім лясніцтве.

Летась з гэтай мэтай выдзелілі тэрыторыю 0,4 гектара на беразе возера, завезлі з Казлоўшчыны 6,5 тысячы кустоў з закрытай каранёвай сістэмай. Сёння ў вензавецкім гадавальніку растуць некалькі відаў туі, два віды ялоўцу. Такія расліны папулярныя ў дачнікаў для стварэння жывой агароджы або проста адзіночнай пасадкі на прысядзібным участку. Як адзначаюць у лясніцтве, уся прывабнасць такіх дэкаратыўных раслін у тым, што яны лёгка паддаюцца падрэзцы і фарміраванню – па фантазіі і жаданні гаспадароў.

– Бліжэйшыя тры-пяць гадоў будзем ажыццяўляць дарошчванне і адначасовы продаж раслін, – падзяліўся планамі ляснічы Вензавецкага лясніцтва Іван Струк. – Таксама ў бліжэйшай перспектыве – павялічыць асартымент пасадачнага матэрыялу.

Калі дэкаратыўныя расліны, выгадаваныя ў Вензаўцы і Казлоўшчыне, будуць карыстацца попытам, неўзабаве магчыма з’яўленне новых гадавальнікаў у лясніцтвах Дзятлаўскага лясгаса.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup