Дзмітрый Балькоўскі: “На Дзятлаўшчыне пад аховай 46 рэдкіх біятопаў”

Важнае Грамадства

Адно са змястоўных выступленняў Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі адбылося на вялікіх выхадных у час абласнога фестывалю “Дажынкі-2024” у Полацку.

На свяце беларускі лідар адзначыў, што нават у пагоні за прагрэсам нельга забываць аб экалогіі.

– Мы не павінны адыходзіць ад таго, што стала нацыянальным брэндам, – беражлівыя адносіны да прыроды, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Гэты брэнд трэба актыўна папулярызаваць, умела выкарыстоўваць”.

11-12 лістапада кіраўнік дзяржавы ажыццяўляе рабочы візіт у Азербайджан, дзе паўдзельнічае ў Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату. Мерапрыемства праводзіцца пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У глабальным форуме ўдзельнічаюць дзясяткі тысяч дэлегатаў, у тым ліку многія кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў.

Як на Дзятлаўшчыне сочаць за беражлівымі адносінамі да прыроды, расказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі:

– У нашым раёне ёсць восем месцаў пражывання чатырох відаў жывёлін і сорак чатыры лакацыі вырастання пятнаццаці відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

У запаветных куточках Дзятлаўшчыны ўважлівыя аматары прыроды могуць сустрэць чорнага бусла, шэрага жорава, зімародка звычайнага. Калі спыняцца на чырванакніжных раслінах, то ў нашым раёне найбольш часта (у 12 мясцінах) сустракаецца арніка горная, а вось самыя рэдкія прадстаўнікі ахоўваемых відаў флоры – гэта любка зялёнакветкавая, зубянка цыбульная і зубянка клубняносная, берула прамая, шпажнік чарапічасты, бо знойдзена ўсяго па адным месцы іх вырастання.

У Дзятлаўскім лясгасе пад аховай знаходзяцца сорак шэсць рэдкіх і тыпавых біятопаў. Да тыпавых адносяцца ліставыя лясы ў далінах рэк, якіх на тэрыторыі раёна налічваецца восем, але ці варта казаць, наколькі яны маляўнічыя і прыгожыя ў любы сезон года, асабліва залатой восенню. Ёсць у нашых мясцінах па некалькі нізінных балот, лішайнікавых саснякоў, пойменных дуброваў, некаторых іншых біятопаў, і ўсяго адно асаковае балота і адна лясная паша.

Нагадаю, што на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна створана мікрапапуляцыя зуброў еўрапейскіх. Згодна з дзяржаўнай праграмай па аднаўленні колькасці пагалоўя гэтых велічных жывёлін, якія з’яўляюцца яшчэ і сімвалам Беларусі, у 2018 годзе з Налібоцкай пушчы і СВК “Азёры Гродзенскага раёна” на тэрыторыю Ліпічанскай лесапаляўнічай гаспадаркі Дзятлаўскага лясгаса было завезена паўтара дзясятка асобінаў. Спачатку яны знаходзіліся ў спецыяльным вальеры плошчай 7,5 гектара, а пазней былі выпушчаны ў натуральныя ўмовы. Цяпер зуброў можна сустрэць у нашых мясцінах у дзікай прыродзе. Па даных уліку на 2024 год іх мікрапапуляцыя ў Дзятлаўскім раёне складае ўжо 47 асобінаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Президент #НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ