Людзі ў белых халатах. Супергероі нашага часу.
Без гучных заклікаў і лозунгаў, без стомы і скаргаў змагаюцца яны на мірных бальнічных франтах за самае важнае – чалавечае жыццё і здароўе. Газета “Перамога” знаёміць вас з добрымі, абаяльнымі, вопытнымі і высокапрафесіянальнымі медыцынскімі сёстрамі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Анёл-ахоўнік у белым халаце
Іна Каракулька марыла быць медыцынскай сястрой з дзяцінства, калі яна шмат хварэла, часта ляжала ў бальніцы. Заўжды захаплялася працай і цярпеннем медыцынскіх работнікаў:
– З маленства белыя халаты для мяне былі ўвасабленнем нейкай чысціні, дабрыні, як белыя крылы анёлаў. За гады Іна Іванаўна не раз мяняла погляды на выбар прафесіі, а ў Гродзенскае медвучылішча паехала паступаць за кампанію з сяброўкай. І паступіла! Па размеркаванні вярнулася на родную Дзятлаўшчыну, дзе працуе на варце людскога здароўя без малога трыццаць гадоў. Па словах жанчыны, ёй заўсёды шанцавала з калегамі на працы. З цеплынёй і ўдзячнасцю жанчына ўзгадвае Зінаіду Фамінічну Венскую, Леакадзію Станіславаўну Ермаловіч, Ірыну Вікенцьеўну Навіцкую, Алену Вітальеўну Ёдчык, загадчыцу аддзялення Святлану Уладзіміраўну Лаўроўскую, якая заўжды гарой стаяла за сваіх падначаленых. Іх каштоўныя парады жанчына дагэтуль прымяняе на практыцы.
За час працы ў аддзяленні жанчына заўважыла, што людзей лечаць не толькі медыкаменты, але і добрае, уважлівае слова медыцынскага персаналу. Пагаворыш, супакоіш, і чалавеку становіцца лягчэй.
– Праца медыцынскай сястры карпатлівая, – кажа Іна Каракулька. – Яе вынік прыходзіць не адразу. І вельмі радуе, калі людзі цэняць тваю працу – берагуць сваё здароўе. Лепшай узнагароды і не прыдумаеш.
Сёння тэрапеўтычнае аддзяленне, у якім працуе жанчына, перапрафілявана ў інфекцыйнае. Праца насычаная і напружаная, але медыцынскія сёстры не скардзяцца на долю. На пытанне пра складанасці ў працы жанчына толькі ўсміхаецца:
– Хацелася б адпачываць крыху больш. Але мы патрэбны людзям, таму не маем права расслабляцца.
Калегам ад Іны Каракулька – простае, але вельмі важнае пажаданне: здароўя, здароўя і здароўя! Цярпення да сябе і людзей, утульнасці, цяпла ў сэрцы і абавязкова – любві.
У рэанімацыі працуюць прыгажуні
Для Аляксандры Хілімончык выбар прафесіі не выклікаў сумневу: вельмі хацелася апраўдаць спадзяванні дзядулі, які марыў аб медыцынскай спецыяльнасці для ўнучкі.
– Думала, пачну па парадку, са справы медыцынскай сястры, а пасля пабачым, ды так у гэтай прафесіі і засталася, – расказвае жанчына.
Аляксандра вучылася ў Мінскім медвучылішчы, а працаваць вярнулася на радзіму ў Дзятлава. Здаецца, учора ўсё гэта было, а мінуў ужо дзясятак гадоў. За гэты час працавала ў працэдурным кабінеце паліклінікі, у траўматалагічным аддзяленні бальніцы і ў рэшце рэшт, у 2016 годзе, прыйшла да надзвычай адказнай і напружанай працы ў аддзяленні рэанімацыі. Медыцынская сястра прызнаецца, што напачатку было вельмі складана “перастроіцца”, прыняць шырокае кола абавязкаў, інтэнсіўнасць працы. Вельмі дапамагаў у адаптацыі дружны, уважлівы калектыў.
– У кожным аддзяленні свая спецыфіка работы. У рэанімацыі гэта вяртанне да жыцця ў літаральным сэнсе слова. Што найбольш радуе ў працы – гэта вынік, калі пацыент ідзе на папраўку, ведаеш, што ўсё было недарэмна.
У рэанімацыі не бывае лёгкіх дзён, аднак калегі не даюць разгубіцца, спасаваць перад цяжкасцямі, заўжды падтрымаюць парадай і справай. Пасля напружанай працоўнай змены Аляксандру, як, мабыць, і ўсіх медыкаў, саграваюць клопат і любоў блізкіх.
Сваім калегам па працы і ўсім медыцынскім работнікам Аляксандра жадае сапраўднага багатырскага здароўя. Каб аддаючы ўсіх сябе пацыентам, яны не згаралі на працы самі.
Добрая цёця Аксана
Аксана Галубенка ў медыцыне ўжо 17 гадоў. Увесь гэты час яна працуе ў аддзяленні медыцынскай рэабілітацыі. Як прыйшла сюды пасля заканчэння Слонімскага медыцынскага вучылішча, так і не збочыла са сваёй сцяжыны. Першыя крокі ў прафесіі жанчына рабіла пад кіраўніцтвам старшай медыцынскай сястры Тамары Іванашка, з якой працуюць разам і сёння.
– А далей – усё як ва ўсіх, – усміхаецца жанчына. – Павышэнне кваліфікацыі, перападрыхтоўка, паступовы прафесійны рост. Мяняецца абсталяванне, тэхналогіі лячэння, трэба адпавядаць.
Медыцынская сястра прызнаецца, што за столькі гадоў працы яшчэ больш упэўнілася ў правільным выбары прафесіі: калі медыкі і пацыенты разам працуюць на вынік, ён абавязкова будзе дасягнуты. Ды і пацыенты, асабліва ў дзіцячым аддзяленні бальніцы, вельмі любяць добрую, прыветлівую і клапатлівую медсястру, з радасцю прыходзяць да яе на працэдуры.
Сёння, калі ўсе медыкі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, Аксане Галубенка давялося часова перакваліфікавацца: сваё дзяжурства яна нясе ў інфекцыйным кабінеце бальніцы. Аднак на лёс не скардзіцца: трэба – значыць трэба. Сваім калегам жанчына жадае моцнага здароўя і цярпення.
На Дзятлаўшчыне сёння працуюць 276 медыцынскіх сясцёр. Кожнай з іх мы, жыхары Дзятлаўшчыны, адрасуем шчырыя словы ўдзячнасці і падтрымкі. Нізкі паклон вам, паважаныя медыцынскія работнікі!
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup