Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Сціплыя героі мірных дзён

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У музей гімназіі № 1 горада Дзятлава, дзе я працавала, трапіў ліст, напісаны выпускніком СШ № 1 1955 года Міхаілам Валянцінавічам Чарнецкім.

Ён пачынаецца так: “Жыхары раёна абавязаны ведаць сваіх герояў! Адзін з іх –Аляксандр Аляксандравіч Валуевіч”.

Размова ў гэтым лісце ідзе пра цікавы выпадак з жыцця настаўніка, а многія вучні СШ № 1, калі вучыліся ў школе, пра гэта нічога не ведалі. Як мала мы ведаем пра людзей, якія жывуць, працуюць побач з намі!

Аляксандр Аляксандравіч Валуевіч нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Ходасы Навагрудскага раёна ў сялянскай сям’і. Да прыходу савецкай улады хлопец паспеў скончыць сем класаў польскай школы.

Вайну Аляксандр сустрэў 15-гадовым юнаком. Цяжка ўспамінаць гэтыя страшныя гады: прыход немцаў у вёску, бамбёжкі з самалётаў, жах людзей. У час вайны на тэрыторыі, дзе праходзілі баі, можна было знайсці шмат зброі. Аляксандр з бацькам таксама знайшлі ў лесе чатыры гранаты і вінтоўку, якія схавалі ў гумне.

У 1944 годзе немцы набіралі групу моладзі для работы ў Германіі. Пяць хлопцаў з вёскі вырашылі ісці ў партызаны. Вось тут і спатрэбілася вінтоўка з гранатамі, якія Аляксандр з бацькам хавалі ў гумне. Так 18-гадовы Аляксандр апынуўся ў атрадзе Жданава партызанскай брыгады імя Дзяржынскага. Яны былі вялікай сілай, што супраціўлялася нямецка-фашысцкім акупантам.

У час правядзення аперацыі “Баграціён” партызаны праводзілі акцыі па адлове акружаных фашыстаў, якім удалося выйсці з “Мінскага катла”. Праз беларускія лясы ворагі хацелі трапіць на сваю тэрыторыю. Аднойчы, знаходзячыся ў засадзе, Аляксандр і яго таварышы затрымалі савецкіх разведчыкаў, якія расказалі ім пра перамогі ў ходзе наступальнай аперацыі. Гэтыя весткі вельмі падбадзёрылі партызан, якія рабілі ўсё магчымае, каб наблізіць перамогу.

Пасля прыходу нашых войск з партызан сфарміравалі знішчальны атрад, які павінен быў адлоўліваць у лясах акружаных немцаў, паліцаяў, забіраць у мясцовага насельніцтва зброю. Члены атрада канваіравалі арыштаваных немцаў, якіх затым па этапу адпраўлялі ў горад Мінск, у гарпасёлак Мір. Аляксандр з таварышамі таксама канваіраваў каля 500 немцаў да Мірскага замка, дзе іх прымалі наступныя канваіры.

Пасля вяртання ў Любчу ў канцы жніўня 1944 года Аляксандра і многіх яго таварышаў забралі ў армію на тэрміновую службу. Аляксандр трапіў у горад Шуя Іванаўскай вобласці, дзе дэмабілізаваныя франтавікі вучылі маладых салдат. Пасля двух месяцаў навучання іх адпраўлялі на фронт. Аляксандра, як аднаго з самых здольных юнакоў, пакінулі інструктарам. Цяпер ён ужо сам вучыў навабранцаў.

Тут, у расійскім горадзе Шуя, і сустрэў перамогу, але дэмабілізаваўся толькі ў пачатку 1946 года. Папрацаваўшы інструктарам, зразумеў, што выкладанне – яго прызванне. Вярнуўшыся дадому, вырашыў, што павінен пайсці вучыцца на настаўніцкія курсы ў Навагрудскае педвучылішча.

У вучылішчы Аляксандр не толькі старанна вучыўся, але і быў актывістам грамадскіх спраў. Дзякуючы гэтаму атрымаў магчымасць самастойнага выбару месца работы, але па закону трэба было адпрацаваць два гады. Далей яго чакала цікавая праца, вучоба ў Баранавіцкім педагагічным інстытуце. Для атрымання вышэйшай адукацыі ён паступіў на завочнае аддзяленне ў Мінскі педінстытут, затым перавёўся ў Гродзенскі.

Прыехаў ён у Наваельню, дзе маладога спецыяліста сустрэлі з радасцю, таму што не было каму працаваць не толькі з дзецьмі, але і ў вячэрняй школе. Але не толькі выкладанне беларускай мовы і літаратуры цікавіла маладога настаўніка. Ён наведваў гурткі мастацкай самадзейнасці, што працавалі ў раённым Доме культуры, захапіўся працай чырванадрэўшчыка – рабіў мэблю, шкатулкі і іншыя рэчы з дрэва.

Адзін з любімых заняткаў Аляксандра Аляксандравіча – рыбная лоўля і паляванне, а таксама фатаграфаванне. А яшчэ ён любіў спяваць, быў доўгі час удзельнікам хору, дзе і пазнаёміўся са сваёй жонкай – Ганнай Міхайлаўнай.

Хутка маладую сям’ю ўжо радавалі дзве цудоўныя дачушкі, якія, як і іх бацькі, захапляліся музыкай – вучыліся іграць на фартэпіяна. Алена – доктар біялагічных навук, доўгі час была загадчыцай навуковай лабараторыі Інстытута батанікі Акадэміі навук Беларусі, Вольга працавала настаўніцай матэматыкі ў горадзе Гомелі.

Сорак пяць гадоў прысвяціў школе Аляксандр Аляксандравіч, восем з іх – працаваў ужо на пенсіі. У СШ № 1 горада Дзятлава, дзе ён працаваў, успамінаюць яго як чалавека з залатымі рукамі, які шчыраваў над афармленнем класных

кабінетаў, стэндаў школьнага музея. Заўсёды акуратна апрануты, спакойны, ураўнаважаны настаўнік, умеў знайсці падыход да “цяжкіх” вучняў, карыстаўся ў іх аўтарытэтам.

З успамінаў М. В. Чарнецкага, выпускніка СШ № 1 1955 года:

“1949 год, глыбокая восень, на палях і дарогах ужо ляжыць першы снег, рэкі пакрыты яшчэ нямоцным лёдам. Каля парка, з правага боку, быў масток, перагароджаны плацінай. За мостам стаяў драўляны будынак, у якім вучыліся мы, пяцікласнікі. Калі па школе пранеслася “На рацэ топяцца дзеці!”, натоўп дзяцей ужо стаяў на беразе. Першага, каго я ўбачыў, быў Аляксандр Аляксандравіч. Ён скінуў з сябе верхняе адзенне, валёнкі і павольным крокам рухаўся да сярэдзіны ракі ў бок праталіны, у якой валтузіліся тры хлопчыкі. У дзяцей заканчваліся сілы, яны штораз з галавой аказваліся ў вадзе.

Раптам лёд пад настаўнікам праваліўся, і ён па грудзі апынуўся ў вадзе. Ламаючы перад сабой лёд, ён паволі пайшоў да праталіны, усё глыбей і глыбей апускаючыся ў ваду. Вось яго рукі дацягнуліся да першага хлопчыка, якога ён ірвануў з вады і выцягнуў на лёд бліжэй да берага. Затым ён рушыў па наступнага. А трэцяга хлопчыка ледзьве паспеў выратаваць, бо той ужо ляжаў на дне. Замерзлы настаўнік не адважыўся ныраць у ледзяную ваду, але змог нагой прыўзняць хлопчыка над вадой, а потым выцягнуў яго за каўнер на паверхню.

Тым часам да возера пад’ехалі запрэжаныя сані. Людзі спынілі іх, паклалі дзяцей, накрылі і адвезлі ў бальніцу. На шчасце, усе дзеці выжылі. А настаўнік накіраваўся ў настаўніцкую пасушыцца і абагрэцца”.

Пры сустрэчы (было гэта у 2008 годзе) мы папрасілі самога Аляксандра Аляксандравіча пракаменціраваць гэту падзею. Аказалася, што настаўнік помніць прозвішчы выратаваных дзяцей – Козел, Цыгель і Хілевіч. На наша пытанне: “Чаму Вы кінуліся ў ледзяную ваду?” – адказаў, што не думаў пра небяспеку ў той момант, проста пабег ратаваць дзяцей, бо лічыць, што настаўнік першы павінен прыйсці на дапамогу.

Сярод выпускнікоў школы № 1 нямала педагогаў, якія працуюць у розных гарадах Беларусі. Многія з іх выбралі сваю прафесію дзякуючы таленту і самаадданасці такіх настаўнікаў, як Аляксандр Валуевіч. Роля настаўніка ў жыцці чалавека вельмі значная. Таленавітыя, неабыякавыя да чужога гора і несправядлівасці людзі выхоўваюць такіх жа таленавітых і неабыякавых вучняў.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup