Арцём Радзевіч. На старце ў вялікае жыццё

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сёлетні выпускнік Гезгалаўскай сярэдняй школы Арцём Радзевіч упэўнена глядзіць у будучыню і рыхтуецца да паступлення ва ўніверсітэт.

Ва ўсіх добрых задумках і пачынаннях нашага юнага земляка падтрымліваюць яго прыёмныя бацькі Валянціна і Андрэй Аніскевічы.

У школе і ў сям’і Арцёма ведаюць, як камунікабельнага, працавітага, стараннага, добразычлівага хлопца, які актыўна ўдзельнічае ў школьным і грамадскім жыцці, захапляецца спортам. За час вучобы Арцём Радзевіч быў неаднаразова адзначаны ўзнагародамі, сярод якіх граматы Гезгалаўскай сярэдняй школы за актыўны ўдзел у спартыўным жыцца; падзячнае пісьмо Дзятлаўскага цэнтра турызму і краязнаўства за актыўны ўдзел у турысцкіх спаборніцтвах; грамата Гезгалаўскай сярэдняй школы за актыўны ўдзел у сельскагаспадарчых работах на палетках КСУП “Жукоўшчына”; медаль за трэцяе месца ў раённых спаборніцтвах па хакеі “Залатая шайба-2019” у старэйшай ўзроставай групе; камандная грамата Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба за трэцяе месца ў першынстве раёна па баскетболе сярод юнакоў; дыплом за першае месца ў намінацыі “Паэзія” рэспубліканскага конкурсу “Сямейная гісторыя” рэдакцыі газеты “Домой”.

Сёлета Арцём Радзевіч атрымаў яшчэ і грашовую прэмію Гродзенскага абласнога аддзялення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”. У сувязі з эпідэміялагічай сітуацыяй ушанавалі стэпендыята яго педагогі на закрытай урачыстай класнай гадзіне, прымеркаванай да канца навучальнага года, а ў школу ўзнагароду перадала дырэктар Дзятлаўскага раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская.

Алена Анатольеўна расказала, што кожны год напярэдадні Дня абароны дзяцей Гродзенскае абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду сярод кандыдатаў, прадстаўленых рэгіянальнымі аддзяленнямі Прынёманскага краю, вызначае найбольш дастойных. Стыпендыятамі становяцца школьнікі, паспяховая ў інтэлектуальнай, творчай, спартыўнай, мастацкай дзейнасці, вучобе і грамадскай рабоце. Парадавала, што кандыдатура Арцёма Радзевіча сёлета была падтрымана ў Гродне. Ён актыўны, мэтанакіраваны юнак, і такіх маладых людзей вельмі важна зацікавіць у іх пачынаннях, бо гэта яшчэ адзін стымул для далейшага развіцця і ўдасканалення.

Карэспандэнтка газеты патэлефанавала Арцёму Радзевічу, каб даведацца аб яго планах на дарослае жыццё.

– Арцём, ці была прэмія Беларускага дзіцячага фонду для цябе прыемнай нечаканасцю?

– Узнагароджанне сапраўды стала для мяне выдатным сюрпрызам, які спадабаўся. Прэмію ўручаў дырэктар школы Эдуард Іосіфавіч Ненартовіч. Гэта быў урачысты момант, які запомніцца надоўга.

– Кім ты бачыш сябе ў будучым?

– Цяпер актыўна рыхтуюся да паступлення ва ўніверсітэт. Вучыцца мяркую ў сталічным БНТУ па спецыялізацыі “Распрацоўка месцаў карысных выкапняў”. Для паступлення неабходна паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове, матэматыцы і фізіцы.А па заканчэнні вышэйшай навучальнай установы спадзяюся звязаць сваё жыццё са здабычый нафты. Мне здаецца гэта вельмі цікавы і захапляльны працэс, асабліва, калі ў час бурэння распрацоўшчыкі радовішча нарэшце атрымліваюць чорнае золата.

– Ці падтрымліваюць твой выбар блізкія?

– Менавіта яны і навялі мяне на думку аб такой прафесіі. Я пачаў больш пра яе чытаць, шукаць тэматычную інфармацыю і сапраўды зацікавіўся. Таму я вельмі удзячны сваім блізкім за выдатную ідэю і пастаянную падтрымку.

– Захапленне спортам – гэта на ўсё жыццё?

– Думаю, што так. Я вельмі люблю футбол і баскетбол. Таму ва ўніверсітэце абавязкова буду наведваць спартыўныя секцыі. Упэўнены, што гэта не перашкодзіць вучобе, а наадварот дазволіць трымаць сябе ў тонусе.

– Пра што яшчэ марыш, чаму хочаш навучыцца?

– У бліжэйшых планах – атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Спадзяюся, гэта ўдасца зрабіць ужо ў час вучобы ва ўніверсітэце.

– Ці не сумна пакідаць Дзятлаўшчыну?

– Крыху шкада, бо тут мае блізкія, сябры, настаўнікі, але наперадзе мяне чакае столькі новага і цікавага, што станоўчыя эмоцыі перабіваюць сум.

– Якой бы ты хацеў бачыць сваю ўласную сям’ю?

– Пакуль я мала задумваўся пра гэта, але, спадзяюся, што шчаслівай.

– Твае пажаданні равеснікам-землякам, якія таксама сёлета скончылі школу.

– Жадаю ім высокіх балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, паспяховага паступлення на тыя спецыяльнасці, якія выбралі, і каб кожны з іх рэалізаваў сябе ў жыцці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup