Віншаванні прымала былая зенітчыца Марыя Глебава

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца эстафета віншаванняў і выплат аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да 75-годдзя Перамогі ветэранам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і людзям, якія пацярпелі ад яе наступстваў.

Мерапрыемства стартавала ў Беларусі 1 красавіка адпаведна Указу Прэзідэнта № 491 “Аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі”.

Трэцяга красавіка віншаванні прымала ветэран Вялікай Айчыннай вайны Марыя Глебава, якая цяпер жыве ў аграгарадку Таркачы ў сям’і сваякоў Палухіных.

Сказаць дзякуй за мірнае неба былой зенітчыцы, павіншаваць яе з юбілеем Вялікай Перамогі, уручыць кветкі, грошы і падарункі прыехалі насмеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч і старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых.

– Марыя Пятроўна, прыміце словы шчырай удзячнасці за ваш уклад у Вялікую Перамогу, за старанную працу ў мірны час, – звярнуўся да ветэрана намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. – Ваша пакаленне адстаяла для нашчадкаў мір і свабоду, магчымасць шчасліва жыць на роднай зямлі.

Ігар Кухарэвіч, як старшыня раённага аб’яднання, прывёз для Марыі Глебавай і падарунак ад “Белай Русі”.

З пажаданнямі моцнага здароўя, актыўнага даўгалецця ад Данілавіцкага сельвыканкама і ААТ “Граніт-Агра” да ветэрана звярнулася старшыня сельвыканкама Ганна Жых. Разам з іншымі падарункамі Ганна Мікалаеўна перадала Марыі Пятроўне “салодкі” букет і патлумачыла, што ў рамках раённага праекта “Вялікай Перамозе – 75” праходзіць акцыя “Букет – пераможцу”. Яркія папяровыя цюльпаны, у якія ўкладзены цукеркі, змайстравалі работнікі Данілавіцкага дома культуры.

Да віншаванняў далучылася работніца мясцовага паштовага аддзялення.

Марыя Глебава падзякавала за шчырыя словы і падарункі. Яна прадэманстравала прысутным свой невялікі архіў, дзе ёсць газеты з артыкуламі пра былую зенітчыцу. На іх пажоўклых ад часу старонках – найбольш яркія факты з біяграфіі. Нарадзілася Марыя Пятроўна ў станіцы Лукаўская Няхаеўскага раёна Сталінградскай вобласці. Вестка аб пачатку вайны застала дзяўчыну ў родным краі. Добраахвотнікам на фронт пайшоў бацька, змагаўся супраць ворагаў брат, якога вайна застала на службе ў арміі. Сама Марыя, як толькі ёй споўнілася васямнаццаць гадоў, у сакавіку 1943 года, з сяброўкамі запісалася добраахвотніцай на фронт. Разам з 485-м артылерыйскім зенітным палком удзельнічала ў баях за Таганрог, Новачаркаск, Шахты, Адэсу. Была наводчыцай зенітнай устаноўкі. У 1944-м пры медсанбаце адной з вайсковых часцей скончыла курсы медыцынскіх сёстраў, стала санінструктарам 485-га зенітнага артпалка. Дзень Перамогі сустрэла ў Малдавіі. Восенню 1945 года вярнулася на радзіму. За ўдзел у баявых дзеяннях узнагароджана медалямі “За баявыя заслугі”, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём “За перамогу над Германіяй”, да іх за мірныя гады дадаліся шматлікія юбілейныя ўзнагароды.

Пасля вайны былая зенітчыца “перакваліфікавалася” ў прадаўцы. Працавала ва Урупінску Сталінградскай вобласці, у Сахалінскай вобласці, далейшая яе працоўная біяграфія да самага выхаду на пенсію была звязана з горадам Мурманскам і работай ва ўпраўленні гандлёвага марскога транспарту. У 2012 годзе Марыя Глебава пераехала ў Беларусь да родных, у аграгарадок Таркачы. Яна заўсёды была чалавекам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і, пакуль дазваляла здароўе, з задавальненнем прымала запрашэнні выступіць перад вучнямі мясцовай школы. Цяпер школьнікі самі наведваюць Марыю Пятроўну, каб павіншаваць са святамі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: