Вялікдзень – Свята Святаў.
Можна сказаць, адзінае вялікае свята хрысціяніна. І каб спасцігнуць яго сапраўдны сэнс, трэба глядзець на хрысціянства і ўсю гісторыю збаўлення праз прызму велікоднай таямніцы пакутаў, смерці і ўваскрэсення Хрыста.
Таямніца Уваскрэсення Хрыстовага адкрыла сучаснікам Езуса Яго Боскую натуру. Сёння і мы ўслед за рымскім сотнікам, які стаяў пад крыжам у момант смерці Хрыста, пакліканы казаць: “Сапраўды Чалавек гэты быў Сынам Божым”. Ужо дваццаць стагоддзяў хрысціяне, дзякуючы дару веры ў Езуса і ў Яго ўваскрэсенне, па-новаму глядзяць на сваё жыццё і смерць. Вялікдзень пацвярджае, што любоў мацнейшая за смерць, што любоў перамагае смерць. Кожны год Велікодныя святы спрыяюць аднаўленню нашага жыцця, бо ўваскрэслы Езус жыве вечна, Ён застаўся сярод нас.
Сёння мы святкуем Вялікдзень у напружаны час пандэміі. Па ўсім свеце людзі знаходзяцца ў страху і трывозе. Многія пакутуюць ад хваробы, а хтосьці перажывае страту блізкіх.
Божы провід дапускае бедства ці зло дзеля большага дабра для чалавека, якое непасрэдна ці ўскосна датычыць яго душы. Выкарыстаем гэты час для пераасэнсавання і змены нашага жыцця, даруючы сябе провіду Міласэрнага Айца Бога. Няхай у гэты Вялікдзень Уваскрослы Пан Езус прыйдзе са сваім святлом у кожны дом і кожную сям’ю – са сваім спакоем, аздараўленнем і ачышчэннем.
Жадаю поўных надзеісвятаў. Няхай супакой і любоў, якія нясе Велікоднае Ягня, напаўняюць кожны дзень нашага жыцця, а святая Марыя, усцешаная Валадарка неба, выпрошвае ў Бога патрэбныя дары.
Хрыстус Уваскрос!
З малітвай і святарскім благаславеннем – адданы для вас цэлым сэрцам пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Здзіслаў ПІКУЛА