Дзятлаўшчына далучылася да рэспубліканскага марафона “#СпасибоМедикам”, які рэалізуе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі сумесна з РУП “Белпошта”.
Мерапрыемства скіравана на падтрымку медыцынскіх работнікаў нашай краіны, якія ў гэты час клапоцяцца пра здароўе беларусаў і ратуюць іх жыцці.
Аб тым, як моладзевы праект рэалізуецца на Дзятлаўшчыне, расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:
– Сёння любы з нас мае магчымасць падзякаваць дактарам, фельчарам, медыцынскім сёстрам, санітарам, вадзіцелям “хуткай дапамогі” за іх працу. Зрабіць гэта проста: трэба напісаць свае пажаданні і словы падзякі на паштоўках ці паштовых картках, якія распрацаваны ў рамках праекта, затым запоўніць графу адрасата, пазначыўшы адрас установы аховы здароўя і дапоўніць запіс хэштэгам #СпасибоМедикам. Апусціць такую паштоўку можна ў любую паштовую скрыню. Марка на яе не патрэбна – рассылка ў рамках праекта бясплатная.
Эскізы паштовых картак можна знайсці на партале www.brsm.by. Аднак, мяркую, паштоўкі ручной работы і ўласнага дызайну падораць медыкам яшчэ больш прыемных эмоцый, а вам – задавальнення ад карыснай справы.
Варта зазначыць, што ў нашым раёне да акцыі ўжо далучыліся актывісты раённай арганізацыі ГА “БРСМ”. Далучайцеся і вы: паўдзельнічаць могуць усе жадаючыя.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup