У рамках Года малой радзімы, а таксама месячніка па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі, абвешчанага на пачатку месяца ў Дзятлаўскім раёне, кіраўнікамі шматлікіх раённых установаў і арганізацый распрацаваны шэраг мерапрыемстваў, арганізаваны і праводзяцца гаспадарчыя работы.
Штодзень добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі адміністрацыйных будынкаў, арганізацый, размешчаных не толькі ў раённым цэнтры, але і ў сельскіх населеных пунктах.
На працягу некалькіх тыдняў работнікі будаўнічай брыгады КСУП “Хвінявічы”, іншыя спецыялісты гаспадаркі прымаюць актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні сельскагаспадарчых угоддзяў.
Кіраўнік сельгаспрадпрыемства руплівы гаспадар, імкнецца пусціць у справу кожны свабодны кавалачак зямлі.
Аб’ект, які на тэрыторыі гаспадаркі наведалі карэспандэнты “раёнкі”, – новаўладкаваны меліярацыйны канал. На момант нашага прыезду некаторыя этапы работ былі ўжо завершаны, аднак у поле зроку трапілі ўчасткі і аб’екты, дзе жвава працавалі экскаватары, трактары і іншая тэхніка.
– Задача, якая сёлета стаіць перад калектывам нашай гаспадаркі, не з лёгкіх, – расказаў у час сустрэчы дырэктар КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі. – Першымі па важнасці і часе правядзення для нас сталі работы па ўладкаванні меліярацыйнага канала на палетках каля вёскі Агароднікі, дзе штогод збіраецца вялікая колькасць вады. Цяпер работы на гэтым участку набліжаюцца да завяршэння: ужо выкапаны канал, зроблены насып, адхоны падсыпаны грунтам, угноены. Пазней там плануецца падсеяць шматгадовыя травы.
Работы на гэтым аб’екце стартавалі ў лютым, а яго здача плануецца напрыканцы красавіка. Фінансаванне аб’екта ажыццяўляецца за кошт сродкаў сельгаспрадпрыемства.
Акрамя гэтага, плануем у хуткім часе завяршыць работы па далучэнні пустуючых земляў да агульнай тэрыторыі гаспадаркі для далейшага ўвядзення іх у севазварот.
У сувязі з гэтым, у бліжэйшы час будзе скончаны дэмантаж падмуркаў двух старых нежылых дамоў у вёсках Агароднікі і Разважжа, там жа правядзём дэмантаж падмурка былой малочнатаварнай фермы. Агульная плошча земляў, якія сёлета будуць уведзены ў севазварот, складзе каля васьмі гектараў.
Сіламі гаспадаркі і, у прыватнасці, дзякуючы зладжанай працы работнікаў будаўнічай брыгады КСУП “Хвінявічы”, якую ўзначальвае Станіслаў Муха, на аб’екце выконваліся работы па спілоўванні старых дрэў, хмызнякоў, зразалі кусты, выдалялі і вывозілі зрэзанае, каб спецтэхніка магла працаваць без перашкод, паломак і прастояў.
У навядзенні парадку на зямлі работнікам сельскагаспадарчай сферы дапамагаюць прафесіяналы – спецыялісты КУП меліярацыйных сістэм “Дзятлаўскае ПМС”.
Умела кіруе тэхнікай экскаватаршчык Сяргей Альшэўскі. Відаць, што праца ў мужчыны спорыцца. Таму і на гасцей, якія прыбылі на аб’ект, ён, здаецца, не адразу звяртае ўвагу. Праўда, затым-такі адрываецца ад справы:
– Перад намі штогод стаяць задачы па захаванні ўжо існуючых меліярацыйных сістэм, будаўніцтве новых, добраўпарадкаванні і адраджэнні земляў для ўключэння іх у севазварот. Спецыялісты і тэхніка нашага прадпрыемства пастаянна задзейнічаны на аб’ектах раённых сельскіх гаспадарак.
Што тычыцца ўчасткаў, на якіх мы цяпер працуем, то з радасцю адзначу: зроблена нямала. Выканана адна з галоўных задач – уладкаваны новы меліярацыйны канал. Днямі перамясціліся на суседні ўчастак, дзе выкарчоўваем хмызняковую расліннасць, дрэвы і пні, таксама прыступілі да дэмантажу падмуркаў старых нежылых дамоў і фермы.
– Сяргей Альшэўскі – тэхнічна дасведчаны спецыяліст, прыхільнік перадавых тэхналогій, лепшы экскаватаршчык, прынцыповы і лёгкі ў зносінах чалавек, – адзначае ў гутарцы з намі дырэктар Дзятлаўскага ПМС Віктар Адамчык. – Усё, за што ён бярэцца, даводзіць да канца, робіць даручаную справу якасна і з душой. Сапраўдны прыклад для калег.
Будаўнічая брыгада гаспадаркі і спецыялісты Дзятлаўскага ПМС працуюць аператыўна і зладжана. Прыемна паглядзець на вынікі іх працы.
Як распавёў у час сустрэчы галоўны аграном КСУП “Хвінявічы” Уладзімір Карыба, спраў ў меліяратараў шмат, але тэхніка, магутнасці прадпрыемства, спрыт спецыялістаў Дзятлаўскага ПМС дазваляюць завяршыць работы нават раней за вызначаны тэрмін. Калі ўсё пойдзе згодна з планам, то ўсе работы на гэтых двух аб’ектах павінны быць скончаны да канца красавіка. А для гэтага важна дакладна выконваць праектнае рашэнне, тэхналогію, пазбягаючы лішніх выдаткаў.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup