Дайсці да кожнага. Як дапамагаюць дзятлаўчанам?

Галоўнае Грамадства

У час рэспіраторных інфекцый пажылым людзям рэкамендавана ўстрымлівацца ад наведвання людных месцаў.

З просьбамі аб дастаўцы прадуктаў і лекаў на дом за ўласныя грошы яны могуць звяртацца ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна па тэлефонах: 6-11-84, 2-71-54 (у рабочыя дні), 2-67-83 (у выхадныя). Многія ўжо апрабавалі такую паслугу. Каб высветліць, наколькі яна запатрабавана на Дзятлаўшчыне і аб чым найчасцей просяць нашы пажылыя землякі, карэспандэнтка газеты пагутарыла з дырэктарам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццянай Нікіпорчык.

– За час функцыянавання гарачай тэлефоннай лініі мы выканалі каля трох дзясяткаў заказаў, у тым ліку ад жыхароў аддаленых вёсак. – тлумачыць Таццяна Нікіпорчык. – Нашы спецыялісты і самі кожную раніцу тэлефануюць пажылым людзям з прапановай дапамагчы. Створана база жыхароў раёна, якія пастаянна або перыядычна маюць патрэбу ў падобнай падтрымцы.

Як паказала практыка, найбольш запатрабаванай паслугай з’яўляецца выпіска бясплатных рэцэптаў на лекі для пажылых людзей, якія маюць хранічныя захворванні. Паколькі грошы ў гэтым выпадку не патрэбны, сацработнік выпісвае рэцэпт у паліклініцы і атаварвае яго ў аптэцы. Вельмі ўдзячна намесніку галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Інэсе Гусевай за тое, што ў паліклініцы нашым сацыяльным работнікам не даводзіцца стаяць у чарзе і падвяргаць здароўе рызыцы.

Калі заказы на бясплатныя лекі паступаюць ад дзятлаўчан, ажыццяўляем іх літаральна за некалькі гадзін. Калі з аддаленай вёскі, шукаем магчымасць перадаць лекі праз медыкаў або работнікаў іншых арганізацый, якія едуць у спадарожным накірунку.

Нярэдка пажылыя дзятлаўчане звяртаюцца ў цэнтр з просьбай набыць для іх харчовыя прадукты і рэчы першай неабходнасці. У такім выпадку сацыяльныя работнікі або валанцёры спачатку прыходзяць па грошы і спіс пакупак. У заказчыка абавязкова

цікавяцца наконт асаблівых пажаданняў: дзе менавіта ён любіць набываць прадукты, якой тлустасці малако і іншае. Пры пакупцы арыентуемся менавіта на пажаданні і тую суму, якую атрымалі ад пенсіянера.

Наогул, я заўсёды заклікаю сваіх работнікаў працаваць рацыянальна. Напрыклад, калі развозім інвалідам сродкі рэабілітацыі, то пакідаем тэматычныя памяткі з рэкамендацыямі для пажылых людзей і тэлефонамі гарачай лініі ў сельскіх магазінах, раздаём іх прахожым, цікавімся ў людзей, каму яшчэ ў гэтым населеным пункце неабходна дапамога. Такім чынам нярэдка даведваемся аб адзінокіх людзях, нават ставім некаторых з іх на сацыяльнае абслугоўванне.

Усе нашы работнікі забяспечаны сродкамі абароны і прытрымліваюцца рабочых інструкцый. Працоўны дзень у Цэнтры пачынаецца з маніторынгу стану здароўя кожнага супрацоўніка: вымяраем тэмпературу, запісваем вынікі ў спецыяльны журнал уліку. Адпаведныя журналы заведзены для запісаў заказаў і пажаданняў, якія паступаюць ад пажылых жыхароў раёна.

Карэспандэнтка газеты выбрала некалькі запісаў аб выкананых заказах і патэлефанавала людзям, каб пацікавіцца, ці задаволены такой паслугай.

Валерый Жукоўскі з вёскі Літаварцы:

– Нумар гарачай лініі даведаўся з артыкула, размешчанага ў “раёнцы”. У мяне праблемы са зрокам, атрымліваю бясплатныя лекі. Па іх перыядычна даводзіцца ехаць аўтобусам у райцэнтр. Дабірацца ў Дзятлава складана, а яшчэ трэба адстаяць чаргу ў паліклініцы і аптэцы. На гэты раз вырашыў звярнуцца па дапамогу. Патэлефанаваў у нядзелю, а ў панядзелак сын забраў лекі ў дварэцкага медработніка і прывёз мне ў Літаварцы. Я ўдзячны сацыяльнай службе за аператыўную дапамогу.

Ядзвіга Андрукевіч з горада Дзятлава:

– Аб магчымасці звяртацца па дапамогу даведалася з інфармацыйнай лістоўкі, якую паклалі ў маю паштовую скрыню. Патэлефанаваць на нумар гарачай лініі вырашыла, калі спатрэбіліся лекі, якія атрымліваю бясплатна па рэцэпце. Дачку тады не адпусцілі з работы, муж – інвалід, а я напярэдадні атрымала траўму і не магла дайсці да паліклінікі, ды і мая медыцынская карта знаходзілася дома. Вельмі ўдзячна сацыяльным работнікам, якія літаральна праз пару гадзін вырашылі ўсе праблемы.

Валянціна Козел з вёскі Івязь:

– Мой муж на інваліднасці, я таксама амаль нікуды не хаджу. Найчасцей нам дапамагае сын, які жыве ў Круцілавічах. Праўда, дабірацца адтуль нязручна. Сын бывае раз на тыдзень, прыносіць ваду і дровы. У астатні час на нашы просьбы аб дапамозе адгукваецца сацыяльная работніца Святлана Шыбаева, якая абслугоўвае мясцовых бабуляў. Нам таксама рэцэпты выпісвае, калі бывае ў амбулаторыі ў Раготне, і неабходныя пакупкі прывозіць. Дзякуй ёй за гэта вялікі і здароўя моцнага.

Данута Рудзік з вёскі Івязь:

– У нас з мужам дзеці бываюць не часта, бо жывуць у Гродне, Мінску, Бераставіцы. Цяпер асцерагаюцца ехаць, каб не рызыкаваць нашым здароўем. Аднак заўсёды цікавіцца, чым дапамагчы, сацыяльная работніца Святлана Шыбаева, за што ёй вельмі ўдзячны. Яна выпісвае неабходныя лекі, калі просім што-небудзь набыць у Дзятлаве – таксама не адмаўляе. Дай ёй Бог здароўя.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлены ЦСАН Дзятлаўскага раёна