Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Мікалай Якаўлевіч Гулецкі і яго бальніца

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Доктар Мікалай Якаўлевіч Гулецкі – наш зямляк з Наваельні, урач, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў Дзятлаўскую грамадзянскую бальніцу, што размяшчалася ў палацы Радзівілаў.

Гэты хударлявы сімпатычны малады чалавек у свой час бліскуча скончыў гімназію і атрымаў накіраванне вучыцца на ўрача за кошт дзяржавы. У 1937 годзе ён скончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя. Стаўшы ўрачом, хутка набыў рэпутацыю самага сумленнага і граматнага спецыяліста ў тутэйшых месцах, працаваў з захапленнем, быў урачом-універсалам. У бальніцы працавала і яго жонка, Тамара Лявонцьеўна, вельмі сімпатычная, дзелавая, спакойная жанчына.

Аднойчы, яшчэ на пачатку вайны, у бальніцы з’явіліся нямецкія афіцэры з аўтаматчыкамі і сталі аглядаць хворых. Прайшло на першы раз удачна, хоць тут былі схаваны і параненыя чырвонаармейцы. Агнястрэльныя раны маскіравалі пад язвы, імітавалі скурныя захворванні, хавалі абмундзіраванне. Праз паўтара месяца ў бальніцу зазірнуў адзін з фашыстаў і быў вельмі здзіўлены: чысціня, парадак, на тумбачках ежа. Але медперсанал невялікі. Ён здзівіўся. Злавіў у калідоры ўрача Гулецкага:

– Дзе астатнія?

– Памерлі.

Немец паверыў. На самой справе, усе, хто ішоў на папраўку і мог падняцца, сыходзілі ў глухія хутары Ліпічанскай пушчы.

У двары мясцовай царквы паставілі катлы. Жанчыны днём хадзілі па вёсках, збіралі прадукты, а ўвечары варылі, потым разносілі па палатах і кармілі параненых. Мясцовы святар Іван Мікалаевіч Комар адшукаў урача Вінніка і нават дазволіў яму жыць у царкве.

Па словах відавочцы П. І. Якушавай: “Гэтая грамадзянская бальніца была вельмі бедная, нікім не забяспечвалася. Урачы на чале з Мікалаем Гулецкім праяўлялі выключную знаходлівасць, ратуючы простых людзей. Гулецкі, будучы ў складзе камісіі па адборы рабочай сілы ў Германію, выратаваў вельмі многіх, бракуючы іх. Акрамя таго, у бальніцы нярэдка лячыліся і хаваліся людзі з агнястрэльнымі ранамі”.

Праскоўя Іванаўна Якушава-Селіванава трапіла ў Дзятлаўскую бальніцу выпадкова. Яна з двума сынамі ратавалася ў пачатку вайны ад наступлення фашыстаў, прабіралася з прыгранічнага з Польшчай Замбрува да лініі фронту, апынулася ў Навагрудку па накіраванні прафесара Анішчыка з Мінска ў распараджэнне аблздраўаддзела, бо па прафесіі была акушэркай. У Навагрудку знаходзілася бюро па наборы рабочай сілы, яго арганізавалі немцы. Там сабралася шмат жадаючых працаваць, бо за нешта трэба было жыць. Жанчыне пашанцавала: у бюро прыехаў урач Мікалай Гулецкі, які набіраў персанал для Дзятлаўскай бальніцы. Сярод многіх беспрацоўных ён адабраў Якушаву і даў запіску ў Дзятлаўскую бальніцу. У той жа дзень жанчына дабралася да Дзятлава, пасялілася ў бараку каля млына (млын да вайны стаяў недалёка ад палаца, на беразе сённяшняга возера). У бараку жылі многія бежанцы.

Праз некалькі месяцаў жанчына паехала па дзяцей, якіх давялося пакінуць пад Койданавам (цяпер Дзяржынск), пропуск ёй дапамог здабыць таксама Гулецкі. Пакуль была на працы, дзяцей пакідала адных, прыносіла толькі нешта паесці. Праскоўя Іванаўна ўспамінае: “У 1942 годзе ў бальніцу пачалі прывозіць параненых сялян з вёсак, асабліва з лясных. Яны расказвалі страшэнныя факты пра расстрэлы, якія праводзілі немцы і паліцаі. Напрыклад, адзін мужчына з лясной вёскі, у якога ўсё цела было паранена асколкамі, хаваўся з сям’ёй у яме. Немцы і паліцаі пачалі кідаць у яму гранаты, а ён лавіў іх на ляту і выкідаў назад. Такіх выпадкаў было шмат”.

Мікалай Гулецкі рабіў аперацыі параненым, ратаваў ад смерці. У медперсанала бальніцы неўзабаве была наладжана сувязь з партызанамі. А адбылося гэта так: аднойчы Якушава пайшла на выклік да хворай у вёску, дзе выпадкова сустрэлася з начальнікам штаба партызанскага атрада “Барацьба” Сяргеем Флягам. Пасля гэтай сустрэчы яна стала сувязной атрада. Сувязь была наладжана прыкладна ў студзені 1943 года. Падтрымлівалася праз хлопца-падлетка, які час ад часу з’яўляўся ў Якушавай. Было яму, па словах Праскоўі Іванаўны, гадоў 12-14, прыносіў запіскі з даручэннямі, а яна перадавала праз яго медыкаменты, аператыўныя звесткі. У бальніцы працавала таксама ўрач Лешчанка, якая ездзіла нават у Мінск, каб выменяць медыкаменты на прадукты. Успаміны Якушавай-Селуянавай пацвярджаюць тое, што сувязь з партызанамі падтрымлівалі многія мясцовыя медыкі (называюцца прозвішчы ўрача Гнілавай, урача-прыватніка Лідзіі Іванаўны Юдзеніч).

Якушава ўспамінае: “Немцы і паліцаі часта правяралі бальніцу. Яна была платная: 15 марак за суткі ў тэрапіі і 25 марак – у хірургіі (адна акупацыйная марка была роўная 10 савецкім рублям, якія таксама хадзілі пры немцах). Медыкаменты, якія адпраўляліся ў лес, набываліся рознымі спосабамі: эканомілі на багатых пацыентах, прыхоўвалі, куплялі на “чорным” рынку. Так, у верасні 1943 года Якушава ездзіла па медыкаменты ў Баранавічы. Медыкаменты прадаваў адзін дзядзька, але толькі за сала. У яго набыла за кавалак сала стрэптацыд і прантазін, а ў другога дзядзькі за грошы набыла паперу. Усё гэта перадала з хлопцам-сувязным у атрад”.

Гулецкі працаваў днём і ноччу: і за ўрача, і за медсястру, і за санітара. Праскоўя Іванаўна прыводзіць таксама факты, калі Гулецкі ратаваў людзей з лагера ваеннапалонных. Так ім былі выратаваны ўрачы Гнілава і Станкевіч. Яны адразу ж былі перапраўлены ў лес да партызан. Быў і выпадак грабяжу бальніцы, які наладзілі тыя ж урачы Гнілава і Станкевіч, пастараліся пры гэтым адвесці падазрэнні ад персаналу. Медыкаментаў не хапала, на той момант гэта акцыя стала выйсцем для партызанскага шпіталя.

Дзякуючы Мікалаю Гулецкаму былі вызвалены з канцлагера таксама сотні дзяцей, якія накіроўваліся для ўзяцця крыві, дзясяткі маладых людзей, якія павінны былі ехаць у Нямеччыну. Яны і не ведалі свайго выратавальніка, так як уся дакументацыя праходзіла праз нямецкія ўлады. Ён толькі бракаваў, а падпісваў нямецкі чыноўнік.

За сваю працоўную дзейнасць урач Мікалай Гулецкі правёў больш за 200 000 хірургічных аперацый, а ў 1948 годзе першы ў Гродзенскай вобласці правёў аперацыю на лёгкіх і выратаваў больш за 4000 чалавек, працуючы ўрачом Новаяльнянскага тубсанаторыя.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: