Адзіны дзень інфармавання. Беларусь – ад вызвалення да незалежнасці

Важнае Улада

20 чэрвеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

У Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэцы выступіла інфармацыйная група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, абласная на чале з галоўным рэдактарам рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда” Таццянай Сяргеевай – у Казлоўшчынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага – у Дварэцкай сярэдняй школе. Працавалі таксама групы намеснікаў старшыні райвыканкама.

Актуальнай напярэдадні 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ходзе наступальнай аперацыі “Баграціён” была тэма “Беларусь – ад вызвалення да незалежнасці”. Вайна прынесла нашаму народу каласальныя ахвяры. Нечаканы ўдар Савецкаму Саюзу быў нанесены 22 чэрвеня 1941 года. Першай на шляху гітлераўцаў пралягла Беларусь, дзе яны сустрэлі небывалае раней супраціўленне, у выніку якога быў сарваны германскі план “маланкавай вайны”. На тэрыторыі нашай рэспублікі акупацыя доўжылася больш за тры гады. Беларусы праявілі адвагу і мужнасць, арганізаваўшы ўсенародны рух супраціўлення, партызаны і падпольшчыкі знішчалі акупантаў, іх зброю, тэхніку, пускалі пад адхон тысячы эшалонаў. У Беларусі налічвалася больш за 20 буйных партызанскіх зонаў. Аднак доўгачаканае вызваленне ад акупантаў пачалося толькі ў 1944-м. Стратэгічная наступальная аперацыя “Баграціён” праходзіла з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года, яна стала ўзорам палкаводчага майстэрства і скончылася перамогай Савецкага Саюза.

Вялікая Айчынная вайна навучыла нас шанаваць мір і незалежнасць, але суверэнітэт мала заваяваць на полі бою. Перыяд станаўлення Беларусі як самастойнай дзяржавы стаў чарговым суровым выпрабаваннем для беларускага народа, які сумеў адбудаваць з руінаў свае гарады, развіць народную гаспадарку.

Мінула восем дзесяцігоддзяў, тры з якіх Беларусь з’яўляецца незалежнай краінай. За гэты час у нашай рэспубліцы склалася ўласная мадэль дзяржавы з моцнай сацыяльнай палітыкай і сацыяльна арыентаванай эканомікай. Памяць аб бязмернай мужнасці і гераізме савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны мы беражом як важную зброю ў эпоху перапісвання гісторыі. Забыццё трагічных старонак – небяспечная тэндэнцыя, якая ўжо прывяла многіх да страшных наступстваў. Таму ў абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прапісана: “Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Штогод на месцах вайсковай славы праходзяць акцыі, мітынгі, мерапрыемствы як знак глыбокай павагі да абаронцаў, якія аддалі свае жыцці за нашу свабоду і незалежнасць.

 

У рамках Адзінага дня інфармавання выступілі і дэлегаты, удзельнікі Усебеларускага народнага сходу. Таксама былі разгледжаны такія тэмы, як супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў, адказнасць за ўжыванне і незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў; вытворчы траўматызм: п’янства на працоўным месцы – асноўны фактар ​​рызыкі; адпачынак на прыродзе, бяспека на вадзе, у час уборачнай кампаніі, акцыя “Канікулы без дыму і агню”. Спецыялісты адказных службаў нагадалі ўдзельнікам сустрэч, якіх правілаў прытрымлівацца, на што звяртаць увагу, аб чым пагутарыць з дзецьмі, каб працоўныя будні, быт і адпачынак былі бяспечнымі і спакойнымі.

На сацыяльна-эканамічным развіцці за пяць месяцаў 2024 года спыніўся кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі. Расказаў, што на Дзятлаўшчыне адсочваецца станоўчая дынаміка, паспяхова працуюць прадпрыемствы, паляпшае надоі малака жывёлагадоўля. Свабодныя бюджэтныя сродкі накіроўваюцца на рамонт жылога фонду, дарог, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы бюджэтных арганізацый.

Ірына СТЫРНІК

Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: