Вельмі хутка бяжыць час, пакідаючы пасля сябе засечкі на целе матухны-зямлі.
І гэтыя засечкі нагадваюць аб тым, што было калісьці. А калісьці была вайна. Людзі не жылі, а выжывалі. Не выжылі б яны, не выжылі б і мы.
Жыццёвы шлях выдатнага чалавека, настаўніка з вялікай літары Баляслава Юр’евіча Угрына, былога настаўніка нямецкай мовы Раготнаўскай сярэдняй школы, – гэта невялікая старонка гісторыі, жыцця, подзвігу і чалавечнасці. Усё сваё сумленнае жыццё Баляслаў Юр’евіч быў сапраўдным грамадзянінам сваёй дзяржавы. Васямнаццацігадовым юнаком прымаў актыўны ўдзел у партызанскім руху, змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, набліжаў дзень доўгачаканай Перамогі. А ў мірны час – змагаўся на ніве адукацыі. За свае заслугі перад Айчынай узнагароджаны ордэнам і медалямі СССР.
Баляслаў Юр’евіч Угрын нарадзіўся 17 верасня 1924 года ў вёсцы Нарбутавічы Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і. У часы польскай улады закончыў сямігадовую школу. У першыя гады вайны працаваў у гаспадарцы бацькі, а затым змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у партызанскім атрадзе асабовага прызначэння “Наватары”.
Пасля вызвалення Беларусі быў накіраваны для праходжання далейшай службы ў органы народнай міліцыі. У 1945 годзе дэмабілізаваўся і паступіў у Гродзенскі педагагічны інстытут на факультэт нямецкай мовы. Пасля яго заканчэння працаваў настаўнікам нямецкай мовы Тэлеханскай сярэдняй школы Брэсцкай вобласці. Там Баляслаў Юр’евіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Людмілай Іванаўнай Мушкаровай. Выгадавалі сына Сяргея.
У 1964 годзе сям’я Угрын пераехала ў вёску Раготна Дзятлаўскага раёна. Баляслаў Юр’евіч і Людміла Іванаўна ўладкаваліся ў мясцовую школу і адпрацавалі тут да выхаду на пенсію.
Баляслаў Юр’евіч Угрын мае шэраг значных узнагарод: медаль “За баявыя заслугі”, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, юбілейныя медалі.
Баляслаў Юр’евіч і Людміла Іванаўна Угрыны пахаваны на мясцовых могілках. Вялікі дзякуй лёсу, што падарыў мне, вучню, а цяпер і настаўніку Раготнаўскай школы, гэтых цудоўных людзей. Толькі цяпер разумееш, якія
людзі побач былі з табою. Як хочацца вярнуцца ў мінулае, сесці побач і яшчэ раз паслухаць іх успаміны, пабыць на іх уроках.
Яўген ЮШКЕВІЧ,
настаўнік Раготнаўскага дзіцячага сада-базавай школы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup