Жыллёва-камунальная гаспадарка раёна: людзі і справы

Галоўнае Грамадства

На сёння РУП ЖКГ налічвае каля 300 працаўнікоў.

Яны заняты на самых розных працоўных участках: падаюць у кватэры ваду і цяпло, клапоцяцца пра чысціню і парадак у горадзе і пасёлках, вырошчваюць і даглядаюць кветкі, рамантуюць і добраўпарадкоўваюць прыдамавыя тэрыторыі… Прасцей кажучы, дбаюць пра камфорт, чысціню, утульнасць. Немагчыма расказаць пра ўсіх. Але з некаторымі пазнаёмім. І найперш назавём тых, хто сёлета з нагоды прафесійнага свята ўшанаваны за старанную працу.

Граматамі і падзячнымі пісьмамі абласнога ўзроўню адзначаны лабарант Валянціна Яфімчык, аператары кацельні Юрый Сіўко і Алег Анушкевіч. На раённым узроўні  ўганараваны граматамі і падзячнымі пісьмамі старшыні райвыканкама і старшыні раённага Савета дэпутатаў бухгалтар Вольга Мудрая, аператар ачысных збудаванняў Пётр Цярэшка, машыніст кацельні Сяргей Юргель, слесар Васіль Гранкоўскі, электраманцёр Віталь Вайтукевіч, слесар Аляксандр Ерамейчык.

Граматамі Дзятлаўскага РУП ЖКГ з нагоды свята адзначана вялікая група працаўнікоў, а на Дошку гонару прадпрыемства занесены імёны Анатоля Дораша, Алены Сударыкавай, Алы Лапатэй, Кіры Жукавай, Андрэя Анішчыка, Анатоля Шундрыка.

Клопаты і планы Віктара Цярэшкі

Праз год у Віктара Цярэшкі, які ўзначальвае Казлоўшчынскі жыллёвы рамонтна-эксплуатацыйны ўчастак, будзе своеасаблівы юбілей: споўніцца 30 гадоў, як працуе ён у жыллёва-камунальнай службе.

Цяпер у яго падпарадкаванні 36 чалавек. Калектыў амаль увесь мужчынскі. Толькі дзве жанчыны заняты на ўчастку: лабарантам хімводападрыхтоўкі працуе Тамара Ярош і касірам-лазеншчыкам – Святлана Кузьміч. Пра жанчын свайго ўчастка Віктар Цярэшка кажа нешматслоўна, але важка: працуюць выдатна! Не можа прыгадаць такога выпадку, каб працай Святланы Мікалаеўны і Тамары Уладзіміраўны быў незадаволены. Старанныя працаўніцы.

Такой жа ацэнкі заслугоўваюць і калегі-мужчыны. Адказныя, высокакваліфікаваныя, гатовыя прыбыць на ліквідацыю аварыйнай сітуацыі хутка і без лішніх словаў – гэта пра Юрыя Плюсніна, Аляксандра Ерамейчыка, Івана Антончыка, Алега Панасенкава, Андрэя Юшкевіча. Ды і пра ўсіх тых, хто з дня ў дзень выконвае свае абавязкі па належным утрыманні многіх кіламетраў цеплавых сетак, дарог, па надзейным забеспячэнні працы кацельняў, а іх, дарэчы, на Казлоўшчынскім участку шэсць.

Віктар Цярэшка прызнаецца, што калі тэлефон не звоніць хвілін пяць, то гэта ўжо нязвыкла. За дзень, ды і вечарам, а часам і ноччу даводзіцца разам з калегамі вырашаць узніклыя праблемы. Камунальная гаспадарка штодня патрабуе пільнай увагі.

Сёлета і на наступны год клопатаў у начальніка ўчастка прыбавіцца, паколькі гарпасёлак Казлоўшчына ўключаны ў рэспубліканскую праграму добраўпарадкавання. Цяпер рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на добраўпарадкаванне вуліцы Савецкай, завулка Школьнага, часткі вуліцы Азёрнай, таксама вуліц Леніна і Чырвонаармейскай.

Як зазначыў Віктар Віктаравіч, аб’ёмы добраўпарадкавання не палохаюць, а наадварот – ім рады, задаволены, што будзе праца,  заробак і, галоўнае, гарадскі пасёлак Казлоўшчына стане прыгажэйшы і больш уладкаваны.

Прыгажосць – жаночымі рукамі

У працоўных кніжках Іны Стракоўскай і Таццяны Лазоўскай пазначана прафесія – кветкавод. Іх працоўнае месца цяпер — цяпліца, а з прыходам цяпла – увесь горад.

Заняты дзяўчаты літаральна са студзеня падрыхтоўкай сумесяў, сяўбой, пікіроўкай, доглядам расады, чаранкаваннем, а затым прыспее час высадкі на клумбы і догляд. Праўда, у гэтым клопаце дапамагаюць часовыя працаўнікі, якіх на вяснова-летні перыяд пераводзяць з іншых аб’ектаў работ.

– Летась у цяпліцы жылкамунгаса вырашчаны 27 тысяч раслін. У гэтым плануем каля 30 тысяч, – расказала тэхнік па азеляненні РУП ЖКХ Алена Мастыка. – Самыя запатрабаваныя – петуніі, лабэліі, ільвіны зеў, гацаніі, бегоніі, пеларгоніі, дэкаратыўная капуста, тагетысы…

Пра кветкі і расліны Алена Мастыка ведае літаральна ўсё: што любяць, як сябе паводзяць, чым хварэюць.

Спачатку дзяўчына закончыла Полацкі дзяржаўны лясны тэхнікум, затым Брэсцкі ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці “Біялогія і экалогія”. Яна з Гомельшчыны, але, адпрацаваўшы ў Дзятлаве належны тэрмін, засталася, як кажуць, прыжылася. Здаецца, замацавалася на Гродзеншчыне, бо яе “другая палавінка” адсюль. Пасля размеркавання мінулі ўжо сем гадоў.

Па водгуках кіраўніцтва, працай маладога спецыяліста і яе падначаленых задаволены.  Дзякуючы намаганням Алены Мастыка і  яе калектыву на плошчы і вуліцах горада шмат прыгожых, яркіх кветак, кустоў, цікавых кампазіцый. А пасля азелянення горада рэшта  раслін рэалізуецца яшчэ і заказчыкам, бяруць іх для ўпрыгожвання іншыя ўчасткі жылкамунгаса.

Мары збываюцца

Аліна Казачок з дзяцінства марыла стаць будаўніком. Адкуль у вясковай дзяўчыны з Лельчыцкага раёна, што на Гомельшчыне, такая мара, сама не разумее. Тым больш, што ў вялікай шматдзетнай сям’і будаўнікоў не было. Але хацела стаць інжынерам-будаўніком і стала. Аліна закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту ў Гомелі, факультэт прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва. Прыехала па размеркаванні ў Дзятлава працаваць у мясцовым жылкамунгасе. І вось ужо амаль два гады Аліна Казачок – інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела РУП ЖКГ. У абавязкі гэтай прыемнай, мініяцюрнай, усмешлівай дзяўчыны ўваходзіць распрацоўка тэхнічных умоваў для праектавання аб’ектаў, кантроль за выкананнем праектна-каштарыснай дакументацыі.

Цікавімся ў маладога спецыяліста ўмовамі працы, як сустрэлі ў калектыве, якім быў мінулы год, над якімі праектамі працуе цяпер.

Аліна на ўмовы працы і жыллё не наракае: яе забяспечылі службовым памяшканне з усімі выгодамі, калектыў добры. А вось мінулы год быў напружаны, паколькі адсутнічала фінансаванне па капітальным рамонце жыллёвага фонду. Сёлета перспектывы больш абнадзейваючыя: распрацоўваюцца пяць праектаў па добраўпарадкаванні гарпасёлка Казлоўшчына, якому пашанцавала трапіць у рэспубліканскую праграму; таксама на стадыі распрацоўкі праекты па капітальным рамонце жылля па вуліцах Перамогі, 22 і 26 у Дзятлаве, Чырвонаармейскай, 39 А ў Наваельні; мяркуецца добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі мікрараёна вуліцы Перамогі ў райцэнтры. Планаў і працы шмат, і Аліна спадзяецца, што выканаць атрымаецца.

Варта зазначыць, што нягледзячы на складанасці мінулага года, жылкамунгасу ўдалося зрабіць многае. Так, летась добраўпарадкавана дваровая тэрыторыя па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве. Капітальна адрамантаваны перададзены на баланс РУП ЖКГ інтэрнат, які належаў МПМК-147, па вуліцы Савецкай, 5. Каля 40 чалавек атрымалі там пакоі. Яшчэ адзін інтэрнат, што па вуліцы 50 гадоў ЛКСМБ, перададзены жылкамунгасу. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя, і там будзе камерцыйнае жыллё. Нарэшце вызначаны лёс гасцініцы “Ліпічанка”: пасля рамонту размесцяцца там камерцыйныя ларкі. Ёсць спадзяванні, што будзе закончана добраўпарадкаванне вуліцы Фогеля. На гэта ў 2019 годзе было выдзелена 300 тысяч рублёў. Такія ж сродкі патрабуюцца сёлета. Таксама ў  планах на 2020 год – рамонт моста па вуліцы Камсамольскай у Дзятлаве.

Летась прадпрыемства змагло набыць пяць адзінак тэхнікі, правесці рэканструкцыю некалькіх кацельняў, здаць у эксплуатацыю станцыі абезжалезвання ў Жукоўшчыне і Хвінявічах, на чарзе – у Раготне паводле рэспубліканскай праграмы па забеспячэнні насельніцтва якаснай пітной вадой.

Дыспетчарская служба 115

Пра яе працу пагутарылі з дыспетчарам па транспарце Ірынай Гульнік. Яна расказала, што памяшканне, абсталяванае чатырма камп’ютарамі і чатырма тэлефонамі, жартоўна называюць “галаўным мозгам прадпрыемства”. І такая назва сябе, па-шчырасці, апраўдвае: сюды паступаюць усе заяўкі на тыя ці іншыя работы, вядзецца іх улік і кантроль за выкананнем. Служба 115 кругласутачная: у выхадныя дні дзяжураць прадстаўнікі інжынерна-тэхнічнай  службы і аварыйная брыгада.

Дыспетчарам Ірына Леанідаўна працуе дзесяць гадоў. Яе добра ведаюць у горадзе, і яна ведае запыты і патрэбы спажыўцоў. У спакойныя дні паступаюць  10-15 заявак, а на пачатку ці па завяршэнні ацяпляльнага сезона – да 30 штодзень.

Дапамагае дыспетчару, а яна на прадпрыемстве адзіны такога кшталту працаўнік, спраўляцца з патокам тэлефанаванняў калега па кабінеце кладаўшчык Таццяна Ступчык. Жанчыны ладзяць і дапамагаюць адна адной.

Ірына Гульнік шматдзетная матуля: самы меншы яе сынок наведвае яшчэ садок, а дзве дачкі – студэнткі, будучыя юрыст і медык. Сямейнай дынастыі пакуль не атрымалася, але абавязкі Ірыны Леанідаўны вельмі разумее яе муж, бо сам працяглы час працаваў у жылкамунгасе.

На пытанне пра пажаданні з нагоды прафесійнага свята Ірына Гульнік адказала коратка: калегам – цярпення і  здароўя, а  кліентам – каб з разуменнем ставіліся да працы камунальнікаў.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ