Як дзятлаўчане ацэньваюць работу камунальнай службы

Важнае Грамадства

Жыхары нашага горада адказалі на пытанні: ці даводзілася ім звяртацца ў Дзятлаўскае РУП ЖКГ; як яны ацэньваюць аператыўнасць і якасць паслуг, якія выконвалі; якія ёсць пажаданні па паляпшэнні работ і паслуг; за што камунальнікам можна сказаць “дзякуй”?

Таццяна Зелянкевіч:

– Звяртацца да камунальнікаў мне не даводзілася. Але хачу адзначыць работу жанчын з Дзятлаўскага РУП ЖКГ, якія працуюць на азеляненні нашага горада. Клумбы заўсёды прыгожыя, яркія, з кожным годам на іх з’яўляюцца новыя віды кветак. Усё лета работніцы даглядаюць іх, паліваюць. За гэта варта сказаць ім вялікі дзякуй.

Вольга Васько:

– Я жыву насупраць гарадскога парку. У мінулым годзе тут з’явіліся скульптуры са штучнай травы: гном, чарапаха, кот і сабака. Прыемна, што каля іх вельмі часта бацькі фатаграфуюцьсваіх дзяцей. Дзякуй за гэту цудоўную ідэюдырэктару Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргею Луню і ўсім тым, хто працаваў над “вырошчваннем” і ўсталяваннем гэтых скульптур.

Яшчэ ў гэтым годзе ў нас на цэнтральнай плошчы была вельмі прыгожая ёлка і плошча была незвычайна казачна прыбрана да навагодніх святаў. У гэтым вялікая заслуга і нашых камунальнікаў.

Яўген Каско:

– Жыву ў прыватным сектары ў Дзятлаве. Мне падабаецца ў рабоце жыллёва-камунальнай гаспадаркі тое, што яны заўсёды прытрымліваюцца графіка вывазу смецця, нават калі гэты дзень прыпадае на святочны. Аднойчы мне давялося звяртацца ў РУП ЖКГ. Каля майго дома перагарэў ліхтар. Камунальнікі прыехалі ў той самы дзень і памянялі на слупе лямпачку.

Генадзь Іваноў:

– Горад наш чысты і ўтульны. Вялікі дзякуй дворнікам, якія прыбіраюць цэнтральныя вуліцы Дзятлава. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да жыхароў горада: не кідайце смецце, асабліва каля бакаў па зборы паперы, пластыку, шкла. Вецер і жывёліны расцягваюць смецце, і вельмі непрывабны малюнак атрымліваецца. Як кажуць, чыста там, дзе не смецяць. Таму заклікаю ўсіх паважаць працу іншых і падтрымліваць чысціню на вуліцах і ў сваіх дварах.

Таццяна ГРЫЦУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup