Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у рамках рэспубліканскай акцыі “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь” ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі свой галоўны дакумент 11 юных жыхароў Дзятлаўшчыны, якім споўнілася 14 гадоў.
Мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Падтрымаць і павіншаваць маладых грамадзян нашага раёна ў гэты дзень прыйшлі старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка, намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Ігар Хітро, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар.
– Вы атрымліваеце свой галоўны дакумент напярэдані Дня Канстытуцыі ва ўрачыстай абстаноўцы, – звярнуўся да маладых людзей Аляксандр Бараноўскі. – Гэта ганарова, але і да многага абавязвае. Чакаем ад вас добрай вучобы і правільнага выбару прафесіі, спадзяёмся, што станеце адукаванымі і запатрабаванымі спецыялістамі. Захапляйцеся спортам, знайдзіце для сябе іншыя карысныя заняткі. Жадаю вам шчасця ў нашай Беларусі, спадзяюся, што многія з вас вернуцца на Дзятлаўшчыну.
Вядучыя свята запрасілі прысутных ажыццявіць экскурс у гісторыю, расказалі, як быў прыняты галоўны дакумент нашай краіны, якія асноўныя правы і свабоды Канстытуцыя гарантуе грамадзянам Беларусі. А таксама нагадалі, што сёлетні 2020 год адметны юбілейнымі датамі: мы святкуем 75-годдзе Вялікай Перамогі і 80-годдзе ўтварэння Дзятлаўскага раёна.
Пашпарты, вокладкі на іх і падарачныя выданні “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” маладым дзятлаўчанам уручылі Аляксандр Бараноўскі, Кацярына Хілімончык, Міхаіл Губар.
Ад імя равеснікаў за віншаванні і падарункі падзякавала навучэнка гімназіі №1 горада Дзятлава Паліна Загдай і паабяцала, што маладое пакаленне стараннай вучобай і добрымі справамі будзе апраўдваць ганаровае званне грамадзян сваёй краіны.
Ганарыцца тым, што з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, праслаўляць сваю краіну, рабіць яе больш прыгожай і шчаслівай навучэнцаў заклікала моладзевы лідар раёна Кацярына Хілімончык.
Песенны падарунак для прысутных прагучаў ад Вікторыі Кончык. Цудоўным дапаўненнем да ўрачыстасці стала экскурсія па Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Цікава было даведацца, што ў гэты дзень адчувалі нашы маладыя землякі, якія атрымалі пашпарты.
Яўгенія Грыцук (Новаяльнянская сярэдняя школа):
– У мяне святочны настрой: першы крок у дарослае жыццё зроблены. Надалей планую паспяхова скончыць школу і стаць юрыстам. Годны грамадзянін у маім разуменні – той, хто дасягнуў чагосьці значнага, праславіў сваю краіну. Я праслаўляю родную Беларусь паспяховай вучобай. Летась заняла першае месца ў раёне ў алімпіядзе па гісторыі, паўдзельнічала ў навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, адкуль вярнулася з дыпломам трэцяй ступені. Жадаю моладзі Дзятлаўшчыны поспехаў і ўсяго найлепшага.
Мацвей Маскаль (гімназія № 1 горада Дзятлава):
– Урачыстасць мне спадабалася, было прыемна ў ёй паўдзельнічаць. Калі заглядваю ў дарослае жыццё, бачу сябе стаматолагам: набыць менавіта гэту прафесію мару з дзяцінства. Мяркую, што любы годны грамадзянін павінен любіць сваю Айчыну, абараняць яе і праслаўляць. Я імкнуся праславіць Дзятлаўшчыну спартыўнымі дасягненнямі: з’яўляюся ўдзельнікам хакейнай каманды раёна, якая нядаўна вярнулася з абласных спаборніцтваў “Залатая шайба” з “сярэбранай” перамогай. Маладым дзятлаўчанам жадаю быць дружнымі, дапамагаць адзін аднаму.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup