Наталля Клюкач: “Навучылася ўсё паспяваць”

Галоўнае Грамадства

З матуляй пяці дзетак, якая працуе аператарам машыннага даення КСУП “Хвінявічы”, Наталляй Клюкач мы пазнаёміліся ў лютым гэтага года ў Дзятлаве на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ордэнам Маці.

Наталля Віктараўна была ўдастоена гэтай пачэснай дзяржаўнай узнагароды паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2020 года № 14 “Аб узнагароджанні ордэнам Маці”.

Тады жанчына адказала на некалькі пытанняў для “раёнкі” і паабяцала расказаць больш падрабязна аб сваёй сям’і і дзецях пры наступнай сустрэчы.

Ясным сакавіцкім днём накіроўваюся ў аграгарадок Хвінявічы, дзе жыве сям’я Клюкач. Іх дом знаходзіцца сярод такіх жа тыпавых аднапавярховак, пабудаваных мясцовай гаспадаркай для сваіх працаўнікоў. Гаспадыня сустракае на парозе, запрашае ва ўтульны пакой. Нягледзячы на тое, што малодшы сынок Мацвей, з якім Наталля Віктараўна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, вялікі непаседа, дома – чысціня і парадак, відаць, што не так даўно клапатлівымі рукамі гаспадароў тут быў зроблены сучасны рамонт. І мэбля, і шпалеры, і ламінат падабраны з густам.

Цікаўлюся ў шматдзетнай маці, як удаецца ўсё паспяваць.

– Даўно навучылася правільна планаваць свой час, – адказвае Наталля Віктараўна, – таму і паспяваю літаральна ўсё, што неабходна для вялікай сям’і. Калі муж дома, ён дапамагае з хатнімі справамі, але такое бывае рэдка, бо працуе трактарыстам-машыністам у гаспадарцы, літаральна кожны дзень ён на рабоце, а калі пачынаецца сезон, то не бачымся з раніцы да позняга вечара. Для мяне ж раніца звычайна пачынаецца з провадаў старэйшых дачок у школу, затым – уборка, далей – гатаванне ежы, пасля чаго з Мацвеем ходзім у магазін ці гуляем, а там ужо і дзяўчаты са школы вяртаюцца. Абед, урокі, гурткі, прыгатаванні да сну. Так пралятаюць дні. Хутка і лета – пачнуцца клопаты з агародам. Планую прывучаць Мацвея да дзіцячага садка, бо восенню – на работу. Перажываю, безумоўна, ці ўдасца тады ўсё паспяваць, бо я – аператар машыннага даення. Графік дзень праз дзень. Але спадзяюся на дапамогу сваёй матулі Ганны Іванаўны Дуброўскай, на старэйшых дачок Вераніку і Кацю.

Паколькі мы з Наталляй Клюкач сустрэліся ў першай палове дня, яе галоўныя памочніцы яшчэ знаходзіліся на занятках у школе, але гэта не перашкодзіла даведацца пра характар кожнага з дзетак.

– Старэйшая Вераніка ходзіць у сёмы клас, – пачынае свой аповед шматдзетная маці, – яна спакойная, паслухмяная, вясёлая, любіць паразмаўляць, таму ў яе нямала сяброў. Калі прашу дапамагчы – дапамагае.

Шасцікласніца Каця – больш сур’ёзная дзяўчынка, захапляецца фізкультурай і спортам, ходзіць у футбольную секцыю, дома таксама дапамагае.

Аляксандра вучыцца ў чацвёртым класе. Яна – галоўная памочніца, бо любіць бавіць час са мной. Але не менш любіць гульні і сустрэчы з сябрамі.

Першакласніца Маша вельмі пяшчотная дзяўчынка. Гэта наша маленькая “чамучка”. Яна старанна ўзялася за вучобу, у школе ёй падабаецца, дома таксама часта просіць мяне што-небудзь патлумачыць, павучыць урокі разам.

Мацвей толькі збіраецца ў садок. Ен вельмі рухавы і актыўны, не любіць сядзець на месцы, а вось пакамандаваць сястрычкамі – у ахвоту.

Сваіх дзяцей імкнёмся выгадаваць годнымі людзьмі, як і многія бацькі, прытрымліваемся прынцыпу: “галоўнае, каб раслі здаровымі і выраслі чалавечнымі”.

Расказваючы пра дзяцей, матуля паказвае школьныя фотаальбомы дачок, з іх старонак глядзяць вясёлыя дзяўчынкі-прыгажуні. Цікаўлюся ў Наталлі Віктараўны, як яны пазнаёміліся з мужам Андрэем Мікалаевічам.

– Гісторыя нашага знаёмства самая звычайная, асаблівай рамантыкі ў ёй няма, – расказвае жанчына. – Сустрэліся на святкаванні Новага года ў знаёмых. Андрэй мне спадабаўся за надзейнасць, адчувалася, што ён можа ўзяць на сябе клопаты аб сям’і, бо ў мяне тады гадавалася старэйшая дачушка Вераніка, якой споўніўся гадок. Калі пажаніліся, гаспадарка выдзеліла нам асобны дом, прасторны, утульны. Вырашылі, што тут хопіць месца яшчэ аднаму дзіцяці. Неўпрыкмет адна за адной у нас нарадзіліся тры дзяўчынкі, а вось Мацвейка быў нечаканым, але прыемным сюрпрызам: пасля чатырох дачок, нарэшце, сынок.

Нашы дзеці робяць нас шчаслівымі, а мы імі ганарымся. Марым, каб кожны з іх вырас здаровы, атрымаў прафесію, знайшоў сямейнае шчасце.

Ёсць у Наталлі Клюкач і яшчэ адна запаветная мара: усёй сям’ёй адпачыць на беразе мора, аднак такая паездка пакуль не ўпісваецца ў сямейны бюджэт. Застаецца спадзявацца, што калі-небудзь сітуацыя зменіцца.

– Пакуль што, – жартуе шматдзетная матуля, – адпачываю і загараю летам на агародзе. Нямала часу праводжу на кухні. Муж і дзеці любяць дранікі, аладкі, смажаную бульбу, сырнікі. Гатаваць даводзіцца шмат, але раблю гэта з задавальненнем, бо заўсёды прыемна радаваць блізкіх смачнымі стравамі.

На развітанне задаю Наталлі Віктараўне галоўнае пытанне: ці лічыць яна сябе шчаслівай, і чую мудры адказ:

– Шчаслівымі жанчын робяць іх дзеці. Бог дае дзетак не кожнай, а мне падарыў пяць. І для мяне вялікая радасць гадаваць і любіць іх.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup