Пра тое, каб у дамах было цёпла і ў наяўнасці гарачая вада, клапоцяцца працаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнты пабылі ў некаторых кацельнях раёна, пацікавіліся іх працай, пазнаёміліся з людзьмі.
Кіра Жукава: работа мне падабаецца
Пасля заканчэння Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Кіра Жукава па размеркаванні трапіла ў Дзятлаўскі раён. Накіравалі яе ўзначальваць кацельню гарпасёлка Наваельня. Адпрацаваўшы належны тэрмін, дзяўчына падпісала кантракт яшчэ на тры гады.
Кіра расказала, што праца яе задавальняе, малады калектыў – таксама. У яе падпарадкаванні дзесяць чалавек. Паколькі яна чалавек камунікабельны і лёгкі на пад’ём, то хутка знайшла падыход і агульную мову з калегамі. Ахвотна прымае ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзяцца на прадпрыемстве.
Кіра родам з пасёлка Краснаполле, што на Магілёўшчыне. А наша Наваельня і Дзятлаўшчына ўвогуле ёй падабаюцца сваёй непаўторнай прыродай. Дзяўчына вырашыла тут застацца яшчэ і таму, што справы ў маладога спецыяліста ладзяцца, ёсць падтрымка, яе цэняць і паважаюць. Нездарма імя маладога кіраўніка сёлета занесена на Дошку гонару Дзятлаўскага РУП ЖКГ.
Аляксандр Гульнік: працаўнікам – здароўя і дабрабыту!
Аляксандр Аляксандравіч Гульнік працуе майстрам ацяпляльнай кацельні і цеплавых сетак горада Дзятлава.
2019 год для калектыву кацельні быў напружаны. Тут праводзілася рэканструкцыя: старыя катлы былі дэманціраваны і ўсталяваны новыя на мясцовых відах паліва – шчэпках.
Калектыў кацельні, як зазначыў майстар, надзейны, у многіх працаўнікоў – вялікі стаж работы.
Да прыкладу, аператарам кацельні каля 20 гадоў працуе Ігар Марук. Яго працоўнае месца выглядае па-сучаснаму: вялікі экран, на якім бачна, як функцыянуе сістэма.
Увогуле, у падпарадкаванні Аляксандра Гульніка – 20 чалавек. Сярод лепшых працаўнікоў ён назваў слесара-газаўшчыка Канстанціна Сідорчыка, слесара-рамонтніка Міхаіла Шундрыка, аператара Вячаслава Ёдчыка.
З нагоды прафесійнага свята Аляксандр Аляксандравіч жадае працаўнікам моцнага здароўя, дабрабыту, спаўнення планаў і задумак.
Жанна Марачынская: люблю парадак і яго патрабую
Пра сябе Жанна Віктараўна Марачынская сказала, што яна – часлівая жанчына. Шчаслівая таму, што ёсць любімыя дзеці і любімая праца. А працуе жанчына начальнікам жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка аграгарадка Гезгалы.
Неўзабаве будзе чвэрць веку, як занята Жанна Віктараўна ў жыллёва-камунальнай службе. У Гезгалы трапіла ў далёкім 1988-ым з мужам-вайскоўцам. Першым часам, прызнаецца, не магла прызвычаіцца і скардзілася матулі: тут усё іншае – і дрэвы, і абстаноўка, і нават маўленне не такое, не змагу я тут жыць! А цяпер не ўяўляе сябе без аграгарадка, дзе прайшлі лепшыя гады жыцця.
Так, участак працы няпросты: пад апекай яе і калектыву, які ўзначальвае, 778 кватэраў, вялікая прыдамавая тэрыторыя.
У Гезгалах ужо шмат чаго зроблена па добраўпарадкаванні, але і клопатаў нямала. Закончаны капітальны рамонт дома № 3, неўзабаве будзе прынята праца будаўнікоў. Пакладзена тратуарная плітка каля дома № 7. Усталяваны лавачкі, сметніцы, так званыя “малыя архітэктурныя формы”— перакладзіны, арэлі, турнік.
Сёлета трэба пакласці плітку каля дзявятага дома, упарадкаваць кантэйнерную пляцоўку за сёмым домам, адрамантаваць фасад адміністрацыйнага будынка.
– Хочам пасадзіць больш кветак, каб было ў нас утульна і прыгожа. Калі прыязджаюць ветэраны-ракетчыкі, прыемна чуць ад іх словы ўхвалення, што былы ваенны гарадок не запушчаны, не развалены.
Я сама люблю парадак, патрабую яго ад падначаленых і жыхароў аграгарадка. Прывучана да ўладкаванасці з самага маленства, бо вырасла ў сям’ і начальніка жыллёвай гаспадаркі горада Брэста.
Жанна Віктараўна прадоўжыла працоўную дынастыю. Як і бацька, стала працаваць у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. А вось дзеці выбралі іншыя прафесіі – юрыста і фітнес-трэнера.
Сёння ў падпарадкаванні Жанны Віктараўны знаходзяцца 19 чалавек. Як зазначае кіраўнік, калектыў зладжаны. Паспяхова ўдзельнічаюць працаўнікі ў спартыўных і турысцкіх спаборніцтвах. Сярод заўзятых аматараў спорту Віталь Сямашка, Сяргей Каско, Аляксандр Шумскі, Юрый Курачка.
Асаблівы гонар Жанны Віктараўны – кацельня, дзе пасля рэканструкцыі створаны належныя ўмовы для працаўнікоў. Ёсць пакой, дзе можна паесці, распранальня, санвузел. Шмат кветак для ўтульнасці ўнутры будынка. А калі надыдзе цяпло, кветкі з’явяцца і каля кацельні.
На пытанне пра жаданні начальнік участка адказала проста: хачу, каб у пасёлку было прыгожа, чыста, утульна!
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ