Беларускі саюз жанчын: цёплая сустрэча – выдатны падарунак

Важнае Грамадства

Для Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” стала добрай традыцыяй напярэдадні 8 Сакавіка ладзіць урачыстае пасяджэнне.

Удзел у ім прымаюць жанчыны-актывісткі нашага раёна, якія дасягнулі поспехаў у розных сферах дзейнасці, з’яўляюцца кіраўнікамі ўстановаў і арганізацый, дамагаюцца высокіх паказчыкаў у рабоце. Сёлета пляцоўкай для такой сустрэчы стаў Гезгалаўскі яслі-сад, дзе гасцей віталі загадчыца ўстановы Святлана Гурская, педагагічны калектыў і, безумоўна, выхаванцы.

Галоўнае прызначэнне жанчыны на зямлі – быць маці. Тэме мацярынства быў прысвечаны ўрачысты канцэрт ад выхаванцаў дзіцячага садка. Гучалі самыя шчырыя вершы і песні, якія краналі гасцей літаральна да слёз, а каб падарыць прысутным яшчэ і ўсмешкі, дзеткі паказалі некалькі гумарыстычных нумароў.

За цудоўнае выступленне старшыня раённай арганізацыі жансавета Алена Жадзейка аддзячыла малечу размалёўкамі. Алена Іванаўна павіншавала ўдзельніц сустрэчы, а ў іх асобе і ўсіх жанчын Дзятлаўшчыны з надыходзячым святам пажадала здароўя, любові, прыгажосці і ўзаемаразумення. Таксама лідар раённай жаночай арганізацыі прагартала самыя яркія старонкі падзей 2019 года, расказала аб галоўных накірунках работы жансавета, удзеле ў акцыях і мерапрыемствах, поспехах і перамогах жанчын нашага раёна, адзначыла найбольш удалыя ідэі і праекты года мінулага, падзякавала за супрацоўніцтва і актыўную жыццёвую пазіцыю актывісткам і ўручыла падарункі ад жансавета. Іх удастоіліся лаурэат конкурсу “Жанчына года-2018” – дырэктар Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ганна Франюк і прыёмная матуля з аграгарадка Гезгалы Валянціна Аніскевіч.

Чараду віншаванняў прадоўжыла бяспройгрышная латарэя з жартоўнымі вершамі аб характарах жанчын і пажаданні сябровак па жансавету. Цёплая сустрэча і выдатны настрой сталі цудоўнымі падарункамі да 8 Сакавіка для ўсіх удзельніц мерапрыемства. Развітваючыся, жанчыны выказвалі ўдзячнасць калектыву ясляў-сада.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup