“Сацыяльны дэсант”: парадак у доме і ў думках

Важнае Грамадства

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна абмеркавалі новы сацыяльна значны праект па стварэнні мабільнай клінінгавай брыгады “Сацыяльны дэсант”, для рэалізацыі якога Дзятлаўшчына паспрабуе атрымаць грант па праграме падтрымкі Еўрасаюза.

Каардынатарам праекта выступае Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, партнёрамі – раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа”, “Беларускі саюз жанчын”, “Беларускае таварыства інвалідаў”, “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Усе ўдзельнікі рабочай групы сабраліся для абмеркавання праекта і фарміравання заяўкі на грант.

Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык расказала, як увогуле ўзнікла ідэя:

– Пажылыя людзі нашага раёна з аддаленых і маланаселеных вёсак, застаючыся сам-насам са сваімі хваробамі і адзінотай, часам прывыкаюць не звяртаць увагі на ўласны стан і асяроддзе, у якім знаходзяцца. А гэта і зарослыя травой, непрыбраныя падворкі, і агароджа, якая згніла і пакрывілася ад часу, і непарадак у хаце, і непрывабны знешні выгляд. І ў такіх людзей ёсць важкія аргументы для апраўдання: адзінота, адсутнасць сацыяльных кантактаў, фізічнае недамаганне, вялікія траты на лекі, адсутнасць лішніх грошай на аплату аднаразовых сацыяльных паслугаў.

Ідэя праекта заключаецца ў стварэнні бясплатнай мабільнай брыгады і валанцёрскіх атрадаў для ўборкі жылых памяшканняў і падворкаў, а таксама ў наступным тлумачэнні пажылым людзям, што навакольнае асяроддзе іграе вялікую ролю ў жыцці кожнага з нас. Нават аднаразовая генеральная ўборка, праведзеная спецыялістамі, можа вярнуць адзінокім людзям жаданне памяняць сваё жыццё, прадоўжыць далейшае навядзенне парадку, аднавіць кантакты з далёкімі сваякамі або сябрамі. Магчыма, сваякам самім стане сорамна, і яны возьмуць на сябе далейшую адказнасць за падтрыманне парадку ў такога чалавека.

Карэспандэнтка пацікавілася ў Таццяны Нікіпорчык, чым новы праект актуальны для нашага раёна.

– На 1 студзеня 2020 года на Дзятлаўшчыне пажылое насельніцтва складала 33 % ад агульнай колькасці жыхароў. Сярод пажылых 622 чалавекі – адзінокія, 196 – пенсіянеры ва ўзросце пасля 90 гадоў, пяць доўгажыхароў, 3984 пажылыя чалавекі жывуць адзінока, ёсць 6 ветэранаў вайны, 10 сем’яў загінулых, два ўдзельнікі працоўнага фронту, 28 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, адзін інвалід дзяцінства з-за ранення, 78 ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Сярод пажылога насельніцтва раёна на надомным абслугоўванні знаходзяцца толькі 545 чалавек, гэта 11 % ад агульнай колькасці. Астатнім катэгорыям грамадзян таксама неабходны дапамога і падтрымка.

Па выніках маніторынгу, праведзенага сярод пажылых людзей сацыяльнай службай раёна, стала вядома, што многія хацелі б памяняць сваё жыццё, але па розных прычынах не могуць гэта зрабіць. Праект “Сацыяльны дэсант” здольны палепшыць жыццё пажылых грамадзян нашага раёна і наладзіць узаемаадносіны ў соцыуме.

Калі мы атрымаем грант на рэалізацыю праекта, то зможам закупіць садовы інвентар, сродкі гігіены, спецадзенне і ўсё неабходнае для забеспячэння нашага “Сацыяльнага дэсанта”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup