У гармоніі сацыяльнага і духоўнага

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык нядаўна пабыла на пятых Беларускіх Калядных чытаннях.

Адтуль яна прывезла ўзнагароду – дыплом пераможцы ў намінацыі “Лепшы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” па выніках першага рэспубліканскага конкурсу “Святло Міласэрнасці”.

Мы пацікавіліся ў Таццяны Сямёнаўны, што гэта за конкурс і як ўдалося дасягнуць поспеху.

– Гэта былі Беларускія Калядныя чытанні, якія праходзяць пяты год запар з ініцыятывы Беларускай Праваслаўнай Царквы пры садзейнічанні Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства культуры, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Для падтрымкі і распаўсюджвання вопыту супрацоўніцтва ўстановаў сацыяльнага абслугоўвання з арганізацыямі Царквы ў гэтым годзе ў рамках Чытанняў упершыню быў праведзены рэспубліканскі конкурс “Святло Міласэрнасці”, які плануецца зрабіць штогадовым.

Мерапрыемства ладзілася ў Нацыянальнай бібліятэцы. Удзел у ім прыняла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

Форум стаў значнай падзеяй у грамадскім і духоўным жыцці Беларусі. Для яго была выбрана актуальная тэма: “Вялікая Перамога: спадчына і нашчадкі”.

У час сустрэчы Ірыны Касцевіч падкрэсліла, што ўстановы сацыяльнай абароны паспяхова ўзаемадзейнічаюць з Беларускай Праваслаўнай Царквой у пытаннях аказання дапамогі ветэранам вайны, адзінокім пажылым грамадзянам, інвалідам, сем’ям, дзе гадуюцца дзеці-інваліды ці дзе бацькі самі з’яўляюцца інвалідамі.

Наш Цэнтр – яскравы прыклад таму. Паміж установай і Дзятлаўскім благачыннем у 2008 годзе была падпісана праграма аб супрацоўніцтве. За час узаемадзеяння назапашаны багаты і цікавы вопыт, якім хацелася падзяліцца. Конкурс “Святло міласэрнасці” даў нам такую магчымасць.

– Раскажыце, што гэта за вопыт?

– З Царквой супрацоўнічаем у розных сферах жыцця, і праектаў для ўдзелу ў конкурсе прадставілі некалькі. Гэта “Благавест”, “Свецкая асоба ці духоўная”, “Пад пакровам духоўнасці”, “Дарога да храма”, “З дабром у кожны дом”, “Патрэбныя рэчы – у патрэбныя рукі”, “Духоўнае ў бачным”.

Больш падрабязна ахарактарызую праекты, за рэалізацыю якіх мы адзначаны дыпломам. Цікавым палічылі наш праект “Свецкае асоба або духоўная”, скіраваны на духоўнае выхаванне і падтрымку спецыялістаў сацыяльнай сферы. Работнікі працуюць вынікова, калі ў іх душах спакой, гармонія, вера ў Бога. Калі з чалавекам здарылася бяда ці ён раздражнёны, па падтрымку варта звяртацца да святара ці ў храм. Духоўныя падказкі дапамогуць выбраць правільны шлях, наладзіць жыццё, адносіны з блізкімі і калегамі.

Праект “Духоўнае ў бачным” спрыяе захаванню і развіццю праваслаўных нацыянальных традыцый Беларусі праз удзел у паломніцкім руху. Рэлігійна-асветніцкія паездкі ладзім для грамадзян сацыяльна неабароненых катэгорый. Паломніцтвы да святыняў дапамагаюць змяніць сябе і свой унутраны свет да лепшага, стаць бліжэйшымі да Бога і адзін да аднаго.

Праект “Патрэбныя рэчы ў патрэбныя рукі” скіраваны на аказанне гуманітарнай дапамогі жыхарам раёна. Часта людзі прыходзяць у храм з жаданнем аказаць канкрэтную дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання выступае ў ролі пасрэдніка, стараецца, каб дапамога знайшла свайго адрасата і была сапраўды запатрабаванай.

Але чалавеку патрэбны не толькі грошы, рэчы, прадметы быту. Часам, ён адчувае вострую патрэбу ў стасунках і духоўнай падтрымцы. Прыхаджане храмаў гатовы выступіць у ролі валанцёраў, дапамагчы словам і справай. Разам з вернікамі і святаром у сем’і ці да адзінокіх людзей ідуць і сацыяльныя работнікі, ці наадварот мы клічам бацюшку дапамагчы ў складаных жыццёвых сітуацыях нашых падапечных. На гэта скіраваны сумесны праект “З дабром у кожны дом”.

Адзначылі нашу ўстанову і за адкрыццё кватэры сумеснага самастойнага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у аграгарадку Гезгалы.

– Якое значэнне для Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання мае супрацоўніцтва з Царквой?

– Духоўнасць, міласэрнасць, любоў да бліжняга чырвонай ніткай праходзяць праз усе сферы нашай работы. Сярод сацыяльных работнікаў і спецыялістаў не павінна быць раўнадушных людзей, бо наша прызванне – дапамагаць людзям. А вера падтрымлівае работнікаў у іх нялёгкай працы.

Што тычыцца грамадзян, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, то найчасцей яны не маюць патрэбнага духоўнага вопыту, таму страчваюць арыенціры, набываюць дрэнныя звычкі, пачынаюць “сябраваць” з алкаголем. У цесным супрацоўніцтве з Праваслаўнай царквой да такіх людзей лягчэй “дастукацца”, паказаць ім увесь жах іх духоўнага стану. Сумеснымі намаганнямі мы дасягаем пажаданага сацыяльнага выніку. У людзей мяняюцца жыццёвыя погляды, яны пачынаюць самастойна наведваць храм, наладжваецца больш спакойная абстаноўка ў сем’ях, бо далучаючыся да веры, чалавек вучыцца слухаць і чуць іншых, шанаваць кожнае імгненне свайго жыцця.

– Чым запомнілася паездка на конкурс?

– Ад яе засталіся найлепшыя ўражанні. Я пабыла ў Нацыянальнай бібліятэцы. Побач знаходзіліся духоўныя асобы, глыбока веруючыя людзі, я адчувала спакой і абарону. Атмасфера склалася вельмі добразычлівая, нездарма конкурс называўся “Святло Міласэрнасці”, адчувалася, што гэта святло зыходзіць ад кожнага прысутнага. Пленарнае пасяджэнне Калядных чытанняў адкрыў хор “Лёсы”. У яго складзе – людзі, якія ў дзіцячым узросце былі вязнямі канцэнтрацыйных лагераў ці перажылі акупацыю. Кожны з іх перад выступленнем назваў сваё імя, узрост на час вайны, канцэнтрацыйны лагер. Зала ўстала, вітаючы спевакоў. Эмоцыі не перадаць. Сапраўды, вайна – гэта самая страшная бяда для чалавецтва.

– Таццяна Сямёнаўна, а што ў далейшых планах супрацоўніцтва?

– Работа дае плён і мы будзем яе прадаўжаць і развіваць. Новых задумак шмат. У бліжэйшы час мяркуем распрацаваць яшчэ адзін праект, які, спадзяюся, будзе падтрыманы Беларускай Праваслаўнай Царквой. Мэта праекта – стварыць пры Цэнтры клінінгавую брыгаду, якая будзе дапамагаць маламаёмасным людзям, якія жывуць з неўладкаваным бытам і нават не заўважаюць бруду вакол сябе. Калі дапамагчы ім, навесці парадак у хаце, а з дапамогай вернікаў і святара паступова “наводзіць парадак” у душах. Магчыма, запаліцца іскрынка Божага святла, і чалавек памяняецца да лепшага, наладзіць жыцё.

Ірына СТЫРНІК



Теги: