Напярэдадні VIII з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, які адбудзецца 28 лютага 2020 года, карэспандэнт пацікавілася ў дэлегата ад нашага раёна – старшыні Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык, аб значэнні маючага адбыцца з’езда і рабоце, праведзенай прафсаюзамі ў Дзятлаўскім раёне за апошнія пяць гадоў.
– Валерый Вячаслававіч, як ідзе падрыхтоўка да гэтай важнай прафсаюзнай падзеі?
– Увесь мінулы год быў адказны для прафсаюзнага руху. Па ўсёй краіне праходзілі справаздачна-выбарчыя сходы і канферэнцыі прафсаюзных арганізацый прадпрыемстваў і раёнаў. Мы падводзілі вынікі праведзенай за пяць гадоў работы і акрэслівалі планы на будучыню. Сёлета справаздачна-выбарчая кампанія падыходзіць да фіналу і завершыцца 28 лютага VIII з’ездам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Гэта маштабная і значная падзея ў грамадскім жыцці краіны. На ім будуць падведзеныя вынікі працы Федэрацыі прафсаюзаў за пяць гадоў і вызначаны асноўныя накірункі работы надалей. Плануецца, што ў яго рабоце прыме ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. На з’езд абраныы 508 дэлегатаў з усёй краіны – прадстаўнікі ад усіх рэгіёнаў і галінаў.
– Якое значэнне гэты важны прафсаюзны форум мае для вас асабіста і для прафсаюзнага жыцця ў цэлым?
– Для мяне ганарова і вельмі адказна прадстаўляць наш раён на гэтым маштабным мерапрыемстве. На з’ездзе будуць вызначаны асноўныя накірункі работы на бліжэйшы перыяд, пастаўлены задачы, над вырашэннем якіх будзем працаваць наступныя пяць гадоў. Усе яны будуць адлюстраваны ў праграме дзейнасці ФПБ на 2020- 2025 гады. Мы, прафсаюзныя актывісты і лідары, ужо працуем з гэтым дакументам. І для мяне важна, каб у ім былі адлюстраваны інтарэсы і праблемы, актуальная ў тым ліку і для нашага раёна.
– Якія менавіта, раскажыце падрабязней?
– Гэта пытанні, якія тычацца аплаты працы, абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюзаў, арганізацыі і ажыццяўлення грамадскага кантролю прафсаюзамі за выкананнем заканадаўства аб працы і аб ахове працы, пытанні умацавання вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, прафілактыкі вытворчага траўматызму, стварэння новых прафсаюзных арганізацый, аздараўленне членаў прафсаюза і эфектыўнай інфармацыйнай работы.
– А што важнае было зроблена прафсаюзамі за справаздачны перыяд?
– Работа за апошнія гады паказала прафсаюз, як аўтарытэтную арганізацыю, пазіцыя якой мае вагу на ўсіх узроўнях – ад мясцовай улады да ўрада. З нашай ініцыятывы былі прыняты важныя змены ў заканадаўчых актах, якія паляпшаюць жыццё працоўных. Упершыню ў гісторыі Федэрацыя прафсаюзаў на роўных з органамі выканаўчай і заканадаўчай улады выступіла адным з распрацоўшчыкаў законапраекта па змяненні Працоўнага кодэкса. Усяго ФПБ былі ўнесены прапановы па змене больш як 30 артыкулаў. Усе яны скіраваны на дадатковыя гарантыі і паляпшэнне становішча працоўных.
Вялікая работа праведзена ў прававой сферы і галіне аховы працы. Больш за 100 зваротаў грамадзян, якія паступілі ў раённае аб’яднанне, былі разгледжаны, 96 чалавек атрымалі прававую дапамогу, дзякуючы прафсаюзным прыёмам грамадзян з удзелам галоўных прававых інспектараў працы абласных і рэспубліканскіх галіновых камітэтаў прафсаюзаў. У 55 арганізацыях Дзятлаўскага раёна прайшлі маніторынгі па ахове працы, што дазволіла выправіць некаторыя недахопы і палепшыць стан аховы працы ў гэтых арганізацыях. Але, тым не менш, яшчэ ёсць да чаго імкнуцца, і я ўпэўнены, што ў наступныя пяць гадоў разам мы зможам дабіцца яшчэ большага.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup