Выбраны новы старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У Дзятлаве прайшла першая справаздачна-выбарная канферэнцыя Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Напачатку з дакладам “Аб рабоце Савета Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў за перыяд са студзеня 2015 года па снежань 2019 года” выступіў старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Сатараў.

Вынікамі сваёй працы падзяліўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Таксама з дакладамі аб дзейнасці і планамі на будучыню выступілі выбраныя сёлета прафсаюзныя інспектары Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксей Цітоў, Алена Абрамчык і Сяргей Малышчык.

На канферэнцыю былі запрошаны ганаровыя госці, якія таксама ўзялі слова, адзначылі важнасць і неабходнасць дзейнасці прафсаюзных арганізацый, падзякавалі за працу прысутным у зале старшыням пярвічак, пажадалі далейшых поспехаў у рабоце, павіншавалі з навагоднімі і каляднымі святамі. Гэта старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік, намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Мікалай Мацюкевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Сіняк, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Кардаш.

Работу Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў за справаздачны перыяд прызналі здавальняючай. Новым старшынёй адзінагалосна быў выбраны Валерый Макарчык.

Напрыканцы сходу адбыліся ўручэнні ўзнагарод, а таксама прайшоў невялікі канцэрт.

 

Святлана ГРЫШЫНА
Іна ЯЎСЕЙЧЫК