Анатоль Аляксандравіч Шаплаўскі каля 20 гадоў праслужыў у 376-м ракетным палку.
Жыць застаўся там, дзе прайшла маладосць, у пасёлку Гезгалы. Цяпер ветэрану Узброеных Сіл – амаль 77 гадоў. Ён пагадзіўся паразмаўляць пра тагачасную службу і жыццё вайсковага чалавека.
– Анатоль Аляксандравіч, чаму не сталі будаўніком ці, напрыклад, педагогам, а ўсё жыццё звязалі з вайсковай службай? Што паўплывала на ваш выбар?
– Найперш, верагодна, тое, што бацька ў час вайны ваяваў, быў у партызанах. Да перамогі не дажыў, загінуў. У мяне нават фотаздымка яго няма. Маці нас з сястрой гадавала адна. А ў нашым пасёлку Урэчча, што на Любаншчыне, пасля вайны стаяла шмат ваенных – танкісты, лётчыкі. Нам, хлапчукам, цікава было ўсё: і тэхніка, і вайскоўцы, і іх зброя. Так і прыйшло жаданне стаць вайскоўцам.
– Пасля школы – адразу ў ваеннае вучылішча?
– Не. Спачатку была служба сувязістам у марской авіяцыі Чарнаморскага флоту. У той час давялося служыць чатыры гады. Толькі пасля гэтага паступіў і закончыў Стаўрапольскае ваеннае вучылішча сувязі. Служыць мяне, лейтэнанта, накіравалі ў Слуцк, да ракетчыкаў. А калі каля Гезгалаў размясціліся ракетныя палкі і іх неабходна было забяспечваць сувяззю, паслалі туды начальнікам станцыі. Было гэта ў 1967-м.
– Прыехалі маладым-нежанатым?
– Маладым, праўда. Але жанатым. З жонкай, Галінай Андрэеўнай, пазнаёміліся яшчэ ў Слуцку. Прывёз яе ў Гезгалы, і вось ужо 53 гады разам.
Праца Галіне тут знайшлася – прадаўцом. Да пенсіі працавала і нават пасля пенсіі яшчэ шэсць гадоў. На ёй, можна сказаць, быў увесь наш быт і клопаты пра дачку. Мае дзяжурствы маглі доўжыцца і па 3-4 дні, і па некалькі тыдняў. Гледзячы якая была абстаноўка.
– А якой была на той час служба сувязі? Па даўнейшых кінастужках уяўляю: сядзяць дзяўчаты ў навушніках і ў “гнёзды” ўстаўляюць штэкеры з правадамі…
– Была некалі і такая камутатарная сувязь… Калі ж тлумачыць па-простаму пра наш “вузел сувязі”, то ўявіце: тры паверхі будынка, і ўсе яны начынены тэхнікай. Мае падначаленыя, а іх 65 чалавек, абавязаны былі забяспечыць сувязь вельмі хутка, літаральна праз секунду. Напачатку служылі сувязістамі салдаты і сяржанты. Пазней – і жанчыны. Але змены ва ўсіх былі вельмі напружаныя.
– Вы служылі ў Гезгалах да самага вываду ракетных палкоў?
– Не. У 1984-м атрымаў новае назначэнне: накіравалі ў Ліду, у штаб дывізіі, памочнікам начальніка сувязі. Праз пяць гадоў надышоў час пакідаць вайсковую службу. Атрымаў адстаўку ў 1989-м, але яшчэ некалькі гадоў быў сувязістам. Потым знайшоў працу ў пазаведамаснай ахове. І толькі ў 2011 годзе, калі было пад 70 гадоў, пайшоў адпачываць.
Вядома ж, давялося адчуць горыч развітання з сябрамі, знаёмымі, суседзямі, калі з Гезгалаў у 1996-м выводзілі нашы ракетныя палкі. Зразумела, хтосьці заставаўся на жыццё. Але такі звыклы лад, навакольная абстаноўка мяняліся. Што ваенны гарадок пусцее – шкада было да слёз.
Але нават тады, калі ракеты пакінулі Беларусь, сувязісты ў Лідзе яшчэ некаторы час працягвалі несці баявое дзяжурства. І вось аднойчы мне перадаюць просьбу камандзіра дывізіі прыбыць у 12 гадзін да яго. Аказваецца, як былому і заслужанаму сувязісту, мне вырашылі даручыць націснуць кнопку “стоп”: спыніць працу ўсёй апаратуры, паставіць апошнюю “кропку” ў гісторыі існавання на Беларусі ракетных войск стратэгічнага прызначэння. Гэта быў самы хвалюючы і самы памятны момант: цішыня.
– З былымі аднапалчанамі падтрымліваеце стасункі? Яны ж, пэўна, раз’ехаліся па ўсім тагачасным Савецкім Саюзе?
– Так. Нядаўна гасцяваў у нас мой цёзка Анатоль Прэдушчанка з Украіны, з Хмяльніцкага. Цягне сяброў да мясцін, дзе столькі зведана, столькі пражыта. Прыязджаюць, пакуль яшчэ ёсць сілы. Але многіх, на жаль, ужо няма на гэтым свеце.
З тымі, хто служыў і застаўся жыць у Гезгалах, бачымся і ў гарадку, і на розных мерапрыемствах. Мясцовая ветэранская арганізацыя былых воінаў-ракетчыкаў – каля 50 чалавек. Бадай, ніводнае ваенна-спартыўнае свята не абыходзіцца без нашай прысутнасці. А яшчэ хаджу да дачкі, Святланы Русак, у тагачасны Дом афіцэраў, цяпер Дом культуры спяваць. Ёсць у нас вакальная група “Сустрэча”.
– На вашым парадным кіцелі – шмат медалёў. Якія з іх самыя значныя?
– Медалі “За бездакорную службу”. Усіх трох ступеняў. А з апошніх – юбілейны медаль да 60-годдзя ракетных войск стратэгічнага прызначэння. Яго атрымаў напрыканцы мінулага года.
– Ёсць каму слухаць аповеды пра вайсковыя будні?
– А як жа! Унук Андрэй спачатку вучыўся ў авіяцыйным каледжы, потым закончыў Акадэмію авіяцыі. А з унучкай Марынкай можам не толькі пагутарыць, а і паспяваць: яна ў нас галасістая, спявала ў ансамблі “Радзімічы”. І праўнучку нам падарыла! Вось яшчэ крыху падрасце праўнучка і будзе мне “кампаньёнка” ў паходах па грыбы. Мясціны ў нас прыгожыя, шчодрыя. Ніколькі не шкадуем, што абралі на жыццё і мы з жонкай, і дачка з сям’ёй наш былы ваенны гарадок.
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup