Чаго чакаць гарпасёлку Казлоўшчына?

Грамадства Свежыя навіны

Прэзідэнтам нашай краіны для развіцця рэгіёнаў укаранёна практыка па добраўпарадкаванні двух гарадскіх пасёлкаў на год у кожнай вобласці Беларусі.

У комплексную праграму добраўпарадкавання і развіцця малых населеных пунктаў у 2020 годзе на Гродзеншчыне ўключаны гарадскія пасёлкі Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна і Любча Навагрудскага раёна. Праграма прадугледжвае рамонт сацыяльных аб’ектаў, прывядзенне ў парадак дарог, мадэрнізацыю інжынерных сетак і скіравана на тое, каб зрабіць гэтыя населеныя пункты больш прывабнымі для жыцця.

Падрабязней аб тым, як жыве Казлоўшчына ў апошнія гады, якія змены адбудуцца ў пасёлку сёлета, расказаў старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка.

– Казлоўшчына мае зручнае геаграфічнае становішча: знаходзіцца на рэспубліканскай трасе Ліда – Слонім – Быцень за 18 кіламетраў ад Дзятлава, за 28 – ад Слоніма. У пасёлку жывуць 1593 чалавекі. Яго адметнасць у тым, што тут шмат прадпрыемстваў і сацыяльных установаў, таму працаздольнае насельніцтва занята пераважна ў мясцовых наймальнікаў, таксама ў Казлоўшчыне працуюць дзятлаўчане, жыхары суседняга Слонімскага раёна, нават мінчане.

Вытворчы сектар пасёлка складаюць ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Дзятлаўскае ПМС, КСУП “Слава працы”, Казлоўшчынскае лясніцтва. Вытворчыя прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці – ТАА “КонВиГа”, АРС “Лігнарыя”, ТАА “ПанЭкспо”, ТАА “ЛВК ВУД” – займаюцца дрэваапрацоўкай і ўносяць важкі ўклад у занятасць насельніцтва, бо тут створаны працоўныя месцы для 107 чалавек. Галоўныя аб’екты сацыяльнай сферы – Казлоўшчынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат, аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў, сярэдняя школа, яслі-сад, Дом культуры, бібліятэка, філіял Дзятлаўскай школы мастацтваў. У пасёлку функцыянуюць дастаткова новыя бальніца і паліклініка, якія ў матэрыяльна-тэхнічным плане сярод установаў здароўя падобнага класа з’яўляюцца аднымі з лепшых у вобласці. Тут працуюць два доктары агульнай практыкі, прыязджае стаматолаг, ёсць акушэрка, педыятр, свая лабараторыя і фізіятэрапеўтычнае аддзяленне. Яшчэ ў пасёлку ёсць праваслаўны і каталіцкі храмы, аптэка, лазня, пажарны пост, ветучастак, мясцовая гандлёвая сетка прадстаўлена магазінамі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства і прыватнымі магазінамі харчовых і нехарчовых тавараў. Летась быў адкрыты магазін “Капеечка” гандлёвай сеткі “Дабраном”. Будынак, дзе ён працуе, раней знаходзіўся на балансе спажыўтаварыства і некаторы час пуставаў, аднак знайшоўся зацікаўлены мясцовы жыхар, які набыў, адрамантаваў яго і здаў у арэнду сетцы “Дабраном”. У выніку вырашылася праблема жыхароў вуліцы 40 год Кастрычніка і вёскі Драбавічы: сёння людзям зручна прыходзіць сюды па пакупкі. Адначасова працуюць і таксама запатрабаваны ў насельніцтва аўтамагазіны.

На працягу апошніх гадоў былі заасфальтаваны дарога Нянадавічы – Войневічы, плошча ў Казлоўшчыне, пад’езд да дзіцячага садка з боку вуліцы Леніна, адбылася мадэрнізацыя цэнтральнай кацельні з устаноўкай двух катлоў на мясцовых відах паліва і газавага катла.

Каля двух гадоў таму вырашылася праблема з Казлоўшчынскім домам культуры. Раней ён размяшчаўся ў старым панскім будынку, дзе сапсаваліся драўляныя перакрыцці, і праводзіць мерапрыемствы стала небяспечна. Было прынята рашэнне аб зносе. Пытанне, дзе быць Дому культуры, вырашылася, калі школа “перасялілася” ў былы ліцэй, а яе памяшканні выкарысталі пад культурны аб’ект. Цяпер Дом культуры працуе ў нармальным рэжыме, мае выдатную летняюю пляцоўку і паркавую зону. У час непагадзі ёсць магчымасць ладзіць мерапрыемствы ў цёплай зале. Туды ж былі перанесены навагоднія гулянні. Гэта дазволіла засцерагчы людзей ад праблем з дарожным транспартам. Раней сустракалі Новы год на пасялковай плошчы, што было нязручна пры кепскім надвор’і і не гарантавала поўнай бяспекі людзей. У далейшых планах не толькі адрамантаваць новы Дом культуры, але і добраўпарадкаваць прылеглы парк (пачысціць, паставіць лавачкі). Сёлета тут вырашыцца яшчэ адна даўняя праблема: будзе пакладзена асфальтавае пакрыццё на пад’ездзе да Дома культуры з боку вуліцы Леніна. Гэта грунтавая дарога ў час дажджу стварала пэўныя непрыемнасці: тут было гразка, а пясок вымываўся і плыў на асфальтавае пакрыццё вуліцы Леніна.

Варта больш дэталёва расказаць аб комплекснай праграме развіцця, у якую на 2020 год уключана Казлоўшчына. Акрамя бягучага рамонту і мадэрнізацыі грамадска-адміністрацыйных будынкаў, сродкі з абласнога бюджэту выдзелены на добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый і праездаў. У раёне шматпавярховых дамоў № 11, № 15, № 4А збіраемся адрамантаваць дарожнае пакрыццё, тратуары, паставіць дзіцячыя пляцоўкі, бо тут жыве нямала маладых сем’яў. На двух участках аўтадарогі Наваельня – Казлоўшчына – Дзераўная пакладуць асфальт. На аўтадарозе Казлоўшчына – Явар – Мядзвінавічы (якая ідзе ў бок бальніцы) з’явіцца пешаходная дарожка. Заасфальтуюць з’езд з аўтамагістралі Ліда – Слонім – Быцень. У пасёлку правядуць рэканструкцыю высакавольтных ліній электраперадачы, мадэрнізуюць трансфарматарныя падстанцыі.

У свой час сур’ёзнай стратай для пасёлка стала закрыццё па аб’ектыўных прычынах Казлоўшчынскага сельскагаспадарчага ліцэя. Мы ўдзячны кіраўніцтву Дзятлаўскага райвыканкама і Гродзенскага аблвыканкама, што не далі будынкам былой навучальнай установы прыйсці ў заняпад. Сёння тут знаходзіцца прасторная мадэрнізаваная Казлоўшчынская сярэдняя школа. У 2020 годзе ў ёй у рамках комплекснай праграмы пройдзе трэцяя чарга капітальнага рамонту з элементамі мадэрнізацыі актавай, спартыўнай залаў, бегавых дарожак на стадыёне. За некалькі метраў ад будынка сярэдняй школы знаходзіцца будынак пачатковай школы, адкрытай некалькімі гадамі раней і таксама адноўленай. Мяркую, любы жыхар мегаполіса, які наведае гэтыя навучальныя ўстановы, пагодзіцца, што з умовамі навучання мясцовым дзецям пашанцавала: не ва ўсіх гарадскіх школах ёсць такія светлыя класы, утульныя фае і магчымасць займацца ў адну змену.

Усяго ў комплексны план уключаны 36 пунктаў, пастаўлены пэўныя задачы па рамонце, мадэрнізацыі, навядзенні парадку на аб’ектах добраўпарадкавання, пасля выканання якіх пасёлак стане больш прывабным і акуратным. Пакуль нявырашанай застаецца праблема з будынкам былога ўнівермага ў цэнтры Казлоўшчыны. Яго ў свой час набыла і часткова адрамантавала фірма ТВС “Партнёр”. На жаль, поўны рамонт вымагае значных затрат і не можа быць зроблены хутка. Тым не менш, у гэтым кірунку супрацоўніцтва з уласнікам мы плануем прадоўжыць да поўнага добраўпарадкавання будынка.

Калі закрануць тэму забяспечанасці жыллём, то сёння яна стаіць не вельмі востра, бо за апошнія сем гадоў былі пабудаваны два дваццацікватэрныя жылыя кааператыўныя дамы. Цяпер на ўліку маючых патрэбу сярод жыхароў пасёлка каля 40 чалавек. У апошнія гады на другасным рынку жылля ў Казлоўшчыне ёсць цікавыя прапановы з памяркоўнымі цэнамі, і маладыя сем’і з задавальненнем пачалі набываць дамы ў прыватным сектары. Аднак і ў гэтым кірунку працуем на перспектыву: пасля закрыцця Казлоўшчынскага ліцэя засталіся два карпусы інтэрната. Ёсць задумка і прымаюцца меры па вырабе праектна-каштарыснай дакументацыі па іх рэканструкцыі ў камерцыйнае жыллё. Лічу, яно будзе запатрабавана, бо пасёлак развіваецца, адкрываюцца прыватныя прадпрыемствы, дзе працуюць жыхары іншых рэгіёнаў, зацікаўленыя ў арэндным жыллі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup