За плячыма дзятлаўчаніна Валянціна Пачабыта – амаль сорак гадоў вадзіцельскага стажу, які бярэ свой пачатак у 1984 годзе, калі яшчэ юнаком наш зямляк прайшоў вадзіцельскія курсы перад службай у арміі.
За гады жыцця Валянцін Іосіфавіч наездзіў сотні тысяч кіламетраў, але першыя яго вёрсты былі афганскімі. Цяжкія і небяспечныя, яны неаднаразова пралягалі праз перавал Саланг у гарах Гіндукуш, вышыня якога 3600 метраў над узроўнем мора. “Суровы” – так назва перавала перакладаецца з афганскай мовы. Снег, хмары, моцны вецер, люты холад, недахоп кіслароду, рызыка сарвацца ў бездань – усё гэта характарыстыкі Саланга. Але маладыя савецкія вадзіцелі-вайскоўцы, якія ездзілі ў калонах праз перавал, цвёрда ведалі: іх баявая задача – дастаўляць боепрыпасы і грузы ў Кабул для Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі, а баявыя задачы неабходна выконваць.
У кожнага свая жыццёвая дарога, у мірны час рэдка здараецца, што яна пралягае праз вайну. І ці мог беларускі хлопец, які нарадзіўся 13 студзеня 1966 года ў вёсцы Парэчча Дзятлаўскага раёна, падумаць што, калі-небудзь трапіць у Афганістан? Уявіць сабе гэта цяжка, калі жывеш і вучышся ў спакойнай беларускай вёсачцы, дапамагаеш бацькам па гаспадарцы, ганяеш з хлопцамі ў футбол, ходзіш па грыбы, вудзіш рыбу, а ў вучэбны час – спяшаешся на заняткі. Валянцін Пачабыт скончыў 10 класаў Хвінявіцкай школы дзе на гадзінах “вучэбна-вытворчага камбіната” атрымаў яшчэ і спецыяльнасць трактарыста. Пасля выпуску працаваў памочнікам камбайнера. У хуткім часе Дзятлаўскі ваенны камісарыят накіраваў яго на трохмесячныя вадзіцельскія курсы ў Казлоўшчынскае СПТВ. А 23 красавіка 1984 года юнака прызвалі ў армію. Тры месяцы вучэбкі ў Фергане (Узбекістан) праляцелі даволі хутка, але інтэнсіўныя трэніроўкі паспелі выпрацаваць у маладых салдат карысныя навыкі, якія ў далейшым многім дапамаглі выжыць. Ужо ў Фергане было зразумела, што дэсантнікаў тут рыхтуюць для выканання асаблівага задання. А ў жніўні 1984 года Валянціна з саслужыўцамі “пераправілі за кардон”, туды, дзе ішла крывавая афганская вайна. Месцам далейшай службы стаў Кабул, дзе дыслацыраваліся тры палкі 103-й гвардзейскай Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі – 345-ы, 350-ы і 357-ы парашутна-дэсантны, у складзе якога і быў наш зямляк. За вадзіцелем Валянцінам Пачабытам замацавалі “КАМАЗ-5320”. Яго асноўнай задачай было разам з іншымі ў калонах дастаўляць грузы ў Кабул з амудар’інскага порта Хайратон, куды яны паступалі чыгункай або рачным транспартам з Савецкага Саюза. Маршрут даўжынёй каля 400 кіламетраў пралягаў праз пустыню, перавал Саланг з горным серпантынам, Чарыкарскую даліну, якую яшчэ называлі “далінай смерці”, бо яна была засаджана вінаграднікамі, а ў “зялёнцы” часта рабілі засады душманы. На стойкасць і вынослівасць савецкіх хлопцаў, сярод якіх былі беларусы, рускія, украінцы, казахі, татары, выпрабоўваў не толькі складаны маршрут, але і афганская спёка, часам да сарака і вышэй градусаў, калі выпітая вада не магла спатоліць смагу, толькі выходзіла буйным потам. А ўжо праз некалькі гадзін салдаты за рулём сваіх КАМАЗаў па серпантыне Саланга адчувалі пранізлівы холад.
Валянцін Пачабыт расказвае, што хлопцаў у Афганістане ўсяму вучыла жыццё, бо ні адна парада і тэорыя не дапаможа, пакуль сам не пераадолееш круты пад’ём, не праедзеш па слізкай трасе, залітай селямі пасля дажджу, не “абуеш” сваю магутную машыну ў ланцугі пры галалёдзе. Усе гэтыя іспыты значна ўдасканальвалі вадзіцельскія навыкі салдат, якім пакараліся афганскія вёрсты. Аднак на шляху асцерагацца даводзілася не толькі дарожных цяжкасцяў і засадаў, пагрозу маглі ўяўляць і звычайныя мясцовыя жыхары. Афганец мог сядзець і маліцца, а побач напагатове ляжала вінтоўка, днём людзі выходзілі з матыгамі ў поле, а ноччу бралі ў рукі зброю. Многія з падобных уражанняў і выпадкаў Валянцін затым адлюструе ў рыфмаваных радках, якія з самага сэрца юнака выльюцца на паперу. Простыя рыфмы і словы дапамогуць перадаць той сплаў эмоцый, якія назапасіліся ў душы ў дні, калі ўзрываліся фугасы, за некалькі сантыметраў ад твару праляталі кулі, а смерць жыла па суседстве.
Валянціну Пачабыту пашанцавала: лёс яго збярог. Праз два гады воін-афганец вярнуўся дахаты, дзе яго чакалі і вельмі рады былі ўбачыць жывым бацькі, сястра і брат. У мірным жыцці Валянцін спачатку вырашыў абраць для сябе грамадзянскую прафесію: скончыў Полацкі лясны тэхнікум, працаваў у Вензавецкім лясніцтве. Але ўжо ў 1990 годзе перайшоў у Дзятлаўскі раённы аддзел міліцыі, у патрульна-паставую службу, затым яшчэ пятнаццаць гадоў адпрацаваў у групе затрымання пазаведамаснай аховы, пасля выхаду на пенсію пяць гадоў быў вартаўніком на розных аб’ектах.
З дзяцінства Валянцін Іосіфавіч захапляўся рыбнай лоўляй, і ён не адзін такі сярод воінаў-інтэрнацыяналістаў Дзятлаўшчыны. Таму разам з Аляксеем Бальшым, Алегам Драгунскім, іншымі ўдзельнікамі аб’яднання вырашылі арандаваць у раёне азёры і разводзіць рыбу. Так быў створаны вытворчы кааператыў “Рыбалоў-аматар”, старшынёй якога цяпер з’яўляецца Валянцін Пачабыт. Кааператыў функцыянуе дзесяць гадоў. Для рыбалоўных мэтаў кампанія арандуе азёры Саннікі і Нямковічы. У вадаёмы запушчаны карп, амур, судак, водзіцца тут шчупак, карась, акунь, плотка, прыжыўся маладняк ліня, ляшча, а вось са сцерляддзю пакуль незразумела – не трапляе яна на кручок. Рыбачыць на гэтых вадаёмах можна за невялікую плату, памер якой вызначае кааператыўны сход. Як прызнаюцца ўдзельнікі кааператыву, гэтай зімой іх крыху падвяло надвор’е: лёд так і не стаў, не атрымалася наладзіць зімовую рыбалку. Аднак Валянціну Іосіфавічу, як бываламу рыбаку, ёсць чым пахваліцца. Сярод яго ранейшых “трафеяў” былі і адзінаццацікілаграмовы карп, і шчупак на дзесяць кілаграмаў сямсот грамаў.
Сям’я станоўча адносіцца да захаплення Валянціна Пачабыта і не супраць свежай рыбы на стале. Разам з жонкай Галінай Антонаўнай Валянцін Іосіфавіч выгадаваў дачку Аксану і сына Ігара. Дзеці ўжо дарослыя. Аксана працуе тэсціроўшчыкам праграм у Гродзенскім філіяле кампаніі ЕПАМ Сістэмс (кампанія з’яўляецца буйным сусветным вытворцам заказнога праграмнага забеспячэння). Ігар скончыў Жыровіцкі сельскагаспадарчы коледж, некалькі гадоў адпрацаваў у міліцыі, цяпер ён дальнабойшчык.
Вяртаючыся ўспамінамі ў сваю маладосць, сучаснай моладзі воін-афганец Валянцін Пачабыт жадае ніколі не ўбачыць таго, што бачыў ён і салдаты, якія служылі ў “гарачых кропках”. Раіць менш часу бавіць за камп’ютарамі і мабільнымі тэлефонамі, больш рухацца, гуляць у спартыўныя гульні. Узгадвае, як у дзяцінстве з сябрамі “прападаў” на двары: летам гулялі ў футбол, а ўзімку па некалькі гадзін даводзілася чысціць снег на возеры, каб згуляць у хакей, а за ноч ён выпадаў зноў. Затое ў дзяцей былі жывыя стасункі, цікавыя сумесныя справы, спартыўны запал, чаго цяпер часта не хапае падрастаючаму пакаленню.
Воінам-інтэрнацыяналістам да Дня памяці Валянцін Іосіфавіч зычыць моцнага здароўя, невычэрпных сілаў і энергіі на многія гады, сямейнага дабрабыту і каб не трывожыла памяць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup