У рамках акцыі “Наш жывёлавод” падзякі і падарункі атрымалі лепшыя работнікі жывёлагадоўчай галіны КСУП “Жукоўшчына”.
На Дзятлаўшчыне працягваецца акцыя “Наш жывёлавод”, ініцыяваная рэспубліканскім камітэтам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, у рамках якой ушаноўваюць лепшых жывёлаводаў сельгасарганізацый.
Акцыя праводзіцца з мэтай паляпшэння санітарна-бытавых умоваў на жывёлагадоўчых фермах, стымулявання працы работнікаў жывёлагадоўлі, павышэння эфектыўнасці вытворчасці.
Першы месяц новага года прынёс нямала хвалюючых і прыемных момантаў для работнікаў жывёлагадоўчай галіны КСУП “Жукоўшчына”.
Словы віншаванняў, Падзячныя лісты і падарункі ад Дзятлаўскага райкама прафсаюзаў АПК на пачатку года атрымалі адразу пяць работнікаў жывёлагадоўлі.
Сустрэча старшыні Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміра Казака з лепшымі работнікамі сельгасарганізацыі праходзіла на малочнатаварнай ферме “Краглі”.
Спачатку госці і работнікі спыніліся на пытаннях, якія тычацца арганізацыі і бяспекі працы, затым у сяброўскай гутарцы разгледзелі пытанні развіцця агракомплексу, узгадалі, як змяняўся час, а разам з ім і гісторыя калгасаў, успомнілі перыяды рэканструкцый малочнатаварных фермаў на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства, не засталіся па-за ўвагай і важныя аспекты штодзённых пытанняў па ўдасканальванні ўмоваў працы і вытворчых працэсаў.
Працягнулася сустрэча ўшанаваннем лепшых работнікаў прадпрыемства Падзячнымі лістамі і падарункамі ад Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Уладзімір Казак падзякаваў за добрасумленную і шматгадовую працу на жывёлагадоўчых комплексах і механізаваных фермах аператару па штучным абнасеньванні малочнатаварнай фермы “Погіры” Рэгіне Паўлоўскай, жывёлаводаў малочнатаварнай фермы “Краглі” Галіне Зайцавай і Валянціне Аўцынавай, аператару па штучным асемяненні жывёл малочнатаварнай фермы “Краглі” Галіне Вайтушка, аператару малакасховішча малочнатаварнай фермы “Краглі” Вацлаву Грэйню.
Віншуючы адказных работнікаў з працоўнымі поспехамі, Уладзімір Фёдаравіч адзначыў, што за любымі дасягненнямі і паказчыкамі сельгаспрадпрыемстваў абавязкова стаяць людзі, якія ўкладваюць у сваю працу душу, уменні, час. Праца жывёлавода ва ўсе часы была і застаецца вартай павагі, а людзі са стажам – гэта людзі асаблівай загартоўкі, якія не баяцца цяжкасцяў і ведаюць, што клапат пра харчовую бяспеку – задача нумар адзін, якую неабходна выканаць, нягледзячы на знешнія абставіны. Дзякуючы тым, хто старанна працуе і ўкладвае ўвесь свой вопыт, уменне ў работу, дасягае добрых вытворчых паказчыкаў, поспехаў дасягае і прадпрыемства.
Уладзімір Фёдаравіч выказаў словы шчырай удзячнасці за працавітасць, вернасць абранай прафесіі, адданасць свайму працоўнаму калектыву, роднай зямлі і пажадаў работнікам малочнатаварных фермаў моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту ў сем’ях і новых вытворчых поспехаў.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup