Урачысты старт мерапрыемствам у межах акцыі “Ліда – культурная сталіца Беларусі” будзе дадзены ў лютым.
Лідчане заўсёды стараюцца прапанаваць нешта цікавае жыхарам і гасцям, улічваючы інтарэсы і малых, і дарослых. Упершыню ў горадзе адбудзецца Рэспубліканскі фестываль нематэрыяльнай спадчыны нашай радзімы “Скарбы Беларусі”. Ліда на ім прадставіць традыцыю белаўзорыстага ткацтва Панямоння, якая два гады таму атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пазнаёміцца з гэтай і іншымі выбітнымі беларускімі традыцыямі, фальклорнымі калектывамі, тэатрамі гульні, працай майстроў народнай творчасці, пабываць на прэзентацыі нацыянальных страў можна будзе ў ліпені. Паралельна ў горадзе пройдзе раённае свята “Каля замка на Купалу”. А таксама вельмі цікавы фестываль культурных сталіц Беларусі і Літвы “Дзвюх сясцёр спрадвечныя скарбы” – Ліды і яе горада-пабраціма Тракая. Асаблівая ўвага на ім будзе нададзена ткацтву і яго самым розным відам, распаўсюджаным як на Гродзеншчыне, так і ў Літве.
Атрымае працяг культурна-турыстычны праект пад адкрытым небам “Замкавы гасцінец”, мерапрыемствы якога праходзяць з мая па верасень. Пачнецца ён фестывалем агню “Фенікс фаер-фэст”. Выступленні рыцараў, турнір лучнікаў, гістарычная рэканструкцыя – атмасфера сярэднявечча ў замку будзе пастаянна. З мая па жнівень тут будуць праходзіць мерапрыемствы музейна-асветніцкай праграмы “Невычэрпны выток гісторыі”: анімацыйныя і інтэрактыўныя праграмы, экскурсіі па замку і гораду, у тым ліку тэатралізавныя.
Як распавяла Наталля Леўшунова, у мінулыя гады з поспехам у замкавым двары прайшлі спектаклі прафесійных тэатраў. Супрацоўніцтва мяркуецца працягнуць і сёлета прапанаваць новыя пастаноўкі.
Чым яшчэ адметна Ліда, дык гэта моладзевымі ініцыятывамі. Таму ў плане культурных мерапрыемстваў штогод багата фестываляў менавіта для моладзі і з удзелам моладзі. Гэты год – не выключэнне. У чэрвені можна будзе наведаць абласны фестываль моладзевых субкультур, што праходзіць у межах праекту “КИРПиЧ“, фестываль андэграўнднага мастацтва “Нетыповы PARADIS”, цягам года – шэраг мерапрыемстваў крэатыў-праекту “Творчы арт-прамоўшн” для моладзі. Ужо сталі брэндамі Ліды фестывалі “ЛьВёнок”, джазава-эстрадныя і імпрэзы “”Зорны дождж” і “”Птица”. Таксама пройдуць конкурсы сярод юных музыкантаў, вакалістаў, танцораў, мастакоў: ні адзін талент не застанецца без прызнання.
У чаканні афіцыйнага старту акцыі лідчане запрашаюць наведаць Епархіяльны фестываль-конкурс праваслаўных песнапенняў “Слава ў вышніх Богу” 7 лютага.
grodnonews.by