Футбольныя спаборніцтвы

Свежыя навіны Спорт і турызм

У горадзе Ваўкавыску прайшоў Першы Калядны турнір па міні-футболе, прымеркаваны да 80-годдзя з дня ўтварэння Ваўкавыскага раёна.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел шэсць рэгіянальных каманд. Сярод іх – гаспадары поля, найстарэйшыя аматарскія каманды Ваўкавыска, сузаснавальнікі “Ваўкавыскай футбольнай лігі” – “Штурм”, “Допуск” і “Чайка”. Гасцямі турнірных спаборніцтваў сталі тры рэгіянальныя ўдзельнікі аматарскай лігі – зборная “Бадэн” з Бераставіцы, мастоўская “Масты-Сіці” і зборная Дзятлаўскага раёна “Белая Русь”.

Згодна з рэгламентам, каманды-ўдзельніцы былі падзелены на дзве групы па тры каманды ў кожнай. Пасля групавога этапу адбыліся матчы за месцы.

З-за таго, што ўсе запланаваныя матчы павінны былі быць праведзены на працягу аднаго дня, гульні доўжыліся па 30 хвілін без змены варотаў і перапынку. Для ўдзельнікаў і арганізатараў турніру гэта быў доўгі і напружаны міні-футбольны марафон – сапраўдны іспыт на вытрымку.

У групавым этапе спаборніцтваў зборная каманда Дзятлаўшчыны сыграла два матчы, ход якіх скончыўся наступным лікам:

“Допуск” – “Белая Русь” 4 : 2;

“Чайка” – “Белая Русь” 7 : 5

У барацьбе за  пятае месца зборная нашага раёна сыграла матч з камандай “Масты-Сіці” і завяршыла яго разгромам мастоўскай каманды – 8 : 2  на карысць Дзятлава.

У матчы за трэцяе месца сустрэліся “Чайка” і “Штурм”, ход гульні скончыўся лікам 5 : 4 на карысць “Штурма”.

У фінале больш дзейсную гульню паказала зборная Ваўкавыска “Допуск”.

Удзельнікі спаборніцтваў адзначылі высокі ўзровень арганізацыі турніру і належны ўзровень падрыхтаванасці каманд. Зборная каманда Дзятлава “Белая Русь” дзякуе арганізатарам за запрашэнне на футбольны турнір, гасціннасць і цёплую сяброўскую атмасферу ў час правядзення спаборніцтваў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота прадастаўлена трэнерам футбольнай зборнай раёна Уладзімірам ГАНЧАРОМ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup