У экспазіцыі нашага музея знаходзіцца адзіны ліст з фронта – ліст Руфіма Фёдаравіча Чабатарова.
І імя, і прозвішча гавораць пра тое, што хлопец быў не мясцовы. Хто ж ён, Руфім Чабатароў, і як апынуўся яго ліст у Дзятлаўскім краязнаўчым музеі?
Руфім Чабатароў нарадзіўся ў 1924 годзе ў сяле Зуеўка Кіраўскай вобласці. Пасля заканчэння школы ў чэрвені 1941 года прыехаў у госці да бабулі, якая жыла на хутары Агароднікі каля Гарадзішча Баранавіцкай вобласці. Было тады юнаку шаснаццаць з паловай гадоў. Ці думаў ён у той час пра вайну і смерць? Напэўна, не. Юначае сэрца было напоўнена спадзяваннямі, маладой радасцю, планамі на будучае. А тут вайна, на беларускай зямлі гаспадараць фашысты.
Некаторы час Руфім жыў на хутары, прыглядаўся да абстаноўкі, знаёміўся з мясцовымі людзьмі і ўжо ў снежні 1942 года стаў партызанам атрада імя Суворава Першамайскай брыгады.
А маці была далёка і нічога не ведала пра сына цэлыя тры з паловай гады. Дзе ён? Ці жывы? Кожную ноч думала яна свае цяжкія думы, а сэрца балела і не хацела верыць у найгоршае. І вось радасць: 11 лютага 1944 года яна атрымала адзіны ліст ад сына – невялікі трохкутнічак, лісток са школьнага сшытка. Руфім паведамляў, што знаходзіцца ў партызанскім атрадзе, ваюе.
“Жыву добра, – пісаў ён, – б’ём немцаў, паліцыю і розных мярзотнікаў. Вельмі хачу ведаць, як жыве мой родны край, як жывяце вы, а таксама ўсе мае знаёмыя”. Але ліст прыйшоў са спазненнем: Руфіма ўжо больш як месяц не было на гэтым свеце – ён загінуў у час выканання задання камандавання партызанскага атрада. Толькі 22 сакавіка 1945 года маці атрымала страшную вестку – афіцыйнае паведамленне пра смерць сына.
Успаміны пра Руфіма Чабатарова пакінуў Антон Голуб, партызан, які ваяваў разам з ім. “Я быў у адным атрадзе з Чабатаровым, добра яго помню з кастрычніка 1943 года. Руфім быў смелым хлопцам, заўсёды рваўся ў бой, таму яго прызначылі ў групу разведчыкаў. Работа разведчыкаў самая небяспечная. Яны часта нарываліся на засады, з баямі выходзілі з акружэння”.
Не заўсёды шанцавала разведчыкам, часта здараліся і вялікія страты. Адзін такі выпадак захаваўся ва ўспамінах Антона Голуба. Вечарам 14 студзеня 1944 года група разведчыкаў з вёскі Кабыльнікі (цяпер Клёны Навагрудскага раёна) накіравалася на двух вазах у лясное ўрочышча Чарнічнае, што каля Міроўшчыны. У групе было сем чалавек. Узначальваў разведчыкаў ураджэнец Смаленшчыны Мікалай Бялоў. Трэба было прывезці ў партызанскі лагер лекі і зброю, схаваныя падпольшчыкамі ў лесе.
Дарога была недалёкая, але вельмі небяспечная. Ехалі ўсю ноч па цаліку, па заснежаных лясных і палявых дарогах, абміналі населеныя пункты, каб не натрапіць на паліцаяў. Коні і людзі знемаглі.
Перад світаннем апынуліся на знаёмым хутары Браніслава Гайдука, непадалёк ад вёскі Муляры. Вырашылі днём адпачыць, а ноччу працягнуць шлях. Хутар стаяў у зацішным месцы, у лагчыне, з трох бакоў да яго падступаў лес, толькі з усходу быў адкрыты касагор. Разведчыкі распрэглі коней, паставілі іх у хляве, пакінулі зменнага вартавога, а самі, не распранаючыся, палеглі спаць.
Ніякай небяспекі не прадбачылася, вакол было ціха, здзівіла толькі тое, што гаспадар хутара нечакана некуды падзеўся. Аднак разведчыкі не надалі гэтаму вялікай увагі: ці мала што чалавеку патрэбна па-за сядзібай.
Усіх разбудзіў нечаканы стрэл. Было яшчэ цемнавата, стаяў невялікі туман, але партызаны добра разгледзелі ў бліжэйшых кустах постаці паліцаяў і немцаў. Тыя акружылі хутар. Сярод паліцаяў пазналі і гаспадара-здрадніка. Трэба было прымаць бой і неяк ратавацца, каб выканаць заданне. Камандзір групы Мікалай Бялоў і Руфім Чабатароў заселі пад вішняком, каб прыкрыць таварышаў, якія адступалі.
Бой быў нядоўгім, бо ворагаў аказалася нашмат больш, чым партызан. Хутка смяротна параніла Бялова, павісла на плоце мёртвае цела Чабатарова: ён не паспеў кінуць гранаты, які ўвесь час насіў у кішэнях. На двары хутара былі забіты хлопцы з Полаччыны Сяргей Зыкаў і Якаў Дваяшкін, у чыстым полі дагнала куля Генадзя Ігнатовіча, партызана з вёскі Харашкі. Удалося ўратавацца толькі Сцяпану Голубу: ён незадоўга да нападу паліцаяў выйшаў з вядром да крыніцы, каб набраць вады. Здраднік Гайдук здалёк не пазнаў яго і сказаў паліцаям, што гэта хлопец з суседняга хутара, не партызан. Крыніца ж была каля самага лесу. Так Сцяпану суджана было выжыць і расказаць пра выпадак з партызанскага жыцця ўжо ў пасляваенны час.
Дзякуючы ўспамінам Сцяпана Голуба мы ведаем, як загінуў Руфім Чабатароў, партызан атрада імя А. В. Суворава, хлопец, які аказаўся ў гады ліхалецця на Дзятлаўшчыне і пакінуў для нашых землякоў адзіны аўтэнтычны ваенны трохкутнік. Маці перадала ліст сына, калі прыязджала на магілу пасля вайны.
Вечная памяць героям, якія аддалі жыццё за нашу малую радзіму, за нашу Бацькаўшчыну!
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup