Валерыя Аніська: “Актыўнае жыццё лічу ўзнагародай”

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Харызматычная, таленавітая, нястрымна актыўная, і, безумоўна,  надзвычай эпатажная – такой запомнілася жыхарам раёна сёлетняя пераможца конкурсу “Краса Дзятлаўшчыны-2019”, малады спецыяліст галіны эканомікі КСУП “Жукоўшчына” Валерыя Аніська.

Цікава даведацца ў дзяўчыны, што паўплывала на яе жаданне прыняць удзел у конкурсе прыгажосці і грацыі, як змянілася асабістае жыццё пасля ўручэння кароны.

З гэтай нагоды накіроўваюся на сустрэчу ў аграгарадок  Жукоўшчына, дзе са шчырай адкрытасцю, прастатой  і абаяльнай усмешкай гасцей сустракае першая прыгажуня раёна.

– Валерыя, вам 21 год, сёлета вы паспяхова скончылі Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, цяпер з’яўляецеся спецыялістам у сферы эканомікі. Скажыце, чым кіраваліся ў выбары прафесіі?

– З юнацкіх гадоў, колькі сябе памятаю, любіла што-небудзь палічыць, у час вучобы ў школе таксама аддавала перавагу дакладным навукам, з задавальненнем вывучала замежную мову. У старэйшых класах мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення на факультэт эканомікі і арганізацыі ў галінах аграпрамысловага комплексу. Таму з упэўненасцю адкажу: да выбару прафесіі падышла адказна, і выбар гэты цалкам усвядомлены.

– Першым месцам вашай работы стала КСУП “Жукоўшчына”. Гэта таксама ўсвядомлены выбар?

– На прадпрыемства я была накіравана па размеркаванні. Працоўную дзейнасць у гаспадарцы пачала з пасады эканаміста. Тое, што жыццё прадыктавала свае ўмовы – не спалохала, а, наадварот, парадавала. Размеркаваны лад жыцця сельскай мясцовасці мае свае плюсы. Для нас – учарашніх жыхароў вялікіх гарадоў і прыхільнікаў дынамічнага руху – гэта цудоўная магчымасць, каб спыніцца, спакойна папрацаваць над уласнымі задумкамі і праектамі, набрацца вопыту, падумаць пра планы на будучыню.

– Як адчуваеце сябе на першым працоўным месцы?

– За  плячыма – чарада працоўных месяцаў, а  запалу – хоць адбаўляй. Радуюся, калі на мяне рушыцца “шквал” работы, не магу сядзець без занятку, з задавальненнем бяруся за новыя справы. Натура я непаседлівая, шукаю сябе ў розных напрамках дзейнасці. Калі чагосьці не ведаю, з цікаўнасцю рухаюся па накірунку – абавязкова даведацца, вывучыць і ўмець. Характар настрою на працу па-ранейшаму аптымістычны, а з нагоды апошніх падзяў яшчэ і ўзнёсла-святочны.

– Валерыя, вы з дзяцінства такая энергічная і актыўная?

– У час вучобы ў школе я была натурай замкнёнай, ціхай, спакойнай. У мяне, як і ў многіх іншых падлеткаў, было шмат комплексаў адносна знешнасці, прыходзілася цярпець і крыўды ад аднакласнікаў.

Усё змянілася з пачаткам студэнцкага жыцця. Калі ў школе аднакласнікі і настаўнікі мяне не заўважалі, то выкладчыкі ўніверсітэта і аднакурснікі  нібыта “прачыталі” маё таемнае жаданне раскрыць свае здольнасці, заўважылі ўва мне творчы патэнцыял – і са звычайнай “ціхоні” я вырасла ў энергічную актывістку.

У першы год навучання я прыняла актыўны ўдзел у святочнай праграме “Шоу першакурснікаў”. Атрымала перамогу ў намінацыі за лепшую жаночую ролю. Пазней стала нязменнай вядучай невялікіх святочных праграм,  масштабных універсітэцкіх канцэртаў і святаў, паралельна працягвала займацца любімым заняткам – танцамі.

З першага курса прымала ўдзел у модных паказах, з’яўлялася мадэллю Гродзенскага тэатра моды “Мілада”. Былі кастынгі, фэшн-шоу, паказы.

– Ведаю, вы выдатніца навучання…

– Так. Ва ўніверсітэце я аддавала шмат часу вучобе, гадзінамі праводзіла час у бібліятэцы, годна рыхтавалася да залікаў і экзаменаў. Бяссонныя ночы таксама на рахунку майго студэнцкага жыцця.

Па выніках бездакорнай вучобы прызнана лепшай студэнткай эканамічнага факультэта 2018 года. З гэтай нагоды была запрошана на сустрэчу Прэзідэнта нашай краіны з адоранай моладдзю, якая праходзіла  летась у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.  Як выдатнік навучання на працягу ўсёй вучобы была занесена на Дошку гонару.

На трэцім курсе навучання атрымала прэмію Беларускага фонду міру.

– Захапленні, задумкі, інавацыйныя ідэі, творчыя праекты – гэта ўсё пра вас. Раскажыце пра гэтыя напрамкі вашай дзейнасці.

– За гады вучобы ва ўніверсітэце было шмат ідэй, многія з іх рэалізаваліся. Так, разам са старшакурснікам мы стварылі ўласны творчы калектыў “No name”, распрацавалі і падрыхтавалі  розныя па стылістыцы танцавальныя нумары. Выступленні праходзілі пад буру авацый, хутка ў студэнцкай суполцы наш калектыў стаў больш вядомы як “Нэймы”.

На чацвёртым курсе вучобы з задавальненнем адгукнулася на прапанову выкладчыка прыняць удзел у Міхнародным  конкурсе студэнцкіх праектаў. Яго тэмай я абрала ветэрынарыю, бо з дзяцінства люблю жывёл. Ідэяй пакуль падзяліцца не магу – пакінем  усё ў сакрэце. Праект на конкурсе заняў трэцяе месца. У будучым планую прадоўжыць працу ў накірунку ветэрынарыі.

 

– У конкурсе прыгажосці гэта першая ваша перамога?

– Не першая. У час вучобы ва ўніверсітэце я без перашкод прайшла кастынг і прыняла актыўны ўдзел у конкурсе прыгажосці “Каралева вясна”, дзе заваявала тытул “Міс універсітэт”, далей адбыўся абласны этап гэтага конкурсу, па выніках якога мне прысвоены тытулы “Міс грацыя” і “Міс сімпатыі гледачоў”.

– Валерыя, на дзятлаўскім подыўме перад гледачамі вы паўсталі ў розных убраннях і ролях. Як лічыце, ці дапамагае  ў жыцці ўменне прыгожа і стыльна апранацца?

– Па маім сціплым меркаванні, бездакорны знешні выгляд чалавека, безумоўна, здольны выклікаць у акружэння  цікавасць да суразмоўцы, а ўменне трапна прыпаднесці сябе здольна выклікаць у людзей нават захапленне.

– Вам хтосьці дапамагаў з падрыхтоўкай конкурсных нумароў ці гэта выключна ваша асабістая заслуга?

– Вядома, у падрыхтоўцы да кокурсу без дапамогі не абысціся. Значную падтрымку мне аказалі галоўны спецыяліст КСУП “Жукоўшчына” Алена Свіб, кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Кугейка, калегі і жыхары аграгарадка. Вялікі ім за гэта дзякуй.

– Тое, што вы пераможца конкурсу прыгажосці, неяк адбілася на вашым паўсядзённым жыцці?

– Адчуваю вельмі шмат увагі да сябе, у тым ліку і ў сацыяльных сетках.

– Вялікая ўвага на конкурсах прыгажосці надаецца дабрачыннай актыўнасці. Як вы лічыце, гэта грамадская неабходнасць ці стан душы?

– У нашы дні дабрачыннасць – гэта вельмі запатрабавальная справа, для мяне асабіста – гэта яшчэ і стан душы. З дзяцінства я люблю жывёл і імкнуся дапамагаць хатнім гадаванцам, якія па нейкіх абставінах, засталіся без прытулку. З юнацкіх гадоў займаюся валанцёрскай дзейнасцю: набываю корм, ваду, медыкаменты і перадаю ўсё гэта ў прытулкі, дапамагаю ім, чым магу.

Апошнім аб’ектам маёй увагі стала бяздомная кошка Тапціла – больш вядомая жыхарам аграгарадка Жукоўшчына колерам свайго акрасу і скалечанасцю. З Тапцілай мы пасябравалі, цяпер  яна праходзіць курс лячэння ў ветэрынарнай клініцы ў Гродне. Спадзяюся, вернецца здаровай і прыгожай. Кошт па аплаце лячэння ўзялі на сябе я і мае сябры.

Заўсёды са здзіўленнем гляджу на людзей, якія здольны пакрыўдзіць гадаванцаў. Яшчэ больш перажываю, калі падобнае дазваляецца  дзецям, для якіх такія паводзіны потым становяцца нормай жыцця.

– У якасці ўзнагароды спонсары падарылі вам сертыфікат на паездку ў Санкт-Пецярбург. Калі плануеце адправіцца ў падарожжа?

– Дакладна не ведаю. Мяркую ў чэрвені, у час правядзення штогадовага свята выпускнікоў школ “Пунцовыя ветразі”.

– Падзяліцеся вашым персанальным рэцэптам прыгажосці.

– Самы ўніверсальны рэцэпт – гэта добры настрой і аптымістычнасць. Зусім не важна, якія ў вас рысы твару, якой касметыкай вы карыстаецеся, якімі формамі валодаеце, галоўнае ўпрыгожванне чалавека – гэта пазітыўны погляд на свет і любоў да існуючай прыгажосці.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ