У Дзятлаве 6 снежня прайшоў раённы конкурс прыгажосці і грацыі “Краса Дзятлаўшчыны-2019”.
Гэтае мерапрыемства традыцыйнае і яго арганізавалі раённы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і сектар па рабоце з моладдзю Цэнтра культуры і народнай творчасці.
Спонсарамі конкурсу сталі прадстаўнік турыстычнай кампаніі “Лассе-Тур” Анастасія Госцева і майстар перманентнага макіяжу г. Мінск-Віцебск Аляксандр Крышан.
У конкурсе прынялі ўдзел шэсць дзяўчат – прадстаўніцы КСУП “Жукоўшчына”, ААТ “Граніт-Агра”, СШ № 3 горада Дзятлава, цэнтральнай раённай бальніцы, райспажыўтаварыства, Дзятлаўскай музычнай школы.
Пад № 1 — Лізавета Фралова, якая прытрымліваецца жыццёвага прынцыпу: ніколі не бойся, што можа штосьці не атрымацца, спрабуй, імкніся, прадпрымай!
Нумар 2 дастаўся Ірыне Лішык. Сябе яна пазіцыянуе, як аптымістку, раіць ніколі не апускаць рук, усміхацца і не сумаваць. Выступаць пад № 3 давялося Дар’і Кончык. Яе мара – мець добрую сваю сям’ю, знайсці сваё месца ў жыцці.
Удзельніца пад № 4 – Анастасія Варэйка лічыць, што не варта быць лепшай за ўсіх, трэба быць лепшай за сябе ўчарашнюю.
Нумар 5 выпаў Валерыі Аніська. “Я радуюся кожнаму дню, які надыходзіць, — кажа дзяўчына, — і стараюся радаваць іншых”.
А вось канкурсантка пад № 6 – Ганна Нікіпорчык лічыць, што мара можа стаць рэальнасцю, калі прыкласці намаганні.
Падтрымаць іх, “пахварэць” за канкурсантак сабраліся ў зале Дзятлаўскага дома культуры калегі, сябры, родныя, знаёмыя.
Выпрабаванні дзяўчатам былі прапанаваны розныя. І першыя – дэфіле ў вобразах касмічных Снягурак і конкурс хатняе заданне — “прэзентацыя сябе”. Усе прыгажуні справіліся з імі выдатна. А найлепш – Лізавета Фралова, якая за дэфіле і відэапрэзентацыю набрала ў суме 72 балы.
Свае таленты пераўвасабляцца дзяўчаты дэманстравалі ў час творчага задання “Новы год і Каляды – свята пажаданняў і надзей”. Тут самыя высокія балы атрымала зноў- такі канкурсантка пад нумарам 1 медык Лізавета Фралова за свой адмысловы малюнак. Але і іншыя выдатна імправізавалі, ігралі, спявалі, танцавалі.
Інтэлектуальны конкурс запатрабаваў эрудыцыі, кемлівасці, умення выказаць сваё меркаванне. Пытанні і прапановы ад вядучых былі самыя нечаканыя: напрыклад, падарожжа ў свой самы лепшы час ці на конкурс “Міс Беларусь”, выступіць дыктарам з навагоднім пажаданнем… І тут лідарства перахапіла ўдзельніца пад № 5 Валерыя Аніська. Яна набрала амаль максімальную колькасць балаў у гэтым і наступным конкурсе —дэфіле ў шортах. Дарэчы, такое заданне было прапанавана ўпершыню, але дзяўчаты вельмі задорна станцавалі пад лацінаамерыканскія матывы.
Апошнім выпрабаваннем аказаўся выхад у вясельных сукенках. Самай прыгожай нявестай выглядала Ганна Нікіпорчык, якой журы паставіла 38 балаў.
Пакуль журы вызначала, хто з дзяўчат годны тытула “Міс краса Дзятлаўшчыны”, прысутныя ў зале маглі пабачыць кулінарныя кампазіцыі канкурсантак і ацаніць іх кулінарныя здольнасці. Таксама гледачам можна было падаць свой “голас” за тую ўдзельніцу, хто найбольш спадабаўся.
Журы,а ў склад яго ўвайшлі Уладзімір Казак, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, Наталля Калодка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Васіль Шыцько, намеснік начальніка названага аддзела, Аляксей Якаўчык, галоўны спецыяліст гэтага аддзела, Алена Жадзейка, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, Кацярына Хілімончык, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” і спонсары – Анастасія Госцева і Аляксандр Крышан, няпроста было зрабіць канчатковы выбар, бо кожная з удзельніц выступіла выдатна, праявіла сябе ў тым ці іншым конкурсе.
І ўсё ж уладальніцай тытула “Міс сімпатый гледачоў-2019” стала Анастасія Варэйка. Тытул “Міс топ-мадэль-2019” прысуджаны Дар’і Кончык. Самай фотагенічнай прызнана Ірына Лішык, якая атрымала тытул “Міс фота-2019”.
Другой віцэ-міс стала Лізавета Фралова, тытул першай віцэ-міс прысуджаны Ганне Нікіпорчык. І ўладальніцай тытула “Краса Дзятлаўшчыны-2019 стала Валерыя Аніська, якая нядаўна прыехала на Дзятлаўшчыну і першы год працуе эканамістам ў КСУП “Жукоўшчына”.
Дзяўчат павітала міссіс Дзятлаўшчыны-2018 Анастасія Голуб. Яна пажадала быць заўсёды вабнымі, шчаслівымі, удачлівымі. Ёй выпала прыемная місія: надзець карону пераможцы – Валерыі Аніська.
Святочны настрой у зале падтрымлівалі мясцовыя артысты –група “Бархат”, Улад Чарняўскі, Улад Ракуць, Ілья Панько, удзельнікі студыі “Марсі”, Максім Маліноўскі, Максім Юганаў, Лізавета Іода, Вікторыя Кончык, Улад Добыш.
Прыемным было ўзнагароджанне. Удзельніцы атрымалі падарункі і букеты кветак ад сваіх калег па працы, наборы ад прадстаўніка касметычнай кампаніі “Арыфлэйм” Марыны Шаўчук, грашовыя ўзнагароджанні ад арганізатараў, падарункі ад спонсараў. Самы важкі падарунак, зразумела, дастаўся пераможцы – карона і сертыфікат на трохдзённую паездку ў Санкт-Пецярбург.
Інтэрв’ю з прыгажуняй Валерыяй Аніська
Пераможца конкурсу грацыі і таленту “Краса Дзятлаўшчыны-2019” адказала на пытанні карэспандэнта газеты “Перамога”.
-Які з прапанаваных конкурсаў быў самы цяжкі?
-Цяжкіх заданняў для мяне асабіста не было. У першым адчувала крыху хваляванне, але хутка справілася.
-А самы лёгкі конкурс…
—Дэфіле ў вячэрніх сукенках.
-Калі б вам, Валерыя, давялося арганізоўваць конкурс прыгажосці, якое спаборніцтва дадалі б?
—Усяго было дастаткова: прэзентацыя, некалькі дэфіле, творчы, інтэлектуальны, кулінарны конкурсы. Дабаўляць бы нічога не стала.
-Калі б вы былі спонсарам з неабмежаванымі магчымасцямі…
—Я падарыла б падарожжа кожнай канкурсантцы. Стараліся ўсе. Знаходзілі час на рэпетыціі, а мы ж усе працуем. Пераадолелі свае сумненні, няўпэўненасць, страх перад аўдыторыяй.
-Хто за вас найбольш перажываў?
—Зразумела, мама. Яна спецыяльна прыехала з Гродна, каб падтрымаць, дапамагчы. І яшчэ каманда з Жукоўшыны, якая вельмі “хварэла” за мяне. Усім вялікі дзякуй!
Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ