Ёлкі заззялі ў пасёлках і аграгарадках

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

“Зноў да ёлачкі спяшаемся!”

Пад такой назвай падрыхтавалі забаўляльную праграму работнікі Казлоўшчынскага дома культуры.

У госці да  жыхароў пасёлка завіталі Дзед Мароз і Снягурка (Валерый Міхалоўскі і Марыя Семчанка), Зімачка-Зіма (Марына Міхалоўская), госці з Прастаквашына – Шарык і кот Матроскін (Марына Герасімовіч і Таццяна Францішчык). А нагода для свята важкая – запаліць агеньчыкі на ёлцы і даць старт навагоднім і калядным урачыстасцям.

Ёлка ў Казлоўшчыне не звычайная – штучная ці прывазная, тут яна жывая. Расце каля Дома культуры, а пад Новы год яе ўпрыгожылі гірляндамі, шарамі. Была простая ёлка – стала навагодняя. Работнікі адпаведных службаў парупіліся пра пляцоўку каля жывога навагодняга дрэва: цяпер там зручна павадзіць карагод ці зладзіць гульню.

На пляцоўцы каля Дома культуры хлопчыкаў і дзяўчынак, якія не забаяліся непагадзі, а прыйшлі на свята, забаўлялі роставыя лялькі – Воўк і Лісіца. У гэтых вобразах былі браты- блізняты Артур і Арцём Мазалі, васьмікласнікі Казлоўшчынскай школы.

Пад вясёлыя песні, якія выконвалі Марына Міхалоўская, Віка Татарчык, Віка Куніцкая, танцавалі дзеці і дарослыя. А потым Зіма загадала запаліць агні на ёлцы і станавіцца ў карагод.

Зазіхацела лясная прыгажуня, якая выпадкова аказалася ў пасёлку, прыжылася, а цяпер знайшла сваю пастаянную “прапіску” на навагодніх святах. І такой фарсістай яна будзе яшчэ доўга.

Раз, два, тры – ёлачка, гары!

У Наваельні на ўрачыстасць сабралася нямала дзяцей. Але свята для іх ледзьве не было сарвана. І кім? Ды Кікімарай і Бабай Ягой, якія не могуць, каб не нашкодзіць. Вось і гэты раз яны стараліся то танец сапсаваць, то песню, то высмейвалі кожнага, хто захацеў даведацца, што яго чакае ў новым годзе. Ролі гэтых шкодніц выдатна выконвалі Наталля Нагорная і Святлана Гранкоўская.

Гарэзы так разышліся, што і Дзеда Мароза паклікаць перашкаджалі. А без яго якое ж свята? Толькі нічога ў шкодніц не атрымалася. Дзед Мароз са Снягуркай з дапамогай дружных дзіцячых воклічаў: раз, два, тры – ёлачка гары! — запалілі агеньчыкі на навагодняй прыгажуні.

Святочны настрой у прысутных падтрымлівалі песнямі Ганна Калмыкова, Таццяна Загорцава, Галіна Сушко. Дзятва вадзіла карагод, удзельнічала ў забавах.

Па водгуках удзельнікаў, свята ўдалося. Яно пачало чараду ўрачыстасцяў, якія будуць ладзіцца для жыхароў Наваельні ў снежні і студзені.

Заззялі агеньчыкамі ёлкі і ў іншых аграгарадках Дзятлаўшчыны. Фотаздымкі рэдакцыя атрымала ад нашых пазаштатных карэспандэнтаў.

Круцілавічы

Гезгалы

Белагурна

Вензавец

Лявонавічы

 

Хвінявічы

Дварэц

Жукоўшчына

Раклевічы

Таркачы

 

Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота Аксаны АНДАЛЮКЕВІЧ і ўдзельнікаў свята