Дварэцкаму льнозаводу – 65 гадоў

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

На прыемнай, святочнай ноце заканчваецца год у працаўнікоў адкрытага акцыянернага таварыства “Дварэцкі льнозавод”. 27 снежня калектыў адзначыў 65-годдзе свайго прадпрыемства.

Так, менавіта ў снежні 1954 года была ўведзена ў строй першая паточная лінія па выпрацоўцы льновалакна, дзе працавалі толькі 16 чалавек. А сёння Дварэцкі льнозавод – сучаснае прадпрыемства, на якім заняты 309 працаўнікоў.

Каб забяспечыць сябе сыравінай у поўным аб’ёме, таварыства вырошчвае лён: мехатрад налічвае 142 адзінкі тэхнікі і апрацоўвае 3209 гектараў. Такога ў далёкім 54-ым не маглі і ўявіць!

Архівы ашчадна захоўваюць звесткі пра людзей, якія стаялі ля вытокаў вытворчасці льнопрадукцыі на Дзятлаўшчыне: першую працоўную змену ўзначальваў Міхаіл Травін, а першым дырэктарам быў прызначаны Валянцін Біцько, чый 100-гадовы юбілей адзначаўся сёлета ў маі.

У розныя перыяды на чале калектываў былі Валерый Гранкоўскі, Ігар Каліноўскі, Яўген Варган. Цяпер у склад ААТ “Дварэцкі льнозавод” уваходзіць і былы Слонімскі льзавод, якім амаль 30 гадоў кіраваў Мікалай Зязюлін. З сакавіка 2018 года прадпрыемства ўзначальвае Аляксей Зелянуха.

За мінулыя 65 гадоў завод зведаў многае: у 1969-м была распачата рэканструкцыя; у 1972-м – завершана будаўніцтва цэха па выпрацоўцы кароткага льновалакна і ўведзена ў эксплуатацыю другая вытворчая паточная лінія; у 2009-м праведена мадэрнізацыя прадпрыемства з устаноўкай новай бельгійскай тэхналагічнай лініі па вытворчасці доўгага валакна; у

2013-м усталявана абсталяванне бельгійскай фірмы па выпрацоўцы кароткага валакна.

 

Сёння Дварэцкі льнозавод лічыцца адным з буйных ільноперапрацоўчых прадпрыемстваў. У яго склад увайшла льноэкспартная база. Прадукцыя льнозавода запатрабавана ў Расіі, Літве,Чэхіі, Кітаі іншых краінах блізкага і далёкага замежжа. Па выніках працы за 11 месяцаў выручка прадпрыемства склала больш за 2 мільёны рублёў, а чысты прыбытак – 549 тысяч.

За час існавання прадпрыемства тут склаліся працоўныя сямейныя дынастыі: Спасюкоў, Зэйкан, Сямашка, Бакей, Губко, Ганчарукоў, Дошчачка. Самая вялікая працоўная дынастыяна заводзе Антанюкоў. На прадпрыемстве заняты бацькі – Аляксандр Уладзіміравіч і Алена Аляксандраўна, трое іх дзяцей – Таццяна, Людміла, Аляксандр.

У ААТ “Дварэцкі льнозавод” працуе шмат старанных, высокапрафесійных спецыялістаў. На святочным мерапрыемсве многія былі адзначаны ўзнагародамі. На сцэну раённага Цэнтра культуры, дзе праходзіла ўрачыстасць, пад дружныя апладысменты давялося падымацца больш за 70 працаўнікам: інжынерам, майстрам, вадзіцелям, трактарыстам, наладчыкам, аграномам, аператарам, апаратчыкам, бухгалтарам, грузчыкам, вартаўнікам – людзям самых розных спецыяльнасцяў, якіх аб’ядноўвае сумесная праца на заводзе.

Павіншаваў калектыў прадпрыемства з адметнай датай старшыня Дзятлаўскага райвыканкам Аляксандр Дубовік. Ён уручыў узнагароды – Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы інжынеру па ахове працы Але Хамко, майстру Наталлі Сямашка, інжынеру-тэхнолагу Алене Сямашка, майстру Святлане Герасімовіч, вадзіцелю Вадзіму Ганчаруку, трактарысту Мікалаю Сідорчыку.

Старшыня райвыканкама пажадаў калектыву плённай працы і ў новым годзе. Віншавальная эстафета была падхоплена прадстаўнікамі ААТ “Кіруючая кампанія холдынга Гроднааблсельгастэнніка”.

Запрашэнне на ўрачыстасць атрымалі і прыязджалі з віншаваннямі і падарункамі партнёры прадпрыемства — з Аршанскага льнокамбіната, ААТ “Гронітэкс”, РУП “Інстытут лёну”, “Валдзісагра”, ААТ “Аўльскае міжрайаб’яднанне”, “Слонімскі рамонтны завод”, “Дятлаўская сельгастэхніка”, “Карэлічы лён”, слонімскага філіяла “Белаграпрамбанк”.

Прыемных словаў, узнагарод у гэты дзень было шмат. А музычныя падарункі прысутным дарылі мясцовыя дзятлаўскія артысты, а таксама аматарскі калектыў “Шкляры” ААТ “Шклозавод “Нёман”.

 

Іна ЯЎСЕЙЧЫК