Акцыя “Нашы дзеці”. Анёл у нашым сэрцы

Грамадства Свежыя навіны

Мерапрыемства пад такой назвай прайшло ў рамках раённага этапу рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава.

Удзел у мерапрыемстве прынялі члены гарадскога піянерскага штаба раённага савета ГА “БРПА” з установаў адукацыі райцэнтра.

Падзяліцца на дзве творчыя лабараторыі ўдзельнікам пасяджэння прапанавала старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка. Каб уключыцца ў этафету добрых спраў, яна нагадала прысутным, што сабой уяўляе рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, на што яна скіравана, хто прымае ў ёй удзел, чым самі дзеці могуць парадаваць равеснікаў у час зімовых святаў.

Ірына Мішчанка нядаўна пабыла на рэспубліканскім семінары, што праходзіў у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Яна падзялілася ўражаннямі ад паездкі з прысутнымі піянерамі. Каб натхніць юных сяброў на цікавыя справы, старшыня раённага савета ГА “БРПА” прапанавала ім невялікі трэнінг. Для яго выкарыстала формы работы з аўдыторыяй, аб якіх даведалася на семінары.

Затым пачаўся самы адказны этап пасяджэння. Творчым лабараторыям было прапанавана распрацаваць міні-праекты, з дапамогай якіх можна дапамагчы дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, падарыць ім добры настрой у час зімовых святаў. У сваіх міні-праектах “Радасць” і “Навагодні калейдаскоп” піянеры прапанавалі стварыць для асаблівых дзяцей навагоднія падарункі сваімі рукамі, падрыхтаваць для іх навагоднюю віктарыну і правесці цікавую квэст-гульню “Дзе схаваўся Дзед Мароз?”. А калі правесці навагодні кірмаш, то сродкі ад яго можна накіраваць на патрэбы дзяцей-інвалідаў.

Напрыканцы мерапрыемства яго ўдзельнікі змайстравалі папяровых анёлачкаў і прыляпілі да іх сардэчкі з навагоднімі пажаданнямі. Любая з гэтых работ можа стаць міні-паштоўкай для дзіцяці з абмежаванымі магчымасцямі, і ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” яны разам з іншымі прапанаванымі гульнямі і забаўкамі падораць радасць і святочны настрой.

Ірына КАЎКЕЛЬ  



Теги: