У Новаяльнянскай сярэдняй школе вялікае значэнне надаюць даследчай дзейнасці.
Навучэнцы з задавальненнем прымаюць удзел у шматлікіх конкурсах, канферэнцыях, алімпіядах. Пра іх значныя поспехі добра ведаюць не толькі ў раёне, вобласці, рэспубліцы, але і за мяжой.
Вось і цяпер, калі вучні селі за парты пасля восеньскіх канікулаў, стала вядома пра новыя перамогі. Віншаванні з нагоды ўдалага выступлення на абласным конкурсе “Крыштальная Альфа” ў секцыі “Біялогія” прымаў Аляксандр Баковіч, вучань 8 “А” класа. Ён упершыню ўдзельнічаў у мерапрыемстве такога высокага ўзроўню, але не разгубіўся, выступіў удала і быў адзначаны дыпломам першай ступені. Яго даследаванне пра падрошчванне маладняку карпа і іншых рыб журы палічыла вельмі перспектыўнай тэмай. Са сваімі кіраўнікамі Сяргеем Уладзіміравічам Сокалам і Аленай Вільгельмаўнай Баковіч Аляксандр будзе працягваць работу ў гэтым кірунку.
Юны філолаг, вучань 9 “А” класа Ілья Халадкоў, таксама вярнуўся з абласнога конкурсу “Крыштальная Альфа” з добрым вынікам. За сваю даследчую работу “Структурна-семантычныя асаблівасці прагматонімаў Дзятлаўскага сырзавода” атрымаў дыплом другой ступені. Дапамагала яму ў даследаванні настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Іванаўна Варанец.
Аліса Дзірвук вучыцца ў трэцім класе, але мае ўжо даволі багаты вопыт удзелу ў розных конкурсах. Вясною гэтага года яна стала пераможцай раённага конкурсу “Я – даследчык”, была запрошана на абласны этап. Яе работа “Расадныя прамудрасці” атрымала высокую ацэнку журы і ўзнагароджана дыпломам трэцяй ступені. Дзяўчынка не збіраецца спыняцца на дасягнутым. А вялі яе да поспеху настаўніцы Таццяна Іванаўна Гузоўская і Антаніна Аляксандраўна Каўцэвіч.
З Санкта-Пецярбурга вярнулася з узнагародай і Дар’я Трубко, вучаніца 11 класа. Яшчэ летам яна разам з выпускніком нашай школы Яўгенам Анушкевічам прыняла ўдзел у конкурсе, прысвечаным дзейнасці святога Іаана Кранштацкага. Гэтай тэмай навучэнцаў зацікавіла Тамара Уладзіміраўна Крывеня, кіраўнік школьнага музея “Дзеці ліхалецця”. Сабралі і сістэматызавалі матэрыял для конкурсу, знялі відэаролік, а ў жніўні даведаліся, што сталі пераможцамі. Дар’ю запрасілі ў Санкт-Пецярбург, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі ўзнагароду. Дзяўчынка задаволена паездкай і лічыць, што праваслаўныя каштоўнасці – важныя арыенціры на жыццёвым шляху моладзі.
Вучань 8 “А” класа Аляксей Загорцаў на працягу некалькіх гадоў удзельнічаў у алімпіядах па асновах праваслаўнай культуры. На благачынным этапе, прысвечаным Серафіму Сароўскаму, ён заняў першае месца і разам з чатырма ўдзельнікамі выступіў на епархіяльным этапе, што праходзіў у гарадскім пасёлку Мір. Адтуль вярнуўся задаволены, бо мае на сваім рахунку тры прызавыя месцы. Аляксей вельмі ўдзячны кіраўніку школьнага музея “Дзеці ліхалецця” Тамары Уладзіміраўне Крывеня, якая рыхтавала яго да алімпіяды.
Віншуем удзельнікаў конкурсу з заслужанымі ўзнагародамі і спадзяёмся, што яны яшчэ не раз парадуюць сваімі дасягненнямі.
Члены гуртка “Юны журналіст” Новаяльнянскай сярэдняй школы і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава