Што чакаюць дзятлаўчане ад новаабраных дэпутатаў?

Важнае Да ведама грамадзян

Міхаіл Ступчык, начальнік Дзятлаўскага раёна электрычных сетак:

– Сёння я прыйшоў рэалізаваць сваё права выбару нашай будучыні. Я галасую за мудрыя рашэнні, якія дазволяць нам рухацца наперад, набываць упэўненасць у будучыні, спадзявацца на самыя найлепшыя перспектывы для нашага народа. Я лічу, што выбраў чалавека, які будзе падтрымліваць развіццё нашага раёна ў бліжэйшыя гады, рабіць усё для паляпшэння дабрабыту дзятлаўчан.

Сяргей Малышчык, грамадскі інспектар па ахове працы раённага аб’яднання прафсаюзаў, наведаў Ленінскі выбарчы ўчастак для галасавання з жонкай Галінай Віктараўнай:

– Я ўпэўнены, што ў склад новага Парламента ўвойдуць высокаадукаваныя людзі, сапраўдныя прафесіяналы, – адказаў на пытанне пра якасці  новаабраных дэпутатаў Сяргей Уладзіміравіч. – Яны будуць належным чынам клапаціцца як пра ўнутраную, так і пра знешнюю палітыку нашай дзяржавы.

На Дварэцкім участку № 8 галасаваў  старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

Для яго гэты дзень адметны яшчэ і тым, што на 17 лістапада прыпадае і дзень выбараў, і прафесійнае свята аграрыяў – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Карыстаючыся выпадкам, Уладзімір Фёдаравіч павіншаваў усіх, хто заняты ў сельскай гаспадарцы і на перапрацоўчых прадпрыемствах, са святам, пажадаў далейшых поспехаў і важкіх набыткаў.

А новаабраныя дэпутаты, спадзяецца, будуць працаваць без папулізму, на карысць росквіту дзяржавы, павышэння дабрабыту вяскоўцаў.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК



Теги: