Шчасце, памножанае “на пяць”

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Алёна і Дзмітрый Сухецкія – маладыя бацькі пяцярых цудоўных дзетак.

У гэтай сям’і лічаць, што сямейнага шчасця не трэба чакаць, яго трэба ствараць агульным жаданнем і ўласнымі намаганнямі. Каб даведацца пра іх сямейныя традыцыі і побыт, пра тое, як жыве маладая шматдзетная сям’я і як выхоўваюць яны сваіх дзетак, я накіравалася ў Войневічы.

– Дзмітрый і Алёна, раскажыце, як вы пазнаёміліся?

– Мы разам вучыліся ў Горкаўскай сярэдняй школе, дзіўна, што на працягу ўсёй вучобы адзін да аднаго адносіліся па-сяброўску. Каханне да нас прыйшло адразу пасля заканчэння школы, зусім нечакана. Вельмі хацелася зберагчы свае пачуцці, таму ў хуткім часе вырашылі стаць сям’ёй.

Калі мы пажаніліся, то меркавалі аб тым, што каханне наша толькі ўзмоцніцца, калі народзіцца дзіця, але і падумаць не маглі, што шчасце быць бацькамі жыццём памножыцца на пяць.

– Алёна, вы самі са шмат­дзетнай сям’і?

– У маіх бацькоў двое дзяцей – я і мой брат. У кожнага з нас свая сям’я, мы часта сустракаемся, заўсёды дапамагаем адзін аднаму. А вось у мужа сям’я шматдзетная. Шматдзетнай была і сям’я маёй матулі. Нашы бацькі праз усё жыццё прайшлі поруч. Яны нас вельмі любяць, заўсёды падтрымліваюць, дапамагаюць, а пра сваіх унукаў кажуць, што гэта вялікае шчасце.

– Алёна, раскажыце пра сваіх дзетак.

– Усе нашы дзеці жаданыя, кожны з іх па-свойму ўнікальны, з кожным я атрымліваю бясцэнны вопыт мацярынства.

Першая дачушка нарадзілася, калі мне было васямнаццаць гадоў. Ангеліна адзіная дзяўчынка ў нашай сям’і, ужо школьніца. З яе нараджэннем, вядома, я змянілася: стала больш адказнай, прыйшло яскравае ўсведамленне таго, што цяпер я адказваю не толькі за сябе. Ангеліна спакойная, разважлівая, вельмі чулая і ветлівая. У ёй дзіўна спалучаюцца творчы парыў і ўменне даводзіць пачатую справу да канца. З ёй можна пра ўсё дамовіцца, шмат што даверыць.

З кожным новым мацярынствам пачуццё адказнасці толькі ўзмацнялася. Калі нарадзіўся сынок, я ўпершыню адчула сябе мамай хлопчыка, вельмі ўзрадавалася гэтаму. Івану цяпер дзявяты год. Ён спакойны хлопчык, але, калі трэба, можа пастаяць за сябе і адстаяць свае інтарэсы. Актыўна ўключаецца ва ўсе справы, яго не трэба ні пра што прасіць, ён сам бачыць, дзе патрэбна яго дапамога. Адзін час Ваня марыў стаць вадзіцелем міжнародных перавозак, апошнім часам усё больш цікавіцца сельскагаспадарчай тэхнікай, гаворыць, што стане, як тата – механізатарам.

Трэцяму, Марку, ужо восьмы год. Менавіта з яго нараджэннем я атрымала магчымасць адчуць сябе шматдзетнай мамай. Марк любіць маляваць, радуе мяне сваім дзіцячым мастацтвам.

Раману пяць гадкоў, ён часта прастуджваецца, па рэкамендацыях дактароў знаходзіцца на хатнім рэжыме, а таму пад маім штодзённым наглядам. Безумоўна, у дамашніх клопатах – ён мой першы памочнік. Самаму меншаму, Герману, крыху больш за год. Гэта наш пестунок, цэнтр сямейнай увагі і пяшчоты.

– Адной, напэўна, вельмі цяжка спраўляцца з сямейнымі абавязкамі. Хто вам дапамагае?

– Калі неабходна дапамога, першымі на выручку прыходзяць нашы бацькі: за гэта ім вялікі дзякуй і нізкі паклон.

Вельмі важным лічу тое, што мы з мужам пароўну размяркоўваем паміж сабой шматлікія бацькоўскія абавязкі. Зразумела, што з пяццю дзецьмі без форс-мажораў не абыходзіцца, аднак, калі дзеці жывуць па ўсталяваным рэжыме,  гэта дазваляе захоўваць спакой і гармонію ў сям’і.

– Раскажыце, Алёна, як з такой колькасцю клопатаў вам удаецца знаходзіць час для сябе.

– Добра выглядаць зусім нескладана. Заўсёды можна знайсці час, каб заняцца сабой, было б толькі жаданне. Безумоўна, тут не абысціся без ранняга пад’ёму і актыўнага ладу жыцця. Яшчэ лічу, што ніколі не трэба сумаваць, а ўменне радавацца кожнаму, нават самаму нязначнаму, імгненню – увогуле дэвіз майго жыцця. Прыгожая, шчаслівая, здаровая  матуля – гэта гонар дзяцей і іх штодзённы спакой.

– Чаму навучыла вас мацярынства?

– Мацярынства навучыла мяне самаму галоўнаму – бачыць і разумець, што ў жыцці сапраўды важнае, а што можна аднесці на другі план. Быць мамай – нялёгкі шлях, поўны клопатаў, перажыванняў, адказнасці, накіраваны на тое, каб маленькі чалавек, якому ты падарыла жыццё, навучыўся з тваёй дапамогай жыць самастойна.

– Алёна, вы працуеце ў мясцовай гаспадарцы, сумуеце па працоўных буднях?

– Я вельмі сумую па калектыве. На работу планую выйсці раней, чым закончыцца дэкрэтны водпуск.

– Многія лічаць, што шматдзетныя мамы ставяць крыж на сваім уласным жыцці, асобасным росце, падарожжах, працы, захапленнях. Што вы думаеце пра гэта?

– Я лічу, што ўяўленне аб шматдзетных сем’ях у грамадстве не зусім дакладнае, і яго трэба змяняць. Быць шматдзетнай сям’ёй  – гэта выдатна, цікава, весела. Часта ў мяне пытаюцца аб уласных інтарэсах, маючы на ўвазе, што на іх мне не хапае часу. Я гляджу на гэта па-іншаму: калі вы самі чымсьці глыбока захопленыя, то дзеці з задавальненнем пойдуць услед за вамі, перарастуць вас, а потым за сабой яшчэ і падцягнуць. Вельмі многія шматдзетныя сем’і падарожнічаюць, займаюцца бізнэсам, выглядаюць паспяховымі і прыгожымі. Дзеці не толькі не перашкаджаюць поспеху ў бізнэсе, прафесіі і ў асабістым развіцці сваіх бацькоў, яны з’яўляюцца стымулам для будучых іх поспехаў.

– Якая яна – радасць шматдзетнага мацярынства?

– Немагчыма коратка апісаць тую радасць, якая надыходзіць са з’яўленнем дзяцей. Як быццам усё ў жыцці асвячаецца і набывае новы сэнс. Быць мамай – самая сапраўдная праца, а праца любіць сваіх дзяцей – гэта самая прыемная праца ў свеце. Складанасцяў, вядома, не пазбегнуць, але яны здараюцца і з адным дзіцём, і з двума, і з пяццю. Шматдзетная сям’я – гэта не толькі і не столькі цяжкая праца, колькі шчасце для бацькоў і самой жанчыны, якой Богам прызначана кахаць, працягваць свой род, быць маці і дарыць дзецям сваю пяшчоту і клопат.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ